Але маці хацела ўсё ведаць — як пра дзяцей, так і пра ўнукаў, ёй здавалася, што яны там робяць нешта не так, як трэба, што не раяцца са старымі бацькамі, усё хочуць жыць сваім родумам, таму і жывуць не так, як трэба, таму ў іх і ўсякіх-усялякіх напасцяў аж задужа. А яшчэ — што ў царкву не ходзяць, Богу не моляцца. Але што ў царкву? Цяпер сваіх багоў напрыдумлялі, вунь як яе зяць Анупрэй. Збяруцца кампаніяй і моляцца, Біблію чытаюць, а потым — віно п’юць. Дома нічога не глядзіць. Вунь у хляве страха цячэ, то накрывае сена плёнкаю з сярэдзіны, гніе сена, а страхі не паправіць. Веранду падшыць ужо дзесяць год збіраецца, і тут страха цячы пачынае. Падлога не пафарбавана, шпалеры паклеіць Жэні няма з кім, мо дзеці з Мінска прыедуць ды памогуць. Цяпер трохі менш п’е, але ўсё роўна сварыцца, крычыць: куры на дварэ корміце, зерне на зямлю сыплеце! Чаму карову не так корміце, чаму застаецца ў жолабе? Трэба каб усё з’ела, нават цыбуры. А не хоча — хай стаіць, пагаладае — даесць... Пчолы прыбіліся, распладзіліся, было тры вуллі, дык сталі прападаць. Адзін вулей у хату ўнеслі на зіму, а другі застаўся — кажа, што ўцяпліў. Але не той бок уцяпліў, пчолы і пагінулі. Не любяць пчолы, што ад яго бензінам дыхціць, ды і віном таксама. А тут яшчэ гэтае пратручванне пустазелля... Нічога не выходзіць з пчолаў... Гаспадар — не дай Бог такіх бачыць. Карова яго баіцца, куры баяцца, нават каты ўцякаюць, як яго ўгледзяць... Летась ішоў п’яны, а якраз цялушку заганялі. Ён стаў на праходзе пры плоце і стаіць, як пень — як знарок. Ледзь прагналі тую цялушку, так яго баялася. Потым прыходзіць, здымае туфель — ды бух Жэні па галаве, я крык узняла — дык ён і мне, я і абсунулася. Жэня крычыць: яшчэ раз падымеш руку — пайду ў міліцыю, у суд, хай даюць рады... А як раней сядзеў дзесяць сутак, дык стараўся перад начальствам падлізацца, перабраў пракурораву машыну, зрабіў яе як новую... А грошай Жэні не дае, калі часам дробнае што купіць — і ўсё, як іх і не было. Дык Жэня павінна была дзве стаўкі браць: здароўе надарвала, ціск падымаецца, збіраецца кідаць тую работу — нейкаю тэхнічкаю там робіць у канторы, дзе і Анупрэй шафёрыць.
Зачапіла маці і ўнучак, стала расказваць пра адну, другую, трэцюю. Жэня крывілася, але выслухоўвала, не перабівала, часам і сама што дадавала:
— Гэта ж во, самая меншая мая, Наташка, замуж выскачыла — за жанатага, яшчэ не развядзёнца, жонка разводу не дае. Пазнаёміліся недзе ў гарах, альпіністы, ён нават нейкі інструктар, водзіць групу. Збіраюцца аж на Памір — абое. Навошта ім той Памір здаўся — адзін Бог ведае. А жывуць асобна — яна ў інтэрнаце, а ён на кватэры. Разводу трэба чакаць тры гады — па законе. Ад яго бацькі адракліся, не пішуць, не прыязджаюць. Яны, мусіць, і багатыя, нейкія па гандлі ці дастаўцы. А тут ім сынок новую нявестку знайшоў...
Наташка слухала, што пра яе матка кажа, чырванела, усхоплівалася з месца, потым вярталася — перажывала.
— Мо і не трэба было табе, Жэня, нам расказваць гэтую гісторыю з Наташкай, бачыш, як ты яе ўразіла? Дзяўчына сама не свая, — зазначыў як між іншым Янка.
— Ты праўду сказаў, што не свая, а ўжо невядомая чыя. Навошта ёй чужы муж? Хіба мала вольных хлопцаў? Не, знюхалася ў тых гарах, пагрэліся! Цяпер ім будзе цёпла, як стануць жыць па чужых кватэрах, а ён яшчэ аліменты будзе плаціць на дваіх дзяцей.
— А гэтая дзяўчынка не яе, што з ёю гуляе? — спытаўся Янка.
— Не, гэта старэйшае, тая ж таксама ў Мінску, на чужой кватэры дзяцей гадуе. Усё грошы на кааператыў збіраюць, апошнія сілы кладуць. А тут ад нас пры такім гаспадары якая дапамога? Ніякай! Тут і сабе не хапае, а не яшчэ дзецям памагчы, як ім трэба. Адзінае, што яшчэ карова нас корміць — ды яшчэ кабанчыка ў год раз заколем, гэтым і жывём. Праўда, цялушачку нядаўна здалі ў калгас, то трохі дапамога была...
Тут на дварэ паказаўся хлапчук на гадоў дзесяць-дванаццаць, Янка яго бачыў год назад, і тады ён быў яшчэ маленькі, як вузельчык, а тут падлетак ужо, глядзі, стане хутка і на дзяўчат заглядацца.
— Сынок, ідзі палуднаваць, ты ж галодны з самага ранку, дзе ты быў? — загаварыла Жэня да сына Алега, які быў самы малодшы ў яе сям’і, перад ім ішлі тры дзяўчыны, пра якіх вось яны тут гутарылі.
— Мамка, дзякую, мо потым, я не галодны, — адмовіўся хлопец і пачырванеў. На матку ён быў зусім не падобны, хутчэй на бацьку.
Тут яшчэ Янкава маці дадала трохі пра ўнука:
— Бацька называецца! Хлопца зусім замэнчыў — па дзесяць вёдраў вады цягаць прымушае, цэлую бочку. А цяпер салому ўсім вазіў, то хлопец машыну таптаў — адну, другую, трэцюю, — дык ужо зусім ашлягнуў. Рука пачала тузацца, вока левае скакала, да доктара вазілі...
Читать дальше