Усе былі проста як аглушаныя — і маўчалі. Першы апамятаўся Янка, і мо таму, што ў гэтай задуме яму належала першая роля. I паколькі першым ён мала калі быў і мала да гэтага рваўся, дык яго трохі ўкалола тое, што яго, не спытаўшыся, хочуць пасадзіць на белага каня. Па той народнай показцы: не ўмею ні пісаць, ні чытаць — хочуць за караля абраць. Мо каб Рагнеда параілася з ім, каб хоць сказала аб сваёй задуме, ён, падумаўшы, мог бы з усякімі агаворкамі і згадзіцца, але так раптоўна, як гром з яснага неба? Яго проста разабраў смех, і ён разрагатаўся, і ўжо на яго глядзелі як на ненкага калі не дзівака, дык парушальніка парадку — этыкету: тут гаворыць чалавек пра сур’ёзныя рэчы, а ён выскаляецца! Хіба ж так можна? Нарагатаўшыся, ён сказаў, як заклікаў усё роўна:
— Апладысменты! Прашу апладысменты нашай прамоўцы, мецэнатцы, фундатарцы, папулярызатарцы і гэтак далей спадарыні Рагнедзе, якая хоча ўвекавечыць сціплую постаць свайго мужа і пабудаваць яму музей пры жыцці, як бы ён там ні выглядаў — ці як хатка на курынай назе, ці як замак Радзівілаў.
Рагнеда, відаць, пакрыўдзілася, таму маўчала — нават надзьмулася, маці мо шмат чаго не зразумела з таго, што сказаў Янка, і таму таксама як чакала працягу размовы, таму першай азвалася на яго смех і такія модныя чужыя словы яго сястра Жэня:
— Што ты зубы прадаеш, братко, як блазан? Што смешнага ты пачуў? Тут якраз не смяяцца, а плакаць трэба. Над тваім лёсам, над нашым, а ты рагочаш, як п’яны, хоць сёння мы, дзякуй Богу, і не пілі.
— А што, табе не смешна? Ты пастаў сябе на маё месца, дык і табе будзе смешна. Ніколі я пра ніякія ўшанаванні самога сябе не думаў і думаць не збіраюся. Калі я нешта варты — хай потым што робяць, калі не — тым болей не трэба загадзя агарод гарадзіць.
— Калі ўсе так будуць разважаць, у нас ніколі культуры не будзе, а будзе роўнае поле, зарослае пустазеллем, без ніякага знаку, нібы тут і людзі ніколі не жылі, нічога не збудавалі, нічога не мелі, — далучылася да Жэні Рагнеда. — А ў сціплага гуляеш мо па сваёй ляноце: навошта табе лішні клопат? Гэта ж твой лозунг: навошта мне лішні клопат?
— Правільна! Навошта ён мне лішні? Мне і запланаваных клопатаў хапае. Лішніх я не хачу мець! — пачаў ужо злаваць Янка.
— Што, літаратура — гэта лішні клопат? Ты пра яе не дбаеш? А колькі ты людзей вывеў у літаратуру, памог маладым знайсці сваю дарогу, свой голас? Гэта быў запланаваны клопат, як ты кажаш? — прыпірала Янку да сценкі Рагнеда. — Аддай сэрца людзям — усё, без астатку! Тады ты нешта значыш, а калі ты вымяраеш: адгэтуль дагэтуль — мае, а там, чые хочаце, — так ты шмат не зробіш, даражэнькі, і сапраўды цябе не стануць увекавечваць, знойдуцца іншыя — і іх увекавечаць, бо яны аддалі сэрца людзям без астатку, згарэлі на працы — у імя ідэі, калі хочаш ведаць. А ты ў імя ідэі не хочаш паварушыць лішні раз і пальцам. Навошта табе лішні клопат?
Сапраўды, Рагнеда ўлавіла слабае месца ў Янкавай абароне і пачала яго разбіваць па частках — па-ротна, па-батальённа, дабярэцца і да штаба, да галоўных яго козыраў: што ён такі ўжо абыякавы да таго, што пра яго скажуць — ну проста, як той Людовік некаторы, які казаў, што пасля нас — хоць патоп. Ці, прасцей, наша, беларускае: пасля нас хоць трава не расці... Не такі ўжо ён абыякавы, і рады ён быў бы, каб яго хвалілі, як якога Караткевіча, ды што зробіш, калі яму, Янку, далёка да яго, вунь як далёка! Але ж Караткевіч выкладваўся да астатку, сілаў сваіх не шкадаваў, па начах не спаў, пісаў. А пакуль пачаў пісаць, колькі ён кніжак перачытаў, колькі ў архівах выседжваў, у бібліятэках. Ён не казаў, што не трэба мне лішняй работы, усякая работа яму была патрэбна, не была лішняю. Таму і зрабіў ён шмат, і зрабіў так, што на вякі застанецца. Вось ужо хто сапраўды аддаў сэрца людзям, дык гэта Караткевіч! Ці той жа Васіль Быкаў! А ты ж іх, Яначка, рэдагаваў, вучыўся ў іх, ды слаба, відаць, вучыўся, што не дагнаў іх, не хапіла табе пораху...
— Беларуская ідэя для мяне, — ужо спакойна гаварыў Янка, — не лішні клопат, не перабольшвай, для яе я не пашкадую сілы, будзь пэўна... Але распыляцца не хачу, разменьвацца на дробязі — не буду. Я сур’ёзны чалавек, можа, гэта і дрэнна, але гэта так... Урэшце, што скажа на гэта маладое пакаленне? — звярнуўся Янка да пляменніцы Наташы, якая пераважна маучала, толькі пераводзіла позірк на тых, хто спрачауся, хто гаварыў, часам усміхалася сама сабе.
— Я ў гэтым не вельмі разбіраюся, але, мне здаецца, што цётка Рагнеда гаворыць праўду. Кожны чалавек павінен пакінуць пасля сябе добры след. Каб людзі пра яго памяталі, калі ён заслужаны — каб у яго вучыліся, бралі прыклад. Не думайце, што з вас не бяруць прыклад, у школе пра вас часта гавораць, на уроках літаратуры настаўнікі часта вас успамінаюць...
Читать дальше