Уладзімір Караткевіч
Трошкі далей ад Месяца...
Драма ў чатырох дзеях, шасці карцінах
Багуслаўскі Алесь Пятровіч– галоўны архітэктар горада.
Ганна Вадзімаўна– яго жонка.
Сяргей– студэнт 1-га курса філалагічнага факультэта.
Янка– хлопчык дзевяці год.
Наташа Яскевіч– знаёмая Сяргея.
Альжбета– старая нянька ў доме Багуслаўскіх.
Вярыга Максім Канстанцінавіч– стары сябра Багуслаўскага.
Бяскішкін Авяр’ян Аркадзевіч– знаёмы Багуслаўскага.
Любоў Трахімаўна– яго жонка.
Анэля– аднакурсніца Сяргея.
Дзея адбываецца ў невялікім, але і не малым горадзе, на працягу чатырох дзён.
Кухня ў кватэры Багуслаўскага. Дзверы, справа, вядуць у другія пакоі. Газавая пліта. Шафа для пасуды. Стол. Іншыя кухонныя прылады. Але сёння ў кухні змены: пасярэдзіне пакоя стаяць дзве раскладушкі. На адной спіць Сяргей, на другой – Янка. Раніца. У вялікае акно прабіваюцца першыя праменні зімняга сонца. Ружавеюць марозныя ўзоры на шыбах.
Сяргей (узнімае з падушкі ўскудлачаную галаву і аглядаецца). Спяць усе. Мароз. Сонца. (Пазяхнуў.) “На акне, сярэбраным ад інею, быццам хрызантэмы расцвілі”. (Апускае галаву на падушку. Хвіліна маўчання.) Янка! Янка! “Ўставай, лайдак, маліся Богу”.
Янкане чуе.
Уставай, пракляццем катаваны,
Паўстань, хто з голаду век пух.
Янкаварухнуўся і схаваў галаву пад падушку. Сяргей спявае яшчэ галасней:
Кіпіць наш разум збунтаваны,
Няволі кліча рваць ланцуг.
Янкамаўчыць, і тады Сяргейкідае ў яго падушкай.
Янка. Ну, Сяргей, ну, пакінь... Чаго ты?
У Янкуляціць другая падушка.
Сяргей. Уставай, вісус.
Раззлаваны Янкаўзняўся і кідае падушку ў Сяргея. Пачынаецца запеклы бой падушкамі. Зазвінела пасуда ў шафе.
Цс-с-с.
Усе падушкі ў Сяргея.
Янка. Сяргей, аддавай падушку.
Сяргей. Хадзі сюды. Я цябе мучыць буду.
Янкаўстае і ў адной сарочцы, босым, перабягае па падлозе да Сяргея.
Янка. С-с-а! Цёпла ў цябе... Чаго ты, свінтух, спаць не даеш?
Сяргей. Янка, ты ў сне хамхамхіну не бачыў?
Янка. Гэта хто?
Сяргей. Стра-ашная такая! Вось такая!
I раптам кідаецца на Янкуі пачынае кусаць яго. Валтузня. Янкавішчыць. I раптам з-за дзвярэй голас Альжбеты.
Альжбета. I што гэта за залатая рота? Бандысты нейкія!
Сяргей. Цс-с!
Абодва замерлі.
Альжбета. Заціхнулі, як мыш пад венікам. Ціха! (Бурчыць нешта.)
Янка (ціха). Гэты, з-за якога нас на кухню выставілі, гэта стары знаёмы бацькі? Нешта я яго ніколі не бачыў.
Сяргей. Мгм. I я нават не бачыў.
Янка. Яшчэ па грамадзянскай?
Сяргей. Ага. Ім тады па шаснаццаць год было, а яны ваявалі. Максім Канстанцінавіч нават палком камандаваў. Як Гайдар.
Янка. Гайдара чыталі, як жа... А што, нельга было ў гасцінай нашы ложкі паставіць?
Сяргей. Яны, брат, ведаюць, што мы раніцай такі вэрхал падымем, што мёртвыя прачнуцца.
Альжбета (уваходзячы ў кухню). Завяліся з раніцы. На малым шкура гарыць, а дарослы вялікая бамбіза і дурная як бот.
Сяргей. Альжбеце Францаўне маё віншаванне. Дазвольце пані ў рончку плюснуць.
Янка. Бабулечка мая! Нянечка! Пагавары са мной.
Альжбета (усміхаецца). Як?
Янка. Скажы: “А на табе, дзетачка, аладачку”.
Альжбета (смяецца). Ох ты, каток мой. Уставайце, мае галубочкі. Усё зараз будзе. Мыйцеся чысценька, прыбірайце ложкі.
Хлопцыўстаюць, апранаюцца.
Толькі ціха. Госць яшчэ спіць, здарожыўся. Далёкі ў яго быў шлях, вельмі далёкі. Трошкі далей ад месяца, трошкі бліжэй ад сонца.
Сяргейвыносіць ложкі. Янкапачынае ўмывацца. Альжбетаканчае ўкладваць валасы, яшчэ густыя, каштанавыя.
Шмат год не бачыліся. Шмат. А хутка яму зноў – на колы.
Сяргейчысціць зубы.
Досыць табе, Янка, пялёскацца. Блішчаць занадта будзеш. Сарока ўкрадзе... Учора табе, Сяргей, твая халтама званіла. Казала, што сёння прыйдзе.
Читать дальше