3 аднаго боку, яна магла цаніць яго як пісьменніка. Дачка знайшла сабе пісьменніка! Гэта не так проста ў наш час. Афіцэра можна хутчэй, як яе малодшая Альбіна, а вось каб пісьменніка, дык тут складаней. Хоць за другім разам... Ну, няхай ён там сярэдні пісьменнік, зорак з неба не хапае, на грудзі сабе не вешае, на пагоны таксама, бо ў яго тых пагонаў няма, як у Альбінінага мужа, але ўсё ж такі... Да таго ж зямляк, разам вучыліся, аказаўся хлопец з галавою. Хоць і выпіць любіць, і да дзевак схадзіць ахвотнік. Гэта яна чула з чужых слоў і не была ўпэўнена, што так яно і ёсць, што гэта чыстая праўда, мо хто знарок чэрніць чалавека, зайздросціць яму ці мае якую злосць. Але ж, як кажуць, дыму без агню не бывае. А яго адносіны з першаю жонкаю, яго ўцёкі з сям’і — да яе дачкі... Смерць былое жонкі праз год ці колькі... Таксама нейкая таямніца, нейкая загадка. Але там яна ўжо не разбярэцца, ды і не яе гэта клопат. Хай будзе на яго сумленні, можа, ён вінаваты, а можа, і не, Бог яму суддзя. Можа, і яе дачка мае тут нейкую долю віны, цяжка сказаць... Дачка малюе яго ружовымі фарбамі, усяляк абараняе: яна яго лепш ведае, чым іншыя, яна тое, яна гэта... Але хто можа ведаць чалавека, калі ён прайшоў вунь якую дарогу адзін ці з кім, пакуль стаў побач з табою? Ды што тут вельмі разважаць, шукаць нейкія канцы? I ў яе, і ў яго дарога ўжо напалову пройдзена, а якая яна была дагэтуль — адны яны ведаюць. А якая будзе далей — ніхто не ведае. А мо так і лепей...
Зноў на ганку пачуўся Рагнедзін голас:
— Янка, дзе ты? Чакаем!
— Іду! — адказаў Янка і пакіраваў да калодзезя, памыў рукі і твар. Рукі ў яго загрубелі, былі паабіваныя, падрапаныя, як у якога няўдалага работніка, нават з чорнымі паддужкамі пазногцяў. Так яно і было: рукі таксама праходзші практыку, вучыліся нанова — і не усе ішло гладка.
У хаце пахла гатаванымі стравамі, хоць пераважаў кроп. Была смажаная бульба з яйкамі, яшчэ нешта — як боршч: хоць расперажыся.
Янка сеў на сваё месца, маці дастала няскончаную пляшку віна, наліла яму чарку — аднаму.
— Чым гэта я так заслужыў? — здзівіўся Янка і зірнуў на Рагнеду. Тая толькі хітра ўсміхнулася, нібы ведала нейкі сакрэт, але не хацела яго выдаваць.
— Сёння ты вельмі ўжо стараўся, — сказала маці. — Рагнеда проста хацела ісці цябе пацалаваць за такое старанне.
— Мне здаецца, я сёння махаў сякераю, як і ўсе разы, — адказаў Янка. — Мо трохі прывыкаю, спрытней рукі ходзяць — гэта іншая рэч. То дзякую, за ваша здароўе, — сказаў ён і павеў чаркаю — ад маткі да дачкі.
Выпіў, пахваліў віно і стаў закусваць. Еў не спяшаючыся, добра перажоўваў, як па парадзе дактароў, хоць гэта ў яго атрымлівалася само сабою. Ён быў павольны ў ядзе, як і ў працы, нібы з таго анекдота: пан наймае работнікаў, але адразу садзіць іх за стол і дае есці. I тых, хто першы з’ядаў сваю норму, браў на працу, Але часам хто спяшыць, той людзей смяшыць — ёсць і такая прыкмета.
— Я вось паглядзела на твае рукі, Янка, ды ўспомніла адзін выпадак, які са мной быў даўно, яшчэ за польскім часам, як мы тут жылі, покуль нас на захад не перакінулі.
— Раскажы, мама, нешта я не памятаю, — папрасіла Рагнеда, яна сядзела побач з Янкам і сёрбала боршч з глыбокай талеркі.
— Было так. Бралася ўжо на вечар, шарэць пачало. Дома я чамусьці была адна. Раптам на дварэ тупат ног, нехта стукае ў дзверы, я адчыніла — бачу, два маладыя хлопцы, апранутыя як вясковыя, у простай вопратцы. Павіталіся ды просяць: мо дасце нам чаго павячэраць, вось колькі ў дарозе, стаміліся. Я запрасіла іх на кухню, наліла па місе вось такога баршчу, пакідала назаўтра, дала хлеба. Яны шапкі паскідалі, ядуць і хваляць. Ды кажуць, што гэта ж яны ідуць за мяжу, у Саветы, тут ім жыцця няма. Сталі лаяць польскія парадкі, хваляць савецкія. Гавораць па-беларуску, але нейкія яны як надта выгладжаныя для вясковых хлопцаў. Я толькі глянула на іх рукі і падумала: не, хлопчыкі, рукі ў зас не сялянскія, не такія, як вось у Янкі, хай ён толькі не пакрыўдзіцца. Hi стала я ім паддакваць, кармлю іх і думаю: выбірайцеся вы хутчэй адгэтуль, ніякія вы не палітыкі, што ўцякаюць ад паноў у савецкі рай. Тады я i caмa верыла ў тое, што нам па радыё гаварылі з Мінска і Масквы. Павячэралі яны і пайшлі. Потым стала вядома, што гэта былі пераапранутыя паліцыянты, якія ішлі па слядах нейкіх уцекачоў і заходзілі па дарозе да сяго-таго: а раптам і клюне хто на іх кручок?
Скончыўшы пра сябе, яна пачала пра мужа — як яго ўзялі паны на заметку, што ён быў камандзірам у Чыр вонай Арміі... У іх была нянька, даглядала дзяцей. Чагосьці трапіла ёй у рукі фатаграфія Паўлавіча ў вайсковай форме, яна павесіла яго ля свайго ложка і ўсім казала, што гэта яе нарачоны. I вось гэты амаль што жарт перарос у сур’ёзную справу: яго і ўсю іх сям'ю выслалі адгэтуль на Палессе, недалёка ад Картуз-Бярозы. Але і там яны доўга не пажылі, іх зноў перакінулі на захад, ажно на Пазнаньшчыну, на мяжу з Германіяй. Бацька па-ранейшаму настаўнічаў, а яна сама вяла ў школе ручную працу, вучыла дзяўчынак вязаць-вышываць і ўсякаму іншаму, што ім трэба ведаць у жыцці.
Читать дальше