— Яна жыве на адну палкоўніцкую зарплату, ды яшчэ на тваю гаспадарку, на тваю пенсію — і ёй ўсё яшчэ мала. I ты верыш, што яна бяднейшая за мяне, што ёй трэба даць бульбы, яблык, агародніны, каб хаця яны не галадалі? — пыталася Рагнеда.
— Я не гэтулькі магу расказаць пра цябе, але не буду пры Янку, бо сорамна стане і табе, і яму. Яшчэ раз кажу: не вучы мяне жыць, я ўжо вучаная, глядзі, каб сама ў дурнях не засталася. Чаго ў цябе першы муж піў? Ты забылася? Глядзі, каб і другі не пайшоў па яго слядах, не ў крыўду Янку будзе сказана.
Яна завярнулася і пайшла ў хату, пакінуўшы іх адных.
Янка і Рагнеда яшчэ пастаялі на ганку, не ведаючы, куды кіраваць, ды рашылі, што сказанага даволі, каб зрабіць для сябе пэўныя высновы.
— Будзем лічыць, што гутарка павінна мець нейкі пазітыўны зрух. Хоць яна і не была надта прыемнаю для абодвух бакоў. Як ты лічыш, Рагнеда? — звярнуўся Янка да жонкі.
— Праўда не заўсёды прыемная рэч, яна вочы коле, — адказала Рагнеда. — Але без яе, як без паветра, нельга жыць. Яна патрэбна.
На гэтым яны і скончылі доўгую размову.

VIII
Панядзелак выдаўся зранку пахмурным, і куды паверне — на пагоду ці на дождж — цяжка было вызначыць. Снедалі на кухні, маці выгаворвала ім, што ўчора не купілі хлеба. Пра ўчарашнюю спрэчку нешта не гаварылі, як асцерагаліся, каб не было працягу.
Настрой адпавядае пагодзе, ці пагода настрою, — вырашыў Янка. Але трэба брацца за работу, то і настрой можа паправіцца — і пайшоў секчы дровы. Доцікі, пакалкі, аполкі, цурбаны сек і калоў, скідаў у кучку, а потым, як збіралася шмат, насіў у адрыну і складаў ля высокай сцяны, каб прасыхалі. Секчы дровы ён любіў, гэты занятак ведаў з маленства, як толькі мог моцна трымаць сякеру ў руцэ, каб яна часам не вырвалася і не параніла ног. Такіх здарэнняў у яго не было, толькі аднойчы, ужо дарослым хлопцам, ён рассек сабе насок левага бота, а каб гэта вясною, ды быў босы, дык меў бы добрую цацку.
Калі ўсё гладка ішло, дык і час ляцеў непрыкметна, толькі правая рука рабілася нейкая цяжкая і непаваротлівая, не такая, як напачатку. Секучы, думаў пра рукапіс, які ён па вечарах ужо пачытваў. Знаходзіў шмат вучнёўства, неспрактыкаванасці, браку прафесіяналізму. Занадта смелыя яны хлопцы, што ўзяліся за такую «тоўстую», вялікую працу. Дзеянне разгортвалася паралельна: у Савецкім Саюзе і ў гітлераўскай Германіі. Тут паказвалася жыццё рабочай сям’і недзе ў Кіеве, дзе галоўны герой працуе на заводзе «Арсенал», вырабляе гарматы, а ў Германіі — эмігрант з Расіі, які тут ужо мае сваю справу, займаецца гандлем, мае нейкае дачыненне да вярхоў трэцяга рэйху... Нешта як бы падобна на тое, што мы бачылі ў кіно, у «Семнаццаці імгненнях»...
Янка не злараднічаў, што вось дзівакі ўзяліся не за сваё, таму і вынік адразу відзён... Не, яму было проста шкада людзей, якія патрацілі шмат часу, думалі нешта змайстраваць, спадзяваліся на поспех... Яшчэ цяжка сказаць, як пойдзе далей, мо там яны ўбяруцца у сілу, падвучацца, авалодаюць майстэрствам — і атрымаецца нешта такое, што варта надрукаваць.
У Янкі ўжо быў вялікі вопыт у гэтым плане, на яго вачах вырасла некалькі пакаленняў маладых празаікаў — а пакаленне ён лічыў дзесяцігоддзем. I, як правіла, усе пачыналі з апавядання, рэдка хто з аповесці, тым болей — з рамана. Літаратурная творчасць падобна да любой іншай работы, прафесіі. Перш за ўсё трэба мець талент, адчуванне слова, веданне літаратуры. Той, хто не прачытаў горы кніжак, хоць ён у душы і мае божую іскру, не стане значным майстрам, ён застанецца недавукам, яго творы не стануць адкрыццём нечага такога, чаго мы не ведаем, што здзівіць свет. Пісьменнік павінен прайсці школу: спачатку чытання, навучання, потым — пісання, але свайго, каб яно не было падобна ні на Сервантэса, ні на Бальзака, ні на Талстога ці Караткевіча, а каб яно было тваім ад пачатку да канца, ад клічніка да кропкі.
Як сказаў адзін крытык, кожны значны талент разбурае агульнапрызнаныя каноны і рамкі, бо яму там цесна. Геній, як бульдозер, расчышчае дарогу, і па ёй пачынаюць рух усе тыя, хто не мог прабіцца сам, сваёю сілаю. Сярод іх можа быць нямала знатных постацяў, але большасць не захавае свайго следу ў літаратуры.
Усё пачынаецца, як з малога дзіцяці. Яно расце, разумнее, дужэе, яно нечаму вучыцца. I калі яно працавітае, калі яно таленавітае, яно сябе пакажа, пра яго скажуць: вось гэта чалавек! Бо талент і праца — гэта і ёсць геній! Будзь ты вунь які таленавіты, але калі ты гультаяваты, калі ты не працуеш да сёмага поту, ты вялікіх вышынь не дасягнеш. Праз церніі — да зораў! Да таго ж вучыцца трэба змалку, у юнацтве, у маладосці, калі памяць вострая, як брытва, калі ты ўсё запомнін, нічога не прапусціш, нічога не забудзеш. Потым навука да чалавека не надта прыстае, бо ён ужо абцяжараны ўсякімі зямнымі клопатамі, яму не да навукі. I нагнаць, дагнаць тое, што ты павінен быў узяць у юнацтве, пазней не вельмі ўдасца. Да таго ж жаданні мяняюцца з часам, і тое, што цябе раней так моцна цягнула, потым можа здацца табе нецікавым, без чаго ты спакойна пражывеш. Адсюль мараль: выбірай дарогу змоладу, ідзі па ёй і не азірайся. I дасягнеш свайго, і нечага значнага, і пакінеш свой след на зямлі.
Читать дальше