Цяпер можна прайсціся па траве, па садзе. Амаль у канцы саду, на мяжы поля і поплаву, стаяла-расла цікавая яблыня, па лісці і пладах падобная да пепінкі ці ранеткі, але яблыкі былі ў яе круглейшыя і цвярдзейшыя, чым у пепінкі, звычайна ружавата-залацістыя з сонечнага боку і белаватыя з зацененага. Яблычкі былі проста як каменныя, і калі яны падалі з яблыні, амаль што не заставалася ніякага следу ад удару. А знятыя з яблыні, яны маглі праляжаць да новых, і нічога іх не брала, нічога з імі не рабілася, толькі мяняўся смак — яны смачнелі і мякчэлі, набываючы сабе цану. I ўся яблыня была ўсыпана такімі вось залацістымі яблычкамі ад ніжніх галін да самага верху, яны ажно ламаліся, не вытрымлівалі цяжару. I ёсць у яе ўверсе вялікая вісячая галіна, якая адцзяляецца ад ствала амаль пад прамым кутом, і калі на ёй шмат яблык, ёсць пагроза, што яна не вытрымае вагі і зломіцца. Вось яе і трэба было ўвесь час падпіраць доўгаю жэрдкаю.
Янка, колькі выходзіў у сад, заўсёды любаваўся гэтаю незвычайнаю яблыняю, яна проста радавала яго душу і весяліла вочы — малайчына, працаўніца, харашуха — проста на зайздрасць гэтым тоўстым разгатым антонаўкам, якія яе акружалі і мала чым адрозніваліся адна ад другое, толькі што галіны былі ў іх таўсцейшыя, мо таму і яблыкі раслі большыя, ды іх не так было шмат, як на гэтай асенняй яблыньцы. Янка падышоў да абцяжаранага дрэва, задраў галаву, аглядваючы ўсю плойму проста да смеху вясёлых залацістых і ружаватых яблычкаў, залюбаваўся непаўторным жывым нацюрмортам, вартым таго, каб быць намаляваным ці хоць сфатаграфаваным на каляровую плёнку. Але ён гэтым, на жаль, не займаўся, калі быў малады, не хапала грошай на апарат, а калі яго падарыў сябра да нейкай яго даты, — дык ужо не засталося таго імпэту, які патрэбен, каб брацца за такую далікатную справу. I цяпер Янка часам шкадуе, што прападаюць іншы раз цікавыя моманты-кадры.
Цераз драцяны плот былі соткі маладога суседа-агранома, трэба будзе спытаць у яго, што гэта за гатунак такі расце ў іх садзе. I яблыня ўжо немаладая, ей не менш як трыццаць-сорак гадоу.
— Янка, Янка, на абед! — загукала Рагнеда ад парога хаты.
«Вось-вось, — сказаў сабе Янка. — Рагнеда! Гэтая яблыня — уся яна, ад верху да нізу. Яна надта арыгінальная, вырываецца з гэтага пейзажу, але яна яго і аздабляе, прыцягвае да сябе ўвагу. Без яе гэты сад, гэты двор і хата былі б нашмат бяднейшыя, яны проста не мелі б эпіцэнтра, вакол якога ўсё і групуецца. Вось чаму Рагнеду цягне быць тут, застацца і жыць. Яна адчувае сябе часткаю гэтага пейзажу, яна адчувае гэта нутром».
Янка азірнуўся, памахаў ёй рукою, але ісці не спяшаўся. Пра ежу яму яшчэ і не думалася, хоць у садзе ён мог знайсці спелы яблык, сліву ці грушу, якія ўжо падаюць долу, разбіваюцца на кашу.
Падумалася, а ці падабаецца яму тут, у новай сям’і, хоць яна і такая малая, у гэтых вось Жаркоўскіх, маткі і дачкі, і павінен быў прызнацца, што яму тут добра. Мо не так, як было ў бацькі і маткі, то былі родныя людзі, якія яго гадавалі, выводзілі ў свет, а гэтыя — чужыя, але вось становяцца ужо сваімі, ты ужо пераплеў з імі свой лёс, сваю жыццевую дарогу, і хоць ты не ведаеш, як будуць ісці сумесныя дарогі, аднак спадзяешся на лепшае. Адчувалася, што маці недалюблівае старэйшую дачку, але гэта не шкодзіць ім жыць побач, нешта разам рабіць, раіцца, часам спрачацца, нешта даказваць адна адной — часам эмацыянальна, нават на высокіх нотах, асабліва з матчынага боку, а часам нешта ўспамінаць, смяяцца, жартаваць, — так, як і належыць матцы і дачцэ. У адносінах да сябе Янка адчуваў сімпатыю з боку цешчы, але быў у яе і нейкі прыхаваны недавер: вось ён такі, але гэта ўсё на паказ, раптоўна ён можа перамяніцца, бо за плячыма ў яго шмат чаго такога, што пераважыць усё добрае, паказное, і ён зноў пяройдзе ў той асяродак, у якім ён жыў, рос, круціўся і варыўся. Што ён да канца не надзейны, што яму нельга верыць на ўсе сто. I ўсё тое, што яны тут гавораць між сабою, гародзяць нейкія планы — гэта ўсё паказуха, у думках, у душы ў яго можа быць зусім-зусім іншае. Недавер да сябе Янка не стараўся растапіць, ён паводзіў сябе натуральна, без аглядкі, гаварыў што думаў, не паддобрываўся, хоць і не даваў сабе волі, не забываўся, што ён не дома, а ў гасцях. Ён лічыў, што словамі, якія яны ні былі б расквечаныя, недаверу не растопіш, і толькі час пераканае матку, што яна памылялася, што ён не такі, як пра яго гаварылі, як пра яго яна сама думала. Няйначай недзе паміж сабою маці і дачка гаварылі пра яго, аб чым казала яму Рагнеда на пачатку іх канікулаў, Янка нават упэўнены, што яны спрачаліся між сабою, і маці мо нават знарок дадавала чорнае фарбы ў яго партрэт, каб падражніць дачку, каб яна выкладвала ўсе свае козыры, абараняючы свайго другога абранніка, і гэтым самым развеяць яе ўласныя сумненні наконт зяця Янкі.
Читать дальше