Нешта падобнае мог бы сказаць пра Рагнеду чалавек, які ведаў яе з малых гадоў, ішоў побач з ёю, вёў яе за руку. «А чаму вы назвалі яе Рагнедаю? — спытаўся б Янка ў таго чалавека, які быў яе бацькам. — Чаму не Ядвігай, напрыклад?» I пачуў бы мо такі адказ: «Так і стаяла пытанне: Усход ці Захад? Пераважыў Усход — хай будзе князёўна беларуская, крывіцкая, чым каралева польская. Хіба гэта мела якое значэнне? Ніякага, але для жанчыны — гэта вунь што — палова жыцця. А мо каб назвалі Ядвігай, лёс яе быў бы інакшы, цікавейшы? Кажуць, што ад імя шмат залежыць... Але нешта не верыцца...»
Паразважаўшы над сваімі ўласнымі адказамі на свае ж пытанні, Янку стала як бы лягчэй, ён не адчуў сябе такім ужо вінаватым, як яго зрабілі жанчыны — жонка і цешча. Мо гэта і было з яго боку трохі бястактна, груба, але ж асаблівай крамолы ён тут не бачыў: ён жа не прыдумаў гэты факт, ён адбыўся, а калі адбыўся, дык можна яго і тлумачыць, аналізаваць — а чаму, а як? Тым болей, што падзея была так даўно! А вось жа для іх яна засталася нейкім болем, які баліць яшчэ і дагэтуль. Дзіўны народ гэтыя жанчыны! Ну добра, ён папросіць у іх прабачэння, як ён сам смяецца з некаторых вяскоўцаў — скажа «звініце».
Цікава, што прайшло мо хвілін дзесяць, а ён, як аглушаны, сядзеў за сталом, а чаго чакаў — і сам не ведаў. Устаў, агледзеў стол — яшчэ шмат было недаетага-недапітага, абед перарваўся мо на сярэдзіне — якое марнатраўства! Але пайшоў на двор, нікога са сваіх не ўбачыў, пакіраваў да дрывотніка. Узяўся за тапарышча, тузануў-націснуў — не паддаецца, ледзь выдраў з калодкі — так глыбока загнаў. Тут у яго засталося не так і шмат работы — раскалоць і пасекчы некалькі дошак, сукаватых калодак-цурбакоў, абрэзкаў і трухляватых бярвенцаў — няйначай ляжалі на зямлі пад якім матэрыялам.
За работай думкі яго патроху сталі траціць суцэльную плынь, ён стаў уваходзіць у азарт, сачыў, каб не прамахнуцца, каб секануць там, дзе трэба — не па суку, а між сукамі, тады будзе толк. Але думкі, як назойлівыя мухі, не адставалі, зумкалі, кусалі, лезлі ў вочы сляпіцаю. Ну навошта табе было пытаць пра такія даўнія сямейныя таямніцы, ці варта было здзьмухваць з іх стары пыл? Мог бы спытаць у самой Рагнеды, мо яна ўспрыняла б тое пытанне як звычайчую чалавечую цікаўнасць — і не знайшла б у ім ніякай абразы ці чаго непрыстойнага. Проста ён выбраў няўдалы момант, у яго не хапіла такту даслухаць увесь аповед да канца...
А цяпер вось будзеш думаць, як вярнуць страчаныя пазіцыі, і яшчэ невядома, ці вернеш. Урэшце, гэта не такая ўжо і вялікая драма, як ён сабе размаляваў, неяк абыдзецца... Думаў, што зрабіць заўтра: трэба паправіць вароты, плот у некаторых мясцінах — замяніць гнілыя штыкеціны, павязаць у пучкі і знесці ў паветку ўжо даўно пасечанае галлё ў садзе. А як будзе добрая пагода, дык мо давядзецца з’ездзіць з Рагнедаю і сястрою Жэняю ў вёску, дзе яны жылі, дзе пахаваны іх дзед і бабка, схадзіць на могілкі.
Работа пасоўвалася добра, без усякіх зігзагаў, кучка пасечаных дроў усё расла, а тая, што павінна быць пасечанай, усё меншала. Нарэшце пакалоў апошні сукаваты цурбанок, панасіў дровы ў адрыну, схаваў сякеру, пайшоў пад калодзезь памыцца. Цікава, што жанчын яго не было відаць. Маці, хутчэй за ўсё, пайшла да суседзяў на тэлевізар, а Рагнеда мо хіба накіравалася у горад, у краму.
Прайшоўся па садзе, але сёння ў яго настрой быў не «філасофскі», і яго пацягнула у хату, да тоўстага рукапісу, які ішоў нешта вельмі марудна.
Узяўся чытаць, але адчуў, што не можа — хоць што хочаш рабі. Мо настрой і тут быў вінаваты — хутчэй за ўсё. Пашукаў вачыма на этажэрцы — і знайшоў апавяданні Чэхава па-беларуску, выданне адразу пасля вайны. Хто пераклаў — невядома, рэдактар — Кандрат Крапіва. Мо сам і перакладаў? Але не, не быў бы рэдактарам, ёсць такое правіла. Мо Сцяпан Майхровіч, тады дырэктар выдавецтва? Можа, і так. Пераклад быў сярэдні, як на той час — то і не благі, а як на цяперашні — слабы... Шмат калек з рускае мовы, русізмаў, як капля, адзежа...
Усё гэта чытана, праўда, па-расейску, але чытана даўно, а цяпер яго чытаеш як першы раз — і бачыш, які Чэхаў культурны, глыбокі пісьменнік, які ён аб’ектыўны ў ацэнцы сваіх герояў. Апавяданне «Мужыкі»... Гэта такая сіла, што нам, цяперашнім, трэба павучыцца так паказваць народ. Вельмі сурова, хоць і са спачуваннем, з болем сардэчным, але з дакорам, з крыўдаю за людзей, за іх некультурнасць, дзікасць, п'янства, за гэтую вечную рускую лаянку, якая ідзе за рускім чалавекам, як цень... Ці пра выхрыстаў: «Выхрыст паставіў 12 банек і потым яшчэ 12, напіўся чаю і паехаў». А хворы пад раніцу памёр — банькі «наразацыя», пускаць кроў... Трэба будзе яшчэ перачытаць «Палату № 6», як яна гучыць сёння, — вырашыў сам сабе Янка.
Читать дальше