I што напісана пяром — не высечаш тапаром, вось гэтаю сякераю, — думаў Янка, секучы і колючы дровы. Сякера — гэта сіла, якая больш разбурае, чым стварае. Ці наадварот: больш стварае, чым разбурае? Вось гэтая суседава хата — нядаўна яе не было. А чалавек з сякераю яе паставіў. А цяпер другі чалавек сячэ ўсё лішняе, што ад яе засталося, што замінае і не лягло на месца. Глупства! Сякера — гэта начынне, зброя. Важна каму, для чаго яна трапіць у рукі. Як аўтамат, як атамная бомба. Не, атамная энергія! Адны хочуць яе паставіць на службу чалавека, другія — яму на пагібель. Чалавек, калі добра падумаць, мог бы зрабіць чалавецтва шчаслівым. Каб... Каб яму толькі далі, каб яму не шкодзілі. Каб яго не разрывалі на часткі: трэба гэта, трэба тое, трэба другое...
Чалавека прывучаюць да думкі, што вайна непазбежна, што без вайны нельга абысціся. А ці так гэта? Навошта чалавеку вайна, мірнаму чалавеку? Яна яму непатрэбна, бо нічога добрага не можа яму даць, апроч калецтва ці смерці. Не, яго пераконваюць, што яму трэба ісці ваяваць, бо на іх напалі, трэба абараняцца. А чаму напалі? Хіба нельга зрабіць так, каб ніхто ні на кога не нападаў? Можна зрабіць! Толькі трэба дамовіцца, толькі трэба, каб кожная дзяржава не лічыла сябе лепшай за ўсіх, а астатнія ўсе — дрэнныя. Не, няхай яны самі рашаюць у сябе, якія яны: добрыя ці кепскія, няхай перарабляюць сябе самі, паляпшаюць, даводзяць да ладу... Ды людзям не даюць вырашаць усё самім, за іх думаюць і вырашаюць іх улады, але толькі іх іменем: імем народа — супроць народа! Мо такога мы не бачылі?
Мо не перажылі? Яшчэ і як бачылі, яшчэ і як перажылі! «Цярпі, зямелька родная, няма дабра, няма!» — сказаў, здаецца, Якуб Колас. А ён ведаў, што казаў, быў мудрым чалавекам. Мысляром! Прарокам! Як ён казаў пра зямлю, тую, што родзіць, што нас корміць? Ніхто так моцна і праўдзіва не сказаў, як ён. Як там? «Зямля дасць волі, дасць і сілы, зямля дагледзіць да магілы. Зямля дзяцей тваіх не кіне. Зямля — аснова ўсёй Айчыне».
А што цяпер зямля? Ад яе адракаюцца, ад яе ўцякаюць. Бо яна не корміць таго, хто яе абрабляе. Ці корміць абы-як, абы ты толькі мог заўтра прыйсці на працу. А заробіш — не разгонішся, не разжывешся. Калі ў цябе жонка і трое дзяцей, а ты адзін працуеш — будуць твае дзеці недаеўшыя, і ты сам будзеш есці бульбу з кіслым малаком. А, як той казаў, па малаку ног не павалаку. Значыць, як той казаў, трэба мяняць сістэму. А другі кажа: трэба мяняць апарат. Хто бліжэй да ісціны? Змяніўшы апарат, сістэма можа застацца. Лепш памяняць сістэму — тады зменіцца і апарат...
Такія вось непрычасаныя думкі, як казаў той Ежы Лец, лезуць у Янкаву галаву, калі ён заняты такою звыклаю для яго працаю. Сякера, як жывая, робіць усё, што ад яе патрабуецца. Яна б’е без промаху, расколвае, сячэ, раўнуе і руйнуе, падганяе пад адну мерку, каб чалавек мог спакойна карыстацца яе справай ўзімку.
Дарэчы, колькі вось так чалавек спальвае дроў за зіму, колькі лесу высякаюць на ўсе такія патрэбы, а чалавечыя лёгкія ўсё менш атрымліваюць кіслароду, усё большыя і большыя робяцца азонавыя вокны ў атмасферы, парніковы эфект перарастае ў экалагічную катастрофу, а чалавецтва як бы і не бачыць усяго гэтага, яно па-ранейшаму развівае чорную металургію, выплаўляе мільёны тон жалеза, з якога клепле ракеты і танкі, самалёты і магутныя дрэдноўты-аэрадромы, атамныя падводныя лодкі, здольныя пускаць атамныя ракеты з-пад вады — у любую кропку зямное паверхні. I гэта ўсё чалавек рыхтуе на чалавека, таму што адзін белы, а другі чорны, адзін жыве так, а другі — інакш, і не хоча жыць так, як жыве яго сусед. Дык вось гэты сусед рыхтуе яму бомбы і ракеты, а той павінен рыхтавацца, каб адбіць напад, не дапусціць тыя бомбы і ракеты на сваю зямлю! I няма спакою! «Цярпі, зямелька родная, няма дабра, няма». Дакуль жа мы будзем самі сабе ворагамі? Дакуль будзем знішчаць да сябе падобных, гэта значыць, самых сябе? Дакуль?
Дальбог жа, галава пачынае балець ад такіх вось супярэчлівых думак, робіцца не па сябе, хочацца недзе ўцячы ад іх, схавацца і падзецца. Але дзе ты схаваешся ад... самога сябе, ад таго, што цябе акружае, што цябе трымае, як на ланцугу, і нікуды цябе не адпусціць? Дзіва, што людзі без меры п’юць, што яны канчаюць жыццё самагубствам, што яны ідуць на злачынствы. Ды ўсё таму, што такі вось неўладкаваны, неўраўнаважаны, такі шалёны гэты свет...
А можа, хопіць на сёння? Пара зрабіць перакур. Янка глыбока ўганяе сякеру ў калоду, спрабуе тапарышча — ні з месца. Потым робіць некалькі рэзкіх рухаў рукамі, выпроствае плечы, паводзіць лапаткамі, — адным словам, ставіць усё на месца.
Читать дальше