Не былі яны нават яўрэямі, з якімі жылі побач шмат гадоў вось на гэтай зямлі, якія ў золаце разбіраліся не горш за амерыканцаў. А мо гэта яны і навучылі амерыканцаў разбірацца ў золаце, множыць яго, лічыць мільёнамі і мільярдамі? Ці не таму Гітлера так раздражняла яўрэйская нацыя, што яна хацела забраць пад сваё крыло ўвесь сусветны капітал, а дзе капітал — там і ўлада? Ці не таму ён аб’явіў бязлітасную вайну яўрэям — аж да поўнага знішчэння? I ў выніку быў знішчаны сам.
Так, пакружляўшы, яны зноў прыйшлі да вываду, што золата не прыносіць дабра, што золата ўвогуле не патрэбна, без яго можна абысціся — па Пушкіну: «Не нужно золото ему, когда простой продукт имеет». Але і ў таго ж Пушкіна: «Всё моё, — сказало злато. Всё возьму, — сказал булат».
— Але найлепш сказаў наш народны мудрэц: «Золата — з г...м змолата». I кропка! Золата мы не навучыліся цаніць у яўрэяў, хоць жылі і жывём побач з імі. А можа, і дарэмна? А мо нават і добра? — пакінуў пытанні адкрытымі Янка, завадатар такое цікавае і нечаканае ў іх кампаніі тэмы.
Усе пасмяяліся і на гэтым таксама паставілі кропку.
Спаць клаліся недзе ў гадзін дзесяць, тут амаль як у вёсцы: людзі спаць кладуцца раней, чым у горадзе, але і ўстаюць раней, бо шмат у каго ёсць свая жыўнасць — козы, свінні, куры і гусі, некаторыя трымаюць яшчэ і карову, калі ёсць магчымасць назапасіць ёй корму на зіму.
Янка нагадаў Рагнедзе ўчарашні вечар, калі яна пакрыўдзілася на яго, лягла раней і нават не стала з ім размаўляць, праляжала халодная і недаткнёная ўсю ноч. Тады Янка расказаў ёй анекдот, як вялікі начальнік паехаў у камандзіроўку са сваёю маладою сакратаркаю. Там ім далі нумар у гатэлі на дваіх, але з адным ложкам, як для мужа і жонкі. Вось начальнік і пытае маладую сакратарку, калі яны леглі ў пасцель: «Як будзем спаць — як муж і жонка ці як муж і палюбоўніца?» I сакратарка адказвае: «Канечне, як муж i жонка». Тады начальнік кажа ёй: «Спакойнай ночы, дарагая», паварочваецца да яе спіною і тут жа засынае. Сакратарка гатова кусаць сабе локці...
Учора Рагнеда ніяк не адрэагавала на яго анекдот, а сёння, нібы пачуўшы яго першы раз, разрагаталася.
— А ўчора ён не быў табе смешны? — спытаўся Янка. Ён і сам пасмяяўся з нерастароплівай зялёнай сакратаркі, якая яшчэ не ведала жыцця і яго няпісаных правілаў.
— Учора мне чамусьці хацелася плакаць, — адказала Рагнеда, скідаючы з сябе сукенку, трусікі, станік, адвярнулася ад Янкі і ўзлезла ў доўгую начную кашулю ружовага колеру з кароткімі рукавамі і вялікім дэкальтэ, ад чаго яе поўныя грудзі ажно выставалі краямі з кашулі і моцна дражнілі позірк. — Я чакала, што ты возьмеш мой бок, а ты захацеў дагадзіць сваёй любімай цешчы, ці не так?
— Зусім не так, дарагая, зусім не так, як ты кажаш. I ўчора я хацеў узяць за твой бок, ды ты... Прабач, не тое... Няўжо ты не разумеет псіхалогіі чалавека, які жыве адзін, прывык да свае адзіноты і не любіць, каб яму пярэчылі? Не слухалі яго, нават вучылі, як трэба жыць? Улічы яшчэ яе незалежны характар... Мо нават падобны да твайго...
— Ну, ты зноў нешта не тое гаворыш. Каб мы сёння не праляжалі так, як тон начальнік з сакратаркай.
— Дык мо сёння сакратарка скажа не так, як яна першы раз гаварыла? Мо паразумнее?
— Яшчэ пабачым, якія ты мудрыя словы скажаш, каб яе скарыць, каб яна адчула цяпло твайго сэрца.
— Я падумаю, падумаю... Але дай мне закончыць пра матку. Што змянілася б, каб я цябе падтрымаў? Нічога! Маці так ці інакш не дасць нам тут будавацца. Дык хай яна думае, што ты адна так хочаш, а я — не, я не іду наперакор яе волі. Я не хачу, каб яна заставалася адзінокай у сваім рашэнні, каб ёй было крыўдна, што дзеці яе не разумеюць, не хочуць з ёю лічыцца. Я знарок перайшоў на яе бок, хоць я, можа, і падзяляю тваю думку: трэба, каб кожны чалавек пабудаваў дом, пасадзіў дрэва і нарадзіў сына. Потым усё гэта падвоіў, пасля патроіў. Ты згодна? Толькі тады краіна будзе развівацца, толькі тады нацыя будзе расці. I тры дамы — якраз для трох сыноў, трэці, свой, ён аддасць малодшаму сыну, а сам пойдзе у лепшы свет са спакойным сэрцам — што ён не пакінуў сваіх сыноў беднымі, што ў іх ёсць будучыня. А яго верная палавіна яшчэ будзе памагаць нявесткам гадаваць унукаў, перадаваць свой багаты жыццёвы вопыт, як мацаваць сям’ю, каб яна не рассыпалася на часткі, як той цагляны дом, які пабудавалі на дрэнна замешаным растворы, у якім шмат пяску і мала цэменту.
— Здаецца, што ўсё гэта толькі ў ідэале — пра тры дамы, тры сыны, тры дрэвы. Цяпер нешта не тое робіцца. Усё якраз і развальваецца, як той кепска складзены дом. Мала наша ўлада думае пра нашу будучыню, нібы яна жыве толькі сённяшнім днём. А дзяржава — гэта збудаванне на вякі, у якім быў пачатак, але не павінна быць канца.
Читать дальше