Выняткам у Лiтоўцах, што часта не трымаўся прынятых нормаў быў сам «дзiравы шляхцiц, пан солтыс» Паўлоўскi. Ужо калi, бывала, iдзе Паўлоўскi па вясковай гразкай цi сухой вулiцы, дык адразу вiдаць, што гэта, скажам, ня нейкi стары карцёжнiк Сымон Пятух, а сам нозьбiт улады «паньства польскага».
Пан Паўлоўскi — гэта аўтарытэт, якi любому чалавеку бачна ў высока паднятай i накрытай фанабэрыста-зухаватым капялюшам цёмнарусай галаве, борздым кроку, у кароткiм, адрывiстым i аўтарытэтным голасе пры вiтаньнi сустрэчных, а найбольш, дык у добра-ткi абшмулянай скуранай торбе пад пахай. Ня тое, каб Паўлоўскi наўмысна фарсiў сваiм аўтарытэтам там, дзе непатрэбна. Калi ўжо пра франтаўство гаворыцца, дык тут пан солтыс, рачэй, меў-бы наўвеце сваё дзiрава-шляхоцкае паходжаньне.
— Што гэта такоя важная ён носiць у гэнай сумцы? Пару сьвiсткоў калi людзям раздаць, дык сумка яму яшчэ трэба, — сьмяялiся лiтоўскiя.
Калi дзе нават людзi на полi цi ў гародзе працай занятыя, а пан солтыс iм «памажы Божа» скажа, дык тыя, каму гавора, па ягоным голасе й манеры адчуюць, што гэта ён больш з ласкi, чым з дабрасуседзкага зычлiвага абавязку робiць. Такi ўжо зь дзiравага шляхцiца быў начэльнiк, што ён гэты свой уладна-аўтарытэтны голас лiчыў неабходным заўсёды перад вясковымi дэманстраваць, каб ведалi, што ён «ня хрэн сабачы» й ня кожнаму панiбрат.
Гэтак вось завiтаў пан солтыс у Пракопаў двор у сераду вечарам, два днi пасьля паховiнаў Алены. Пракоп пры карыце паiў Чарнулю, ды мерыў вокам даёнку, што вiсела на паркане.
Кiнуў Паўлоўскi кароткi «добры вечар» i аб нечым, для прылiку, забубнеў пад носам. Пракоп не адказаў на прывiтаньне й глядзеў на солтыса недарэчнымi вачамi. Думкi ягоныя былi ў iншым баку. Было аб чым думаць. Гаспадарка цяпер уся на ягоных плячох. Прабаваў Мiколу да печы прывучыць, каб хоць якую капусту цi крупы зварыў, сьвiньню й парася дагледзiў. Слабая зь яго помач, дый здароўе ня тое, каб матку заступiць. Памагала Кацярынiна Надзя — то яна ў печы выпалiць, то карову падоiць, то што iншае. Але-ж помач гэта была прынагодная. Так i неразьвязаным было пытаньне: як жыць-быць, што рабiць?
Цяпер перад Пракопам стаяў чалавек. Нешта нутранае адпiхала яго ад гэтага «дзiравага шляхцiца». У памяцi добра засвоiлася нялюбая постаць iз зухаватым капялюшом, фанабэрыста паднятай галавой. Гэта той, што памагаў тым асноўным прагавiтым прыгнятальнiкам скубсьцi такiх, як ён, Пракоп; гэта шчупальца таго вялiкага паразiта, што ўпiўся ў тваё цела й душу — смокча, ратунку няма. Апэтыт паразiта расьце, а вось гэты малы смактунок — адно калi-б паразiт загадаў яму — пачне ўпiвацца ў новы кавалак акрываўленае мякацi, каб самому на тых соках узбуйнець дый уверх, у галоўны арганiзм гаспадара-паразiта, пажыву перадаць.
Калi глядзеў цяпер Пракоп, пры карыце стоячы, на гэтага атлусьцелага й самазадаволенага шляхцiца, у ягоным уяўленьнi побач пана солтыса вырасьлi два чалавекi ў чорным. На iх зiхацелi гузiкi, а шапкi аздобленыя былi каранаванымi птушкамi. Нейдзе поблiзу iх мiтусiўся руды камлюкаваты забойца, пры iм шчэрыў зубы вялiкi ваўчар. Прыплыла ды з новай сiлай разбушавалася ў сялянскiх грудзёх ледзь стрыманая злосьць, пацякла зусiм сьвежая рана.
А той гаварыў:
— Палiцыя загадала, каб ты на пастарунак прыйшоў?
Дык вось яно што. Гэныя людзi ў чорным, iзь дзярлiвымi птушкамi на шапках, клiкалi яго да сябе, каб пазьдзеквацца.
— Скажы, што нi прыду.
Пракопаў голас быў шорсткi й цьвярды.
— Сьцягнеш ты бяду на сваю галаву, Пракоп. Я табе раю…
Пракоп ня даў пану солтысу скончыць.
— Ты мне раiш! Хто цiбя просiць? Ня друг ты мне, ты цюцька iхны! Ты во брэшаш, як табе загадаюць. З майго двара iздзi! Зараз! Пiрадаў i добра. Iдзi, кажу!
Апошняе было сказана такiм загадна-валадарным голасам, што фанабэрысты пан солтыс ажно зьдзiвiўся. Патупаў на мейсцы, манiўся яшчэ раз рот разiнуць, але, сустрэўшыся з Пракопавым зрокам, завярнуўся й пайшоў. Нават не засьвiстаў, выходзячы з двара, як звычайна звычку меў.
Ужо прыцемкам забегся Пракоп да швагры й перадаў яму навiну.
— Дурны будзiш, калi пойдзiш. Каб iх зямля нi насiла! Жонку забiлi й яшчэ чалавека цягаць хочуць, каб сабакi трыбухi вашы цягалi!
На другi дзень надвечар пасьля солтысавай вiзыты аж заходзiлiся ад залiвiстага брэху ўсе лiтоўскiя сабакi. Як змовiўшыся, гулкiм лямантам праводзiлi яны Мэндлiка й Вадзiмскага да Пракопавай хаты. «Шамуль-шамуль», усьлед прычiкiльгала Кмiтава Аўдоля, а непадалёк ззаду, каб не застацца Пiлiпава Аксеня. Калi палiцыя ўвайшла ў двор, на вулiцы было ўжо колькi жанок i дзяцей. Мужчыны, абуджаныя агульнай цiкавасьцю, усё яшчэ цёрлiся ля сваiх двароў, рэдка каторыя памкнулiся ў Бахмачоў бок.
Читать дальше