Мусiць, цэлы год так было, а тады маскалi так прыдушылi, што нi было куды дзецца. Здавалiся. А ў тых мiласьцi нi было. Гэты вешацiль, што Мураўёў зваўся, дык страх што нарабiў: усю зямлю трупамi завалiў i крывёй залiў. Во тутака на гэтым Архiпавым суку было трох, што мужыкамi камандавалi i што iх ў лесе злавiлi дый павесiлi. Адзiн ужо старэйшы, што галавой быў, дык гэта наш вясковы мужык быў, Iван Карпук зваўся. Ягоную сям'ю на атап ды ў Сiбiр, жонку й двоя дзетак пагналi. Значыцца, гэтага Карпука й двух яшчэ, каторыя памагалi, прыгналi сюды пад Архiпа iзь зьвязанымi рукамi, тады сагналi ўсiх людзей, што толькi дзе жывоя было, каб усе прыглядалiся, дый павесiлi бедных. Нiхай Бог дасьць iм царства нябесная! — перахрысьцiўся дзед.
Памаўчалi.
— Ну й што далей? — спытаў Янук.
— Загадалi, каб нiхто iх нi чапаў. Яны, — кажуць — маюць гэттака на Архiпавым суку вiсець. Так гэта для постраху зрабiлi, каб людзi маскалёў помнiлi. А як-жа ты iх ня будзеш помнiць? Яны-ж у нашай i другiх вёсках стаялi й выраблялi што хацелi: п'янствавалi, дзевак маладых насiлавалi, над людзьмi зьдзеквалiся. Ой гора-ж вялiкая, нi дай ты Божа, на народ наш было прыйшло. Баялiся людзi ценю свайго, а многа каторыя то ў норы пазашывалiся й нi вылазiлi, або ў лясох глыбокiх.
От, значыцца, вiселi тыя тры паўстанцы тады цалюськую ноч i другi дзень. А вiдаць дык яны здалёку былi. Аж на другую ноч iх ня стала. Толька ранiцай агледзiлiся маскалi, што нехта пазабiраў iх i сук во гэты, надта таўсты, што цяперака як кукса тарчыць, адпiлаваў. Гэта ўжо многа часу пасьля дазналiся мы, хто зрабiў. А гэта былi вясковыя дзяцюкi, каторыя ў лесе крылiся. Дык забралi яны павешаных паўстанцаў уночы, завязьлi й закапалi ў леся, а з таго Архiпавага сука здаравенны крыж зрабiлi й над курганам паставiлi. Той курганок i цяперака ў леся ёсьць. Калi хочаш знаць, дык ён там на Выгар як iдзеш, пiрад узбалоткам. Знаiш, дзе гэта?
— Гэта блiзка ад сьцежкi?
— Нi так далёка направа.
— Я тамака нiдзе крыжа нi вiдзiў.
— Дык нiма цяпер, сынку. Крыж даўно згнiў i завалiўся, толька на магiле вялiкi плоскi камень ляжыць, i на iм напiсана, што гэта паўстанцы. От, калi паглядзi, дык, пэўня, знайдзiш.
— Трэба будзiць пашукаць, — сказаў Янук.
Смуга на захадзе многа пашырэла. Пякло. Часам чуваць быў далёкi глухi гром.
— Надыходзiць бура, дзядуля. Чуеш, як грымiць? — прыгадаў Янук.
— Чую, дзетка, чую. Нiхай даець Бог дажджу, зiмля даўна пiць просiць, кiваў дзед галавой i ўзноў узяўся набiваць люльку.
— Дык можа-б мы пад дом, дзеду, га?
— Нi тарапiся, сынок. Можа во яшчэ бокам пойдзiць.
Памаўчалi. Iзноў загрымела, гэтым разам блiжэй i галасьней. Заходнi кавалак захмаранага неба перашылi раз i другi разгалiненыя маланкi. Янук думкамi вярнуўся да таго, што распавядаў яму дзед. Як на дзiва, палякчэла на сэрцы. Вялiкае народнае гора, аб якiм гаварыў дзед, зьлiлося-зьмяшалася ў хлапцовым уяўленьнi зь ягоным прыватным горам, i гэтае першае як-бы паглынула-аблекчыла апошняе.
— I от вiдзiш, сынок, сколька крывi сваёй нi пралiвалi людзi, сколька нi папаявалi, пападужалiся, усiроўна рады нi далi. Ярмо, як было, гэтак i асталося. Прыгону нiма, нiкаторыя i нiблага са сваёй зямлi жывуць, ну алi бальшыня людзей, каторыя бiзьзямельныя, дык як гаравалi так i гаруюць, як рабiлi на паноў так i робюць цяперака. Нiчагуткi нi зьмянiлася. Усе найлепшыя землi пазабiралi, ты на iх працуй, а яны цябе горы за свайго сабаку маюць. Паткнiся куды, дык ён iз табой нi палiчыцца каторы. От як i тваю матку пакойнiцу… Гэта-ж такая залатая душа была: у яе i рукi да працы й галава на плячох. Каб-жа яе, а то й бабку ейную помню вуньдзiка. Алене гэта было жыць ды пажываць, дзетак гадаваць, а нi сырую зямлю парыць так рана…
Янука хтосьцi зноў цiснуў-душыў за горла. У вачох накацiлiся сьлёзы.
— Дык от табе гэты галадранец — каб яго зiмля наша сьвiтая нi насiла, адкуль ён узяўся! — за ягадзiну застрэлiў.
Янук ня вытрымаў. Сьлёзы зноў паплылi гарохам. Адхiнуўўся ад дзеда, каб скрыцца з плачам. Першыя хмары ўжо закрылi сонца а на захадзе кацiўся гром.
— Нi стыдайся, сынок, сьлёзаў, нi адварачвайся ад мяне, — сказаў дзед Якуб. — Плачу нiма чаго стыдацца. Гэта празь цябе ўсё наша гора плачыць. Як трэба, дык i паплакаць трэба. Толька от цэлы час каб нi плакаць, бо гэта нi памагаiць…
— Гэта ты, дзядуля, вялiкую праўду кажаш…
— А як-жа, сынку. Або вазьмi гэтага папа Абухава. Ну, гэта-ж ня поп, каб яго макарэц, а сатана. Каб табе мало было, а то свайго нi знаiць дзе дзяваць, а такую цэну закацiў — два пуды жыта. Тутака мала сказаць, што ён зрабiў не пахрысьцiянску, а на гэткага чалавека дык проста ну пятлi шкада. Але што яму нашы людзi. Ён-жа таксама маскаль, каб яго макарэц спалiў! Каб гэта свой, ды свайму спагадаў-бы, а гэты, дык паном i гэтым меншым гнiдам на руку йдзець. Смокчуць наш пот i кроў, сынок, ой як смокчуць!
Читать дальше