От жанiўся, знацца, гаравацкi князь, надта-ж пекную дзяўчыну ўзяў. У сваiм замкавым дзядзiнцы разам iз новай улюбленай княгiняй дубок малады пасадзiў ды загадаў палiваць-даглядаць, каб вялiкi рос i пекны быў. Мы — кажыць — тут як гэты дубок расьцi будзем i нiхто нас зь места нi кранець. Гэты дубок i ёсьць от гэты самы Архiп.
Пачаў, адным словам, гаравацкi князь шчасьця пазнаваць. Думаў, што ацiхла ўжо, вайны праклятай ня будзiць. У яго навiт дружына добра выдрасiраваная была, гаспадарка на добры лад пашла. Калi-ж нiбясьпекi зьнiкуль нi было вiдаць, дык памякчэў гаравацкi князь, нi такiм пiльным стаў i, мусiць, трохi ваенная рамясло закiнуў.
А тыя, сынок, благiя ворагi, што iх раней бацька Гаравiк iз двумя сынамi разьбiў, дык яны за гэты час пакрапчэлi, у поўсьць абрасьлi, клыкi зноў iм павырасталi, як тым ваўком, ды давай тыя клыкi шчэрыць, глядзець, цi збоку дзе ўварваць кусок можна. Вiдзiлi-ж, што Гаравiк памёр, што сыны падзялiлiся й паслабелi, дык давай на гаравацкага князя напасьцi. I зноў сабралi сiлу людзей i сюды iз боем прышлi.
I от разьбiлi яны гаравацкага князя саўсiм. Нiхто зь ягоных братоў яму на помач нi пасьпяшыўся, бо бацька сказаў, што баранiцца сам маiць. Сам гаравацкi князь iз сваёй маладой княгiней як львы змагалiся. Яна яму зброю падавала. Калi-ж чужыя ў замак уварвалiся, дык князь жывым нi здаўся. Забiлi яго й пекную маладую княгiню ля таго самага маладога дуба. Замак тады зруйнавалi, дружыну гаравацкую на чатыры вятры разагналi, а народ у цяжкае ярмо запраглi i як над скацiнай пачалi зьдзеквацца.
Так сталася, сынок мой, што пасьля й тыя другiя два браты нi ўстаялi самi, як на iх напалi. Дык i прапала воля цэлага нашага народу. На памiн толькi руiны ад добрых гаспадарак асталiся, а народ у нiшчасьцi аж да сягоньнiшняга стогнiць. Толька чужыя паны мiняюцца, алi нiчуць людзям нi лягчэiць, а яшчэ горы робiцца. I поўзаюць перад чужымi нашыя, як тыя чэрвi, а яны з нашага поту, з нашага мазаля жывуць, нашу кроў смокчуць.
Толька от расказваюць, сынок, што тры начы ўвосенi, неяк пад Дзяды, у Гараватцы кажды год бываiць вялiкi бой. Князь гаравацкi з сваёй княгiней дый з дружынай стараiцца адбiцца ад ворагаў, а яны насядаюць. Нiкаторыя кажуць, што гэта ўсе чэрцi ўскапашылiся ды на нашага князя процьмай iдуць. Ён тады завець i завець сваiх братоў на помач, але нiхто нi прыходзiць памагаць чужнiкаў цi гэтых рагатых нячысьцiкаў-чарцей адбiваць. I кажуць яшчэ, што гэтак будзiць аж да таго часу, знацца, князь будзiць помачы клiкаць, аж пакуль наша зiмля зноў будзiць у руках сваiх людзей, — знацца, калi чужнiка прагонiм.
Дзед змоўк. Выцягнуў свой капшук iз самасейкай, выстукаў аб канец кастыля люльку, туга напакаваў яе тытунём, прыпалiў ды зноў загледзеўся ўдаль.
— А вы, дзеду, вiдзiлi гэнага гаравацкага князя ўвосень, калi той бой iдзець? — спытаў Янук.
— Вiдзiў я яго, сынку, дый чуў, як завець помачы. Алi нi знаю цяпер, сынок, наяву тоя было цi ўвосьнi. А гэта, што такая здань здаецца й што тутака замак быў i гэткi князь быў, дык гэта сама чысьцюсенькая праўда, каб я з гэтага места нi сышоў. Як ты, сынку, падрасьцеш, дык табе гэта саўсiм ясна станiць.
Янук яшчэ ўважней прыгледзеўся дзеду. Ён выглядаў нейкiм далёкiм i таямнiчым. Жыў цяперака, вiдаць, у сваiм, яму аднаму дасяжным сьвеце. Дзед гаварыў далей:
— Гэттака-ж недзiка ў гэтай зямельцы даўно спарахнелi косьцi гаравацкага князя й княгiнi. I от як я сяду, ды свае плечы да Архiпава камля прыпру, ды як прыслухаюся, так i чую, як ён аб гэтым мiнулым гамонiць, тужыць. Яму па згубленай славе маркотна. Па волi яму, сынок, маркотна. Ён-жа вуньдзiка пасьля вiсельнiкам стаўся. От на гэтым суку, што ты вiдзiш, адрэзаны ды як кукса тарчыць, дык нашых найлепшых людзей мужыкоў чужыя вешалi. Я-ж сам гэта помню. Малы тады быў, от такi як ты цяперака. Вiдзiў, як вешалi, як усiх нашых людзей зь Лiтоўцаў зганялi, на катаргу й на глум выправiлi…
— Калi гэта? — ажывiўся яшчэ больш зацiкаўлены Янук.
Дзед маўчаў. Мусiць, дух злавiць хацеў. Зрок ягоны блукаў дзесь гэт далёка, невядома дзе. Можа быў ён цяпер у тэй сiвой, аднаму яму вядомай, для нашага народу крывавай, мiнуўшчыне. Мо дзед стараўся яшчэ раз зазiрнуць туды, памяць адсьвяжыць, пазьбiраць у жмут кавалачкi-россыпы свае маладосьцi, ды мо й з таго згрувасьцiць лягэнду. Адылi гэта не была лягэнда. Дзед сам тое перажыў. Хоць яшчэ й не як узрослы, паўнапраўны сябра, што разам зь iншымi дзялiў цяжар-гора, але-ж як малы, кволы, на якiм усё цяжка адбiвалася, якому балела, якi чуўся бездапаможным. I цяпер вось усё для гэтага маладога дапытлiвага юнака, такога самага мо гаротнiка, як i дзед быў калiсьцi, трэба было сабраць, наверх вылажыць-пераказаць, каб добра прыняў, стравiў, каб з гэтага ў будучынi ўзыйшло й закрасавала нейкае плённае зярнятка.
Читать дальше