Калi малы, лысы, старасьцю паморшчаны чалавек урачыстым i ўзьнёслым тонам голасна зацягнуў: «Упакой, Госпадзi, на векi вечныя душу рабы тваей Алены», тады iз сотняў грудзей паплыло роўнай мэлёдыяй i ўзбуйнела:
Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць,
Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць,
Ве-э-э-чная па-а-а-а-мя-а-аць!
I не было мiж гэтага натоўпу анi прадстаўнiка цывiльнае ўлады, каб на вечны супачын правесьцi ахвяру свайго грэшнага бяспраўя, анi царкоўнае, што кагадзе прамяняць манiлася свае духоўныя абавязкi на два пуды жыта. I людзi гэтыя, голавалосыя, басаногiя, у палатканых саматканых сукенках i сьвiтках, у сваёй сьцiплай прастаце былi ў гэны час, як рэдка калi, блiзка Бога. Няшчасным у няшчасьцi спагадлiвыя, адклалi яны на сяньня прылады працы, пасьпяшылi сюды, каб выявiць усяму сьвету, што яны — адна душа, адзiн маральна й духова здаровы арганiзм, аб якi вось ужо стагодзьдзямi плешчуцца й разьбiваюцца, каб разкласьцi й зьнявечыць, чужыя варожыя хвалi.
Доўга жыць будзе тое сонечнае панядзелкавае раньне ў памяцi Лiтоўцаў. Можа, у сваёй глуха-нямой дрымоце прыгадаюць калi аб гэтым дзьве пышныя сосны-каралевы, мо, жмурачыся з Гараватчынай адлегласьцi, памяне калi гэнае людзкое мора сiвастагоднi асiлак Архiп. А старэйшыя лiтоўскiя жыхары, пазiраючы на тыя сосны на могiльнiку, будуць казаць сваiм дзеткам:
— Вiдзiця вунь гэныя вялiкiя сосны на могiльнiку?
— Ага. Ну дык што?
— Дзiва, што яны такiя пекныя вырасьлi. У iхных-жа драўляных жылах i наша бярэменная гаротнiца Алена недзiка ўвасобiлася.
— Якая гэта Алена?
— Ды тая, што яе чужы азьвярэлы лясьнiк за ягады маладую й цяжарную зараньня на другi сьветы адправiў… Памiлуй яе, Госпадзi…
Так, як Гараватка была-б некамплектнаю бяз волата Архiпа, гэтак вёска Лiтоўцы была-б няпоўнаю без Васiлёвага бацькi, дзеда Якуба. Вядома-ж, ня мог Якуб раўнацца з дубам-волатам гадамi. Але дзед быў для Лiтоўцаў такiм самым завяршэньнем i прыкметай, як Архiп для Гараваткi.
Надта-ж каляровы й цяглавiты гэта быў чалавек. Колькi ён меў гадоў, нiхто напэўна ня ведаў. Хвалiўся, што прыгон добра памятаў, а падчас паўстаньня Калiноўскага паўстанцам памагаў. Пасьля-ж, калi зусiм у пер'е аброс, доўгiя гады ў «маскалёх» каратаў. «Вялiкi самадзержац» гэнымi часамi сваю ўжо растаўсьцелую матухну-iмпэрыю пашыраў i многiя якiя непакорныя народы ў тым працэсе пашырэньня праглынуць намагаўся. Косткай у горле яны «самадзержцы» заселi, дык, каб далей у iмпэратарскi страўнiк гэную костку папхнуць, i Якуба ў збройную талаку паклiкаў. Якуб, вядома-ж, ня вельмi-та наперад у гэным папiханьнi пяўся, але нейдзе ў гвалтоўнай мiтусьнi неасьцярожна сваю левую нагу куды ня трэба выткнуў, дык i адкусiлi яе аж па калена. Вярнуўся ў родную вёску ўжо старым i падношаным калекам. Пазнавата было жыцьцё будаваць, дык прылiп да аднэй зусiм яшчэ не ў гадох удавы, дый сына Васiля нажыў. Жонку гадоў дзесяць таму пахаваў.
— Сколька табе, дзядуля, гадоў будзiць? — пыталiся цi раз дзеткi.
Якуб дзеткамi ўсiх у вёсцы клiкаў, а з малечай надзвычайна гаманiць i забаўляцца любiў. Гаварылi некаторыя, што сам другое дзяцiнства перажываў.
На такое пытаньне дзед Якуб, бывала, памарудзiць з адказам, скубане сваю кароткую сiвенькую бародку, па-бацькоўску пагладзiць па галоўцы аднаго цi другога нямыцьку, зазiрне ў зацiкаўленыя вочы, дый кажа:
— А мне, дзетачкi мае, мусiць, ужо капы са дзьве, калi ня болей мiнула.
Калi хто старэйшы, вуха наставiўшы, збоку стаiць, Якуб падмiргне яму з хiтрай усьмешкай, быццам тлумачыць: «Ты-ж, братка, знай, што для дзетак хто старэйшы, таго болi шануюць».
Дзецi пачнуць лiчыць, тады колькi гэта будзе дзьве капы. Нярэдка Якуба на помач паклiчуць, самi такой праблемы не асiлiўшы, дык пачынаецца тады доўгая й пацешная гутарка.
Яшчэ ня так даўно — усяго цi пару год таму — як на тое лiха, раматус за дзедаву правую руку ўчапiўся. Мяркавалi, цi гэтым разам дзеду капцы будуць. Дзе там! Доўга-ткi крактаў i кешкаўся стары, нават нейкую поскудзь, што шаптуны яму нараiлi, ужываў, руку ёй аблеплiваў. Па нейкiм часе глядзяць людзi й веры сваiм вачам не даюць: раматус Якубаў як рукою зьняло. I ня дзiва, што казалi лiтоўскiя:
— Надта-ж жывучы наш кульгавы дзед Якуб, iкраз як той дуб Архiп. Нiякая трасца яго нi бярэць.
У тоне гаворкi вычувалася дзiцячае зьдзiўленьне й зусiм несхаваная пашана.
Хоць гэны раматус дзед Якуб здужаў, апошнiмi гадамi менш рухлiвым i актыўным стаўся. Радзей ад свайго падворку й малога кавалку зямлi, што яму па жонцы прыйшоўся, адлучаўся. Калi-нi-калi нямогласьць замiнала яму ўпарацца з такiмi простымi гаспадарскiмi работамi, як адрэзаць цi пашчапаць калоду дрэва, цi вядро вады ў хату з калодзезя прынесьцi. Шванкаваў i зрок. Як нi кажы, гады сваё робяць. Цяперака гэта ня тое, што раней бывала, калi руплiвага й павярткога аднаногага дзеда можна было й блiзка й далёка сустрэць: ён i на поле прыклыпае, i да суседа, i на гэты канец вёскi й на другi.
Читать дальше