Характэрна, што амаль нiхто з гэтай шляхты не карыстаўся дома польскай мовай; бальшыня ня ведала яе ў зуб. Ставiлi знак роўнасьцi памiж пальшчынай i каталiцтвам так, як гэтага вымагала ўлада. Няздольныя, такiм чынам, выявiць польскасьць у мове цi чым iншым, намагалiся быць лепшымi каталiкамi, чым сам папа рымскi, i лепшымi Палякамi, чымся паны й асаднiкi, якiх панавозiла-панасаджвала на гэтую зямлю панская ўлада. У запраўднасьцi-ж былi няўдалымi iмiтатарамi.
Другая, лiкам пераважаючая, праваслаўная часьць Беларусаў была для гэтых iмiтатараў-Палякаў «рускiмi». I сьвяткi, гэткiм чынам, не называлi каталiцкiмi цi праваслаўнымi, але «рускiмi» й «польскiмi». Такое разьмежаваньне Беларусаў, якому спатурала нацыянальная маласьведамасьць, прыяла ў руку польскiм ураднiкам, калi пры пярэпiсу насельнiцтва шляхам хвальшаваньня трэба было давесьцi, што тут бальшыня «палякаў», а крыху «рускiх», маса «тутэйшых», а Беларусаў дык адно на развод цi звод асталося.
Сяньня Паўлоўскi трапiў у тупiк. Адчуваў, амаль ведаў, што поўная праўда была на баку гэтых людзей. З боку Бжончка не магло быць апраўданьня за забойства Бахмачыхi. Палiцыя гаварыла йнакш. Як Пракоп прагнаў iх з хаты, забеглiся да Паўлоўскага. Пераказалi солтысу лясьнiкову вэрсiю. Адно па выглядзе iхным здагадаўся Паўлоўскi, што незадаволеныя былi цэлай гэтай справай. Хацелi-б, вiдаць, як той Пiлат, абмыць рукi, калi-б з абавязку не былi паклiканымi. Нацякнулi солтысу, каб сачыў, што тут будзе рабiцца, i «ў выпадку чаго, ты ведаеш дзе нас знайсьцi». Казалi таксама, каб пасьля паховiнаў прыгадаў Пракопу зьявiцца на пастарунак для высьвятленьня справы.
Ужо хто як хто, а Паўлоўскi ведаў Пракопа зь першай рукi, як роднага брата. Бахмач, бывала, каб каму калi вока запарошыў, а ня тое, што на нейкага ўзброенага галаруч кiнуўся. Вось чаму солтыс быў пэўны, што тутака хiба была на лясьнiковым баку. Калi-ж людзi абурылiся нялюдзкiм Бжончыкавым учынкам, дык мелi добрыя падставы на гэта. Ды Паўлоўскага тое зусiм ня грэла. Наадварот хто-ж, калi ня ён, мусiў у сабакi вачэй пазычаць, крывiць душой, падтрымлiваць хвальшывую ўрадаваю вэрсыю? Як-жа йнакш?
Ты-ж адно паспрабуй, публiчна прызнай гэтым людзям слушнасьць, дык толькi глядзi, што будзе! Ведаў солтыс вяскоўцаў, як сваю пецярню. Не сябры яны яму. Цi адзiн укусiў-бы яго, каб зубам волю. Ого! Тут, брат, пальца катораму ў рот нi ткай, бо цэлага ня выймеш! Ты закiнь за каторага слова, прызнай слушнасьць, дык спачатку панiбратамi стануць, а пасьля — чаго добрага — нараўне цябе iз сабой паставяць. А якi-ж ён iм роўня? Ён-жа начальнiк iхны. Таму мусiць воддаль трымацца й вэрсыю Бжончка падтрымлiваць. Паўлоўскi-ж ня з тых, што ўчора нарадзiўся, ён ведаў чыю руку грэць.
Мужчыны слухалi солтысавай гутаркi неахвоча й, мусiць, толькi для прылiку не пярэчылi. Калi адгукалiся, дык няшчыра й асьцярожна. Нядоля навучыла iх цанiць-узважваць кожнае слова, каб лiшняга ня ляпнуць. Халадзечу з боку аднавяскоўцаў Паўлоўскi адчуў вельмi выразна. Калi пераказваў, што яму казала палiцыя, заступаўся за Бжонка, або ганiў Бахмача, некаторыя маўклiва кiвалi галавой, у найлепшым-жа выпадку адно патаквалi. Солтыс спасьцярог, што дзе-б ён нi павярнуўся, зацiхалi галасы, людзi насьцярожвалiся, адыходзiлi на бакi. Не хацелi адчыняць перад iм сваiх сэрцаў, ня лiчылi яго сем'янiнам.
Солтыс падыйшоў да Лявона Шпунта. Прабаваў пацягнуць дзяцюка за язык. Той збываў яго паўсловам, а нават маўчаньнем. Хто-як-хто, а Лявон-жа заўдзячваў Паўлоўскаму сваю працу «драгомiшча». I гэты гаварыць, адкрыцца не хацеў. Наапошку Паўлоўскi адчуў сябе зусiм чужым у гэтай грамадзе.
Каб гэта хто з гэтых мужыкоў ды кiнуў яму, як Паляку, абвiнавачаньне ў вочы, узяў яго за чуб! От схапiўся-б тады iзь iм уджкi. Што-б там нi было, але душэўную злыбяду прагнаў-бы. Дык-жа не. Проста, мусiць, залiчылi яго, пана солтыса, у лiк вiнаватых дый кропку над тым паставiлi. Нават толкам паслухаць яго ня хочуць. Проста абмiнаюць. Гэта ўжо празь меру! — «Я-ж вам за гэта пакажу, пазнаiця вы!» — у думках пагражаў Паўлоўскi.
Пракоп, як той прывiд, шмыгнуў ля плоту, некаторымi нават незаўважаны, дый пайшоў на двор да Алеся.
— Наказаў? — спытаў швагра, адклаўшы малаток.
— Наказаў, толька…
— Толька што?
— Нi прыедзiць.
— Нi прыедзiць? Як-та так?
— Два пуды жыта захацеў.
— Аж два пуды?
— Так…
Ценi ад лiхтара замерлi на панадворку.
— Каб яму сваё бокам вылiзла, як ягонай прагавiтай кiшцэ мала! — плюнуў злосна Алесь. Пракоп стаяў моўчкi, трымаючы на дамавiне вочы.
— Сказаў-бы-ж ты, што аддасi, як сажнеш ды змалоцiш.
Читать дальше