Няголены, нястрыжаны, у сiняй кужэльнай сьвiтцы й зрэбных портках, босы Пракоп крочыў наперадзе. Быў ён высокi, моцнага складу мужчына. Ростам ледзь не раўнялася зь iм Алена. Першыя маршчыны барознамi пайшлi араць ейны яшчэ прыгожы, падоўжаны, зь вялiкаватым носам, твар. Накрытыя завязанай пад бараду паркалёвай хусьцiнкай, дзьве даўгiя касы блёнд валосаў ляглi кругам на галаве. Андарак з даматканага, добра ўжо працёртага паўсуконьнiку, хаваўся пад выпускной сiняй кужэльнай кофтай. Iшла жанчына паволi, за Пракопам цi побач яго, як-бы ўсё мяркуючы, каб крыва не ступiць, цi дарэмна не панатужыцца. За месяцы тры, як прыблiзна вылiчыла, папоўнiцца мае iхная сям'я яшчэ адным чалавекам.
Узьбiраючыся на горб Гараваткi, Пракоп збавiў кроку, каб пасабiць Алене. Прыйшлi да вялiкага крыжа — таго самага, што стаяў над падоўжанай магiлкай вояў зь вялiкае вайны. Як-бы змовiўшыся, затрымалiся, перахрысьцiлiся, ды бяз слова пачалi разглядаць Лiтоўцы й ваколiцу.
Даўно ўжо сьцiх раньнi вясковы гоман. Цяпер вёска драмала. Хто пайшоў у сьвятынi, хто да суседзяў, а хто на поле цi ў лес. Нават жаўранкi рэдка дзе зьвiнелi.
— Калi от так падзяржыць яшчэ бяз дожджу, ды сёлета ў нас скупей будзiць як калi. Насеньня зь нiвы не сабяром, — сказаў Пракоп, трымаючы на воку свой клiн зямлi, што вунь гэт за могiльнiкам падыходзiў аж пад самую чыгунку. Ён iз зайздрасьцю глядзеў на шырокi доктараў хутар, дзе жыта, як iншым разам казаў, «трубой вярнула, аж услалася». Вядома, доктар меў чым угнаiць. Тое-ж самае й у другога вясковага багатыра, «амэрыканца» Сявенькi, хутар якога быў побач бальшака — туды пад Галавачы з гэтага боку чыгункi. Зямля была там цi найлепшая ў вёсцы. Сявенька не дарма выдаткоўваўся на каморнiка. Аплацiлася.
— Каму, казаў той, дык i Бог i чорт сулiць. Людзям нiшчасьця, а яму масьлiнiца, — скончыў Пракоп пра лекара. Алена стаяла моўчкi.
Зянкевiч, якога называлi доктарам, меў цi ня больш шчасьця як розуму. Падчас вайны скончыў фэльчарскi курс, працаваў нейкi час пры шпiталi, быў на фроньце. Пасьлей распазнаў лекавыя вартасьцi зёлак, якiмi асаблiва ўмела карыстаўся мiж мясцовых сялянаў. Быў ён насамперш добрым знаўцам людзей. Ведаў, якое слова i ў якi момант да каго ўжыць. Бывала, прыедзе якая цётка зь цяжкой хваробай. Ён так трапна й умела распытае што трэба, зручна гутарку павядзе, пацешыць, параiць, што гэта больш паможа, чым якiя модныя лекi. З усiмi быў на «ты», просты й адкрыты, зь нiкога лiшняга ня браў. Калi хто ня меў чым за паслугу адгадзiцца, дык i так было добра. Затое людзей прыходзiла й прыяжджала да яго маса. Усю лекарскую аптэку трымаў у шафе. Недарма Пракоп цi iншыя зайздросьцiлi Зянкевiчу. У хаце быў дастатак, на полi лепш, чым у iншых, радзiла, дый здавалася людзям, што не працаваў так цяжка, як яны.
Калi спусьцiлiся на другi бок Гараваткi й ужо падыходзiлi пад зарасьнiк, што ляжэў ля канавы, сказала Алена:
— Нешта-ж нi вiдаць Лазоўскага кароў. Як-жа там Янучок?
Пракоп разгледзеўся навокал i сказаў:
— Вуньдзiка вiдаць пры лесе ў кустох. Пазашывалiся, пэўне, ў цень.
Падыйшлi да кароваў, што ацярэблiвалiся ля кустоў, лянiва перакiдвалi жованку, хвастамi малоцячы дакучлiвых мухаў i аваднёў. Бахмач гукнуў Янука. Нiхто не адгукнуўся, i Пракоп гукнуў яшчэ раз. Найперш пачулася браханьне Тапсiка, што выбег зь лесу й кулем кiнуўся да Бахмачоў. Ззаду бег Янук. Сабака кiдаўся то да Пракопа, то да Алены, намагаючыся з радасьцi лiзнуць аж у твар.
— Ты-ж гэта дзе бадзяiсься, кароў самiх пакiнуўшы? — лагодна спытаў сына бацька.
— А што-ж iм? Нажорлiся, куды-ж iм, — засопшыся зь бегу, тлумачыў Янук.
— А ты што ў лесе робiш?
— Дык гэта-ж Тапсiк там нейкую нару апароў ды давай лапамi капаць. А я памагаць яму. Ажно нiчога й нi нашлi, пад самы бярозавы корань павяла.
— Барсук, можа, — сказала Алена.
— А вы куды гэта?
— Па малiны йдзем.
— Цi ёсьцiка яны там? Можа, другiя вызьбiралi…
— Ты вiдзiў каго?
— Тры Брунiськi яшчо зраньня пёрлi, а так яшчо некаторых вiдзiў, дык нi пазнаў здалёку.
— Гэтым Брунiськам дык уходу нiма, — прабурчэў Пракоп. — Усё павызьбiраюць. Ну а як-жа ў цябе, што новага?
— Ды нiчагусiнькi. Усё як было, гэдак i ёсьцiка.
У лесе пацягнула вiльготным жыцьцядайным халадком. Дубы, бярозы, хвоi й iншыя дрэвы, змагаючыся ўверсе за доступ да сонца, згусьцiлiся-пераплялiся сваймi чубамi-каронамi. Так густой была страха дрэў, што рэдка дзе сонца ўнiз трапляла. Што дзе расло ўнiзе, выглядала вялае, бледнае. Калi-ж у тэй страсе была якая прагалiна, дык тутака ўнiзе на сонячнай палянцы гусьцелi малыя, пышныя расьцiны й кусты. Гэтта зусiм iншы сьвет, чым на полi. Там чалавек быў млявы, а тут жвавы, жывы. Незьлiчонае птушынае царства голасна славiла вясну й невычарпальныя сiлы вечна зьменнай прыроды. Хацелася прысесьцi, абаперцiся аб камель каторага дуба цi бярозы ды поўнiцца гэтымi жыцьцядайнымi песьнямi, сокамi… Хацелася назiраць крылатых жыхароў лясных гушчаў, што завiхалiся з працай i песьнямi, дзiвiцца-любавацца ляснымi багацьцямi.
Читать дальше