— Забiў, людцы мае, Алену маю забiў! — лямантаваў голасна Бахмач.
Людзям, што пасьпяшылi на гул стрэлу, крыкi й лямант Бахмача, паказаўся страшны вобраз: на траве, зачырвоненай крывёй i малiнамi, зь перакуленымi побач кошыкамi, ляжала на сьпiне, выцягнуўшыся, мёртвая жанчына. Шырока адчыненыя ейныя вочы, поўныя тупога жаху, застылi поглядам уверх. Ля яе кленчыў, наўзрыд галосячы й захлiпваючыся, утрапёны Бахмач. Плачу не было супыну. Аброслы шчацiнай твар быў вымазаны крывёю. У чырванi сьлёзы рабiлi малыя ручайкi-барозны. А чалавек сядзеў нерухома, зрокам улiпшы ў мёртвы твар жонкi, i ўздрыгваў ад плачу.
Людзi падыходзiлi, паволi абступалi iх. Былi гэта пераважна жанкi й дзеткi. Нема ўпiвалiся вачамi ў гэты вобраз, быццам баючыся турбаваць цiшыню. Дзесь зусiм блiзка загрукатаў у камель дрэва дзяцел. Дыхнуў вецер, i аднастайна, ленна скрыпнула надламанае дрэва.
Пасьля першага ўструсу прыйшла гамонка.
— Гэта хто? Цi нi лясьнiк забiў?
— Застрэлiў, сукiн сын…
— Гэта-ж Алена. Цяжарная. Божачкi мае!
Некаторыя хрысьцiлiся.
— Двух чалавек, лiчы, са сьвету зьвёў…
— Чаму-ж гэта?
— Мусiць, ягады адбiраў, талонаў ня мелi…
— Дык цi-ж то за ягады страляць?
— От погань, ну й нiма-ж на яго кары боскай! За ягады цяжарную бабу забiў!
— А дзе-ж ён дзеўся?
— Уцёк, мусiць, сабака. Пабаяўся, каб самаго ня прыхлопалi.
— Сабака!
— Панскi цiвун!
Гамонка была цiхая, стрыманая. У кароткiх словах было выказана шмат. Стаялi навокал, прыглядаючыся людзкой трагедыi, ня ведаючы, што далей пачаць. Тыя, што ня зь Лiтоўцаў былi, распытвалiся: а што, а як, а хто?
Чалавек наблiзiўся да Бахмача, паклаў яму руку на плячо.
— Нi чапай яго, нiхай паплачыць, гора вылiiць. Адыйдзiся.
Чалавек адыйшоўся. Доўга цягнулася напружанае маўчаньне. Падыходзiлi новыя людзi, цiснулiся наперад, каб зблiзу кiнуць вокам на Бахмача й забiтую Алену. Жанкi, што ведалi Бахмачоў, далi волю сьлёзам.
Прайшло гэтак мо хвiлiн дзесяць цi болей, а Пракоп усё сядзеў, утаропiўшыся ў мёртвы, ужо бляднеючы жаночы твар, цэлы калацiўся ўздрыгамi. Сьлёзы калацiлiся па замазаным крывёю твары.
Нарэшце падняў галаву, схамянуўся. Глядзеў вакол сябе, быццам стараючыся прыгадаць, дзе ён ёсьць i чаму народ абкружыў яго шчыльнай сьцяной. У натоўпе пачаў некага шукаць вачамi.
— Давайце-ж памагчы чалавеку, — сказаў нехта. — Ня будзiць-жа ён тут у лесе…
— Арсенька, — гукнуў нiзкiм, ледзь чутным голасам Пракоп Пiлiпавага хлапца.
— Што, дзядзя? — адгукнуўся й падаўся наперад басаногi, гадоў дзесяцi, хлапчук.
— Будзь добры, дзетка, падбяжы… тутака нiпадалёк мой Янучок Лазоўскага кароў пасьцiць. Скажы яму, каб папрасiў Лазоўскага сюды каня з каляскай прыслаць.
— Ужо бягу!
Як-бы яго вецер падхапiў, рад услужыць у нядолi, хлапец кiнуўся выконваць Пракопаву прозьбу.
У густой сьцяне людзей iзноў аджыла, спачатку цiхая, пасля галасьнейшая, гамонка. Жаночая рука паволi, пяшчотна, закрыла Аленiны павекi. Нехта перасьцярагаў, каб не тапталi парассыпаных ягадаў. Перасьцярога была позная.
Уверсе ў лёккiм ветрыку гаманiлi кароны дубоў. Цi такое й цi раз яны бачылi. Нямыя сьведкi мiнуўшчыны — калi-б Бог iх голасам узнагародзiў — цiмала чаго цiкавага й жахлiвага расказалi-б аб зьдзеках над гэтым бедным працоўным паняволеным народам.
Унiзе гаманiлi людзi. Абрабаваныя зь зямельных багацьцяў, з плёнаў працы сваiх мазольных рук, заўсёды панiжаныя й уцiсканыя, перад сабой аглядалi жывы й сьвежы вобраз панаваньня «панства польскага». Ён, гэты вобраз, якi на розныя лады й кажны пасвойму камэнтаваў, застанецца ў памяцi кожнага праз цэлае гаротнае жыцьцё.
Янук iз Тапсiкам пiльна вартаваў, каб каторая карова не скубанула аўса, да мяжы якога падпусьцiў статак. Раз цi два кiнуў вокам у бок загуменьня, дзе паказаўся Лазоўскi зь нейкiм другiм панам — пэўна, таксама асаднiкам. Гэны, гладкi з выгляду, пан прыехаў у Лазоўскага двор яшчэ пасьля полудня, калi вярнулiся асаднiкi з касьцёла. Доўга абедалi. Цяперака, пэўна, Лазоўскага жонка, ейная дачка-гiмназiстка, ды тая другая панi iз сваёй дачкой недзе сядзяць i гамоняць у цяньку ў садзе, а мужчыны выйшлi на поле, каб палюбавацца збожжам. Янук мяркаваў, што Лазоўскi пакажа таму чалавеку сваё жыта, лён, грэчку й iншае. Якую гадзiну цi дзьве будуць валачыцца па полi, Лазоўскi будзе выхваляцца, колькi й куды даў гною, што, калi й дзе сеiў, што там расло летась, ды цi ўрадзiла. Той другi пан прыкiне слова; гэтак, ходзячы й гамонячы, сплывацьме час. Чуў Янук цi адзiн ужо раз i прыглядаўся, як вось так у нядзелю каторы гаспадар зь кiм другiм ходзiць па полi, аглядае сваё дабро, хвалiцца, ганiць цi наракае.
Читать дальше