Ды прыелiся ўжо ўсiм такiя Антосевы штучкi. Некаторыя мяркавалi, як-бы паддаць iм iмпэту, каб i папраўдзе пачалi «чмыхаць у рылы». Ведалi, што нiкому ня ўдасца зьвесьцi Пятра да бойкi, бо ён, калi запраўды на бойку заносiлася, як каторы зь дзяцюкоў насядаў на яго, тукаючы-гукаючы, адыходзiў дзе ў кут, каб ня быць на вачох у людзей. За гэта, мусiць, i палахлiўцам яго лiчылi.
Непаседлiвай моладзi рупiла, каб барзьдзей пайсьцi й пусьцiцца ў скокi, некаторыя адыходзiлi ўжо ў кiрунку Кмiтавай хаты, каб даведацца, як будзе зь вечарынай. Казалi, што й музыка Тадэўка iз сваiм цымбалiстым неўзабаве мае зьявiцца.
У гэты час з-за Тахвiлiнага саду, што быў воддаль вулiцы ў той бок пад Гараватку, паказаўся Пiлiпаў Арсень. Ён бег мяжой ля высокага тыну. Вiдаць было, што змарыўся, бо часамi звальняў, iшоў борздым крокам, тады зноў бег. Ад гэнага бегу неспакойна дрыгаў на ягонай галаве чорны чуб. Задыхаўшыся, стануў ён пасярод вулiцы, зачарпнуў поўныя грудзi паветра ды так, каб усе людзi чулi, голасна крыкнуў:
— Бахмачыху лясьнiк у лесе застрэлiў!
Гоман сьцiх, як хто адрэзаў. Усе павярнулiся й упiлiся вачамi ў хлапца.
— Што ты гаворыш? Калi? Чаму? — пасыпалiся пытаньнi.
Арсеня абступiлi шчыльнай сьцяной i намагалiся пацягнуць за язык. Пятае празь дзясятае распавёў, што бачыў на свае вочы й чуў на свае вушы ў лесе, ды, крутануўшыся, подбегам рушыў у кiрунку свайго дому, што быў у тым канцы вёскi пад Лiпавiчы, непадалёк Бахмачовага.
Моладзь цяпер ажывiлася. Пачалi на ўсе лады абмяркоўваць i перажоўваць пачутае. Пасьля першага ўструсу наступiла маўчаньне. Усе, як умовiўшыся, рушылi да Бахмачовай хаты.
Вестка аб забойстве ў лесе маланкай абляцела Лiтоўцы ды пашыбавала ў суседнiя вёскi. Ля Бахмачовай хаты рос натоўп. Чакалi, выглядаючы на дарогу, што за аселiцамi.
З гасьцiнца, што паўз скарбовы лес i лiпавiцкiя землi бег на Гацi, павярнула на лiтоўскую прасёлкавую дарогу хурманка, а за ёю група людзей. Яўхiм, трымаючы ў ваднэй руцэ лейцы, iшоў побач возу й стрымлiваў руплiвага каня. Адно рыпеньне восяў, драбiнак i ляскатаньне колаў суправаджалi гэтую панурую маўклiвую працэсiю.
Ззаду за возам, панурыўшы галаву, iшоў Пракоп, побач яго — заплаканы Янук i Тапсiк, за iмi — людзi з кошыкамi. Бахмач, звычайна абярэжлiвы й разважны, цяпер ня бачыў цi не зважаў, дзе крыва ступiў у каляiну, цi босай нагой у якi камень на няроўнай дарозе стукнуў. Ён усёй iстотай патануў нейдзе ў мутных глыбiнях, як праз сон адно бачыў, што дзеялася навокал, ды йшоў, мусiць, толькi таму, што яго вось скранулi зь мейсца ды йшлi ўсе навокал. Каб раптам хто яго затрымаў, дык не адразу здагадаўся-б чаму, а стаяў-бы да таго часу, пакуль iзноў нехта цi нешта спрычынiлася-б да руху наперад, дый тады без усьведамленьня, навошта гэта патрэбна, пачаў-бы перастаўляць свае ацяжэлыя ногi. У ягоным уяўленьнi ўсё яшчэ стаяў каржакаваты руды чалавек iзь зьвярыным поглядам i трыманай напагатоў стрэльбай. Зноў i зноў паўтаралася тая страшная сцэна, што так брутальна й нечакана адабрала ў яго найдаражэйшую й зусiм у жыцьцi незаменную падпору. I пры кожным такiм балючым паўтарэньнi ўмiрала маленькая частка Пракопа.
«Што-ж рабiць цяпер? Як быць?» Думкi, як груганьнё, мiтусiлiся ў галаве, як неспакойныя васеньнiя хмары то сьпяшылi насустрач, то адплывалi ў нябыт.
«А каб Алена ня выбегла наперад, нi заступiлася за мяне, можа гэты баньдзюга й ня стрэлiў-бы… А можа, гэта ў яго так нехаця сталася, бо яна-ж за стрэльбу тарганула… Можа, ён толька пастрашыць хацеў… Бiзгалоўя яго знаiць…»
Пры гэтай думцы й сумлевах аб невядомым яшчэ больш ныла-балела ў грудзёх.
«Усягды яна такая была, наперад iрвалася, зубы сашчамiўшы, хоць самой не па сiлах прыходзiлася, бо хацела, каб другiм лякчэй было… От i галавой налажыла. I нi дарма-ж мусiць-ткi той сон сасьнiўся. Божачкi мае, гэта як усiроўна якое лiха адчувала. Зьгiнулi-б няхай яны прапалi тыя малiны, каб гэта чалавек… Ды позна, хоць ты вый-крычы, грудзi расьпiрай, дык яе нi ўваскросiш…»
«А як-жа пахаваць? Навет доскi на дамавiну нiма… Людзей папрасiць, каб памаглi…»
Ля могiльнiка павярнулi на хутарную Якубаву дарожку, пераехалi малы мосьцiк, што на канаве ў аселiцах i празь Якубаў двор выехалi на вулiцу.
Народ ля Бахмачовай хаты стаяў цiха, як анямеўшы. Ужо як зусiм наблiзiлiся, людзi расступiлiся, каб даць дарогу пад'ехаць пад ганак. Кмiтава Аўдоля шаптала на вуха Пiлiпавай Аксенi:
— А ягадка-ж мая, а мiленькая, глянь ты на Пракопа.
Завэдзганы крывёй Пракопаў твар быў аб'ектам агульнае ўвагi. Хто Бахмача яшчэ ўчора бачыў, дык сяньня ледзь пазнаць мог. Мутныя вочы глядзелi й, здаецца, ня бачылi. Запушчаная барада й валосы адно акцэнтавалi тое, што Пракоп нейдзе разьмiнуўся з нармалёвым жыцьцёвым нуртом.
Читать дальше