Шмат дзе малiньнiк сьвяцiўся белымi чаранкамi, але й ягадаў было ўволю. Былi яны пахучыя, смачныя. Збоку чулiся галасы, калi iншыя якiя зьбiральнiкi ў суседзтве былi. Сонца пякло шыi, паволi паўнелi малiнамi кошыкi, птушыная сымфонiя прыемна казытала слых, а духмяны водар ягадаў i краскаў ледзь не п'янiў чалавека. Гэтак незаўважна й у пiльнай працы сплываў час. Ужо, як сказаў-бы Пракоп, кiшкi марша на ўсю йванаўскую гралi, кошыкi былi амаль поўныя, сонца добра пахiлiлася на захад, калi дамоў iсьцi наважылi.
Адно перайшлi пералесак i пачалi паглыбляцца ў дуброву, кiруючыся на сьцежку, як перад iмi, быццам з-пад зямлi, вырас камлюкаваты руды чалавек. На правым плячы трымаў наперавес стрэльбу. Рудыя, непрыязныя вочы борзьдзенька бегалi па Бахмачох i найдаўжэй затрымалiся на кошыках. Бачыў Пракоп гэтага чалавека раней, ды ўсё зводдаль. Цяпер-жа стаяў перад iмi на крокаў пяць, не далей, правая рука — ля замка стрэльбы, левая — у кiшэнi напушчаных на боты портак. Апрануты быў у выцьвiлы вайсковы муньдзiр, на галаве шапка-канфедэратка.
Ззаду за лясьнiком стаяў, шырака адкрыўшы чорны рот iз здаравеннымi iкламi й выпнуўшы язык, вялiкi сабака-ваўчар. Пракоп, прыгледзеўшыся гэтаму камлюкаватаму пану, адразу спанатрыў, што сустрэча гэткая нiчога добрага яму нi варажыла. Алена iнстынктоўна левай рукой сьцiснула вышэй локця Пракопаву правую руку. У гэтым цiску выказалася й перадалася мужу ўся Аленiна трывога. Дзьве пары сялянскiх вачэй улiплi, напружана чакаючы далейшага, у палячка. А той спакойна, як i належылася гаспадару багатага лесу, прамовiў сiпаватым голасам:
— Талоны маеце?
У голасе было пытаньне й пагроза.
— Не, паночку, нi маем. Нi было ў нас грошы купiць iх, — пасьпяшыла з адказам Алена.
— Адкуль вы? — спытаў Бжончэк ужо болей сурова.
— Зь Лiтоўцаў, - адказаў Бахмач.
— Як прозьвiшча?
— Бахмач Пракоп…
Пракоп не на жартачкi затрывожыўся. Зiрнуў на бакi, быццам спадзяваўся ад некага дапамогi. Навокал не было жывой душы.
— Вы ня ведалi, што без талонаў нельга з панствовага лесу зьбiраць ягадаў?
Голас Бжончка павысiўся, пагражаў. Быццам адгадваючы думкi свайго пана, сабака пайшоў наперад, паказелiў рудыя вочы на Бахмачоў.
— Ведалi, але…, - пачаў Пракоп.
— Няма «але». Адстаўляйце кошыкi з малiнамi i йдзiце адкуль прыйшлi, а штраф заплацiце пасьля!
Не было сумлеву. Гэта быў загад.
— Паночку, даруйце, мы-ж…, - пачала плаксiвым голасам Алена.
— Маўчаць! Нiякае там «паночку»! Кажу — давайце малiны! — крыкнуў Бжончэк. Сабака пачаў бурчэць, гатовы скочыць на злоўленых.
Кошыкi з малiнамi вiселi спакойна на руках.
— Зараз, жлобе едэн! Колькi разоў казаць маю! А то застрэлю!
Лясьнiк узяў напагатоў стрэльбу, ляснуў замком i мерыўся на Бахмача. У гэты час Бахмачыха, вiдаць бяз роздуму, з маланкавай хуткасьцю крутанулася наперад, каб засланiць мужа. Правай рукой, каб адхiнуць яе набок, хапiла за рулю стрэльбы. Грымнуў стрэл. Алена ўхапiлася за правы бок вышэй пахвiны й цяжка застагнала. Кошык зь ягадамi, што вiсеў на руцэ, паляцеў вобземлю. Пракоп, кiнуўшы свае малiны, абняў жонку. Алена дрыгала й вяла ў Пракопавых руках.
Усё гэта адбылося так хутка й неспадзявана, што Пракоп, — быццам яму хто добрую аплявуху заехаў — як у ймгле быў, ня ведаў, што рабiць. Алена, цяжка дыхаючы, асела на зямлю.
— Алена, мiленькая, даражэнькая!.. — вырваўся балючы голас з Пракопавых грудзей. Прысеў побач, узяў яе правай рукой пад галаву, левай мацаў рану. Аленiна кужэльная кофта была абсмаленая й закрываўленая з правага боку на якую пядзю вышэй пахвiны. Пракоп iз жахам адцягнуў лiпкую ў крывi руку.
— Пракопка, галуб…, галубок мой, — стагнала Алена. — Божачкi, канцы мне, мусiць… ох…
Голас ейны слабеў. У шырака разчыненых вачах адлюстраваўся вялiкi боль i жах.
— Пракопка, глядзi дзетак… ох, Божа… нi спус….
Галава ейная раптоўна ахiнулася назад, i абамлела цела. Пракопаў твар атупеў у зьдзiўленьнi й сполаху. Ня верылася, нiчога ня верылася, што бачыў на свае вочы, што трымаў у руках. Не, гэта не магло быць! Што гэта: сон цi ява? Цяжкое, непарушнае, зь бiцьцём у сэрцы, маўчаньне трывала ня больш сякундаў пятнаццацi.
— Але-э-э-э-на! Але-э-э-э-на! — раўнуў немым голасам Пракоп, скалатнуўшы бязладнае цела. Крык гэты, перанасычаны роспачай, падхапiла й паслала далей дуброва.
— Забi-i-iў! — раўнуў колькi моцы Бахмач. — Людцы добрыя, забiў!
Не памятаючы, што рабiць, паклаў нябожчыцу на траву й, стоячы перад ёй на каленях, падняў галаву. Левай рукой, як звык гэта рабiць у заклапочаньнi, правёў па сваiм твары й вымазаў яго лiпкай крывёю. Вочы блукалi па дуброве, шукаючы лясьнiка. Каржакаваты панок i сабака як пад зямлю канулi.
Читать дальше