Ледзь дакрануўся Пракоп клямкi варот у хляву, як ад сярэдзiны дайшло да вушэй нiзкае й задаволенае мыканьне. Чарнуля ведала, куды павядзе яе гаспадар — не першыня-ж гэта. Кабылы не было ў хляву, яна начавала за гумном у загарадзi.
Пракоп асьцярожна ступiў босымi нагамi ў хлеў. Саломы на посьцiлку ў гаспадарцы даўно каб табе калiва засталося. Пад нагамi стаяў рэдкi гной. Пракоп закiнуў Чарнулi павадок на рогi, вывёў да карыта й напаiў. На вулiцы затрымаўся ля плоту, нарваў крапiвы й выцер карове запэцканыя гноем бакi й чэрава. Рушыў праз аселiцы ў кiрунку могiльнiка, а там павярнуў на бальшак, што з усходняга боку Лiтоўцаў бег праз чыгунку ў кiрунку Галавачоў, а на поўднi хаваўся ў скарбовым лесе й там лучыўся iз гасьцiнцам. Па ўзбочынах бальшаку мейсцамi было шмат травы. Не марудзячы, Чарнуля пачала скубсьцi, а Пракоп пачаў прыслухоўвацца раньнiм гукам i прыглядаўся, як нараджаецца новы дзень.
Вiднелася. Ужо спынiлi гарлапанiць вясковыя пеўнi, а на зьмену iм прыходзiлi птушкi. Далёка над дубам Архiпам кружыла зграя варонаў. Пакаркаўшы, паляцелi на дзьве вялiкiя сосны, што расьлi на могiльнiку. З Гацяў далятала цяненькае галёканьне й лязгат буфэраў. Пракоп ведаў, што такiя гукi робiць малы паравоз, што безьперапынна соўваецца па чыгунках, зьбiраючы цi раськiдаючы вагоны. З Гацяў выходзiлi тры чыгункi — на захад, усход i поўнач. Станцыя была немалая.
На полi зазьвiнеў першы жаўранак. Дзесь голасна сакатала курыца, рыпелi асьверы, чуваць быў раньнi гоман пастухоў, што гукалi, выганяючы на поле статак. Спачатку надта-ж асьцярожна, потым сьмялей загудзела дуда лiпавiцкага пастыра Хвядоса. Гудкае мэлядыйнае рэха пракацiлася па скарбовым лесе, расплылося ў лiтоўскiх начоўках.
З-за балота павольна выкачвалася чырвоная куля й захварбавала найдальшыя на заходнiм небасхiле кружэльныя пухнатыя хмарынкi. Пракоп, азiраючыся навокал, пабачыў, што дзень нараджаўся цудоўна. Адзiн за адным прыкурвалi вясковыя комiны й паставiлi дымы слупамi ўверх. На Захаруковай лiпе клякаталi буслы. Адзiн зьляцеў, шыбануў колам над балотам i прызямлiўся.
Пракопавы думкi павярнулiся ў iншы бок. Аб тым, што ў сям'i ягонай мае зьявiцца новы маленькi чалавечак, турбаваўся ўжо ня першы раз. Яно даўно навiной спынiла быць. Ужо й суседзi, а найперш за ўсiх тыя найбольш дапытлiвыя пахатухi-сакатухi, ад якiх вачэй нiчога не схаваеш, даўно падсьцераглi й гадалi, цi будзе хлопчык, цi дзяўчынка. I м што? Языкамi памеляць ды спыняць. От яму, Пракопу, дык мароч галаву. Тутака чатырох апрануць ды накармiць рады не дасi, а пяцёх дык i пагатоў. Хто-б гэта турбаваўся, каб было дзе палюдзку падзарабiць, або — яшчэ лепш — каб быў кавалак зямлi сваёй, варты таго назову. Пракоп — ня зломак, i не гультай: рукi ў яго, як казалi людзi, залатыя.
Не ў багацьцi, выгадзе, цi пяшчотах вырас. Быў сынам дробнага арандатара. Меў старэйшага брата Хвёдара. Перад вайной яшчэ наважыўся Пракоп пашукаць лепшае долi на чужыне ў Пецярбургу. Не павялося й там. Адукацыю меў невялiкую. Пасьля доўгiх стараньняў i прыгодаў, бяз сродкаў да жыцьця, уцёрся неяк у кантору пiсарам. У самым хвасьце паставiлi. Ды мала з таго суцехi было, заробку ледзь на пражыцьцё хапала.
Не азiрнуўся, як пачалася катавасiя, якую пасьля назвалi Першай сусьветнай вайной. Пракоп усё лiпеў ля свайго канторскага столу, ды трывожыўся, што й яго ваенная хваля паглыне й выкiне на нейкi невядомы чужы бераг. На ягоных вачох адбылася лютаўская рэвалюцыя. Пракопу рупiла ўжо дадому да бацькоў, ды ўсё яшчэ занадта моцна кiпеў мястовы кацёл. Цi ня варта пачакаць, пакуль разьясьнiцца? Адылi нiчога не ясьнела. Наадварот: адкуль нi вазьмiся павылазiлi на верх бальшавiкi. Пачалася такая бойня й неразьбярыха, што Бахмач, падмазаўшы пяткi, наважыў раз i назаўсёды разьвiтацца з чужым местам.
Трагiчная неспадзеўка чакала яго ў роднай вёсцы: бацькi памерлi ад голаду й хваробаў, а Хвёдара забралi ў войска, i сьлед па iм прастыў. Дзяцюк застаўся цяпер сам-адзiн, як палец. Нейкi час лындаў-швэндаўся па ваколiцы, пасьля ўцёрся парабкам да лiпавiцкага пана. «Тут абы вайну пiратрываць, каб якi чорт качаргой нi падчапiў ды на бойню нi пацягнуў, - мяркаваў ён, — а тамака вiдаць будзiць».
Калi-ж нарэшце ацiхла вайна, агледзеўся панскi парабак Пракоп Бахмач, што за ўсякую цану трэба было-б на якi кусок зямлi ўзьбiцца. Надта-ж рупiла яму на сваiм гаспадарыць. Бацька цэлае жыцьцё на чужых нiвах вунь як папацеў, а як з гэтага сьвету сышоў, дык нi кала, нi двара па сабе не пакiнуў.
Мара аб сваёй зямлi перарасла ў прагу й марыла па начох бяссоньнем. Як-жа яе прыдбаць? За што? Найлепшы спосаб — узяць iз пасагам дзеўку. Вайна прарэдзiла шэрагi вясковых дзяцюкоў, шмат у каго не ставала рук да працы. Дзяўчатаў, якiм замужжа карцiла, было цiмала. Меў Пракоп неблагiя шанцы: з выгляду нiштаваты быў, а калi за якую працу возьмецца, дык яна ў руках аж гарэла. Любасьць глядзець было. Галаву на плячох не для аздобы насiў.
Читать дальше