Заля напаўнялася. Сьпераду пасадзілі сьвятароў, прадстаўнікоў канадыйскіх уладаў, запрошаных сяброў управаў этнічных і беларускіх арганізацыяў.
Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі была расплянаваная на тры дні, але вось гэтая ўрачыстасьць была самай важнай і галоўнай. Зацікаўленьне забойствам Шпака павялічыла лік удзельнікаў. Вера сядзела ў трэцім радзе сьпераду. Направа ад яе пуставала Алесева крэсла, бо дзяцюк быў недзе за сцэнай і меў рабіць гутарку пра адыйшоўшага пісьменьніка. Далі яму гэтую нагоду таму, што так шмат і такі доўгі час памагаў гэнаму выдатнаму змагару за волю Беларусі. Нік Лок сядзеў зь левага боку Веры, спрабаваў нейкі жарт расказаць. Вера зірнула на яго няпрыязнымі вачмі і маўчала.
Яе зносіны з Алесем апынуліся на пункце разрыву. Рэдка сустракаліся нават на працы. Адсутнічала ня толькі ранейшая інтымнасьць. Вера адчувала, што Алесь падазраваў яе ў нейкай шкоднай сувязі зь людзьмі, што замардавалі Шпака. Яна не асьмельвалася глянуць у напоўненыя рашчараваньнем, горыччу і дакорам дзяцюковы вочы. Часта дзяўчына жадала, каб ён зьвярнуўся да яе з простым пытаньнем, але ён гэтага не зрабіў. Якія яго намеры? Няпэўнасьць і падазрэньне з боку каханага чалавека пагражала небясьпекай. Колькі разоў ужо была амаль гатовай выспавядацца перад ім, ды на рашучы крок так і не адважылася. Алесь запрасіў яе на галоўную ўрачыстасьць сустрэчы Беларусаў Паўночнае Амэрыкі. Пэўне-ж, меў на гэта прычыны. Вера не адважылася адмовіцца. Магчыма, Алесь і спадзяваўся, што дзяўчына прыйдзе да яго сама, адкрыецца, грахі свае назаве. Сканфужаная, Вера баялася зрабіць хвальшывы крок. Капшун маўчаў ад часу сьмерці Шпака. Ягонае маўчаньне мела адыёзны характар. Дзяўчына была пэўная, што за ёй наглядалі. І проста самая сьведамасьць таго, што яна нейкім чынам спрычынілася да сьмерці пісьменьніка, агарчала жыцьцё. Што рабіць? Напружаньне ўзрастала. Каб паставіць усё на добры шлях, трэба нешта зрабіць. Але што?
Калі на сцэне пачыналася праграма, дзяўчына яшчэ больш пачынала турбавацца. Цяпер ужо шкадавала, што сюды прыйшла. Калі-б пастанавіла, знайшла-бы нейкую прычыну, каб адмовіцца. Чаго-ж яна сюды зьявілася? Каб адхіліць падазрэньне? Наадварот: яна непатрэбна выстаўляе сябе на небясьпеку.
Нейкі афіцыяльны госьць прамаўляў да прысутных, выражаў спачуваньне з прычыны сьмерці Шпака. Гаварыў міністар грамадзянства, чыталі тэлеграмы. Ужо вызначылі кірунак: амаль кажны атакаваў расейска-бальшавіцкую маскоўскую кансьпірацыю, што ўжо замахнулася, каб адабраць вольнасьць усім дэмакратычным дзяржавам у сьвеце, намагаецца разбурыць хрысьціянскую маральнасьць вольнага сьвету й гэтак далей. Вера прыгадала, што ўжо недзе чытала нешта падобнае. Ці забойства Шпака толькі змусіла прамоўцаў ужо ці раз паўтаранае пра гэтак званую небясьпеку з Масквы разьдзьмухаць у шырэйшым маштабе? — разважала Вера.
Яна завайстрыла сваю ўвагу, калі на сцэну выйшаў Алесь. Ня ведала ягоных аратарскіх здольнасьцяў, хоць ужо даўно пераканалася, што ён дасканала валодаў ангельскай мовай. Спакойна агледзеўшы залю, Якімовіч пачаў роўным голасам.
— Дзякую за вялікі гонар, што зрабілі мне, даўшы нагоду прамаўляць да гэтай сустрэчы. І ўзрастае смутак і боль, калі ўсьведамляю тое, што стаю тут, перад вамі, заміж вялікага сына вялікага народу, на магіле якога яшчэ не асела сьвежая зямля; чалавека, за страту якога, я пэўны, кажны з нас носіць балючую рану ў сэрцы сваім.
У яго была й добрая дыкцыя, заўважыла Вера. Алесь меў тое, чаго часам не хапае вялікім балбатуном-палітыкам: добрую позу, поўную кантролю голасу, з адпаведнымі нюансамі інтанацыі, у гэтым выпадку й нейкую дамешку ўрачыстай хаўтурнасьці з пашанай да таго, пра каго гаварыў.
— Антон Шпак, — няхай Бог дасьць яму жыцьцё вечнае! — упаў ахвярай у нашым доўгім і зацятым змаганьні супраць маскоўскіх захопнікаў нашай дарагой бацькаўшчыны. Войстра будзем адчуваць мы страту яго, бо Шпак ня быў звычайным сьмяротнікам. Шмат з вас, магчыма што бальшыня, ведае ягоную творчасьць. Таму й ня буду гаварыць пра ягоныя посьпехі ў журналістыцы ці мастацкай літаратуры, а спрабую кінуць крыху сьвятла на Антона Шпака як чалавека. Што за чалавек быў гэты надзвычайна плённы ў творчасьці й вытрывалы змагар за волю нашага паняволенага народу? Некалькі апошніх гадоў зблізілі нас. Бачыў я яго амаль кажны дзень, ці адну гадзіну праводзілі разам. Мала было ў нас праблемаў, якіх супольна мы не абмяркоўвалі. Колькі часу я яго ведаў, рэдка чуў, каб ён калі наракаў на свой нялёгкі лёс. А трэба вам ведаць, што матар’яльна быў ён вельмі бедны. Ад часу прыезду ў Канаду, жыў зь фізычнай працы, да гэтага цярпеў ад дрэннага здароўя й фізычнай слабасьці. Польскія вязьніцы й савецкія канцлягеры падарвалі, мабыць, ягоныя сілы. І ня гледзячы на гэта, ён трываў, працаваў, змагаўся, нападаў і адбіваўся. Я зьдзіўляўся зь ягонай духовай велічы, стойкай самадысцыпліны, неабмежаванай адданасьці сьвятой справе, якой прысьвячаў усе свае здольнасьці й час. Антон Шпак стаіць перад намі як памяркоўны й сьціплы ў жыцьцёвых вымаганьнях, сумленны й вялікадушны, спачувальны да тых, што ў крыўдзе й нядолі; ён-жа й чалавек цяжкой і няспыннай працы. Усё, што зрабіў для нашага й іншых паняволеных народаў заўдзячваць трэба ягонай вялікай і чыстай маралі, хрысьціянскай любові да бліжняга, вялікай веры ў Бога, які, — як верыў наш вялікі духам суродзіч, — возьме наш шматпакутны народ пад апеку Сваю. Якраз тут — у веры ў Бога Збаўцу й народ свой, у любові да бліжняга, — нараджалася крыніца сілы, вытрываласьці й посьпехаў Антона Шпака, нашага вялікага пісьменьніка. Ніколі ня гнаўся ён за матар’яльнымі багацьцямі. Вольнасьць творчасьці й справу вызваленьня бацькаўшчыны стаўляў вышэй усяго. Там, дзе іншыя, у ягоным палажэньні, звольнілі-б у працы ці вычарпаліся, Антон Шпак цягнуў з надзвычайным гартам. Шпак быў шчодры ў помачы пакрыўджаным і запрыгоненым суродзічам і бязьлітасны ў змаганьні зь ягонымі прыгнятальнікамі. Ці пісьменьнік быў задаволены плёнамі свае працы й змаганьня? Здаецца, што так. У сваіх творчых пошуках і здабытках ён асягнуў вышыні, якія наведаць рэдка каму дадзена. Гэтымі сваімі творамі, мне здаецца, ён, як ніхто іншы з нас, прыблізіў дзень развалу й зьнішчэньня пабудаванай на нянавісьці маскоўскай імпэрыі. Коратка гаворачы, Антон Шпак натхніў да змаганьня і падрыхтаваў наш народ да дня вялікага бою-расплаты й вызваленьня. Некаторыя з вас могуць спытацца: як гэта такі надзвычайна таленавіты й характарам нязвычайны чалавек ня здолеў палепшыць свайго матар’яльнага дабрабыту? Пастараюся адказаць. Нябожчык меў шматлікія прапановы з розных выдавецтваў. Усе яны мелі свае цэны і ўмовы. Агульна яны зводзіліся да таго, каб пісаў чалавек для рынку чытачоў. А рынак той, як вам ведама, — свайго роду дрыгва. Не напішаш таго, што, прыкладна, канадыйскім чытачом спадабаецца, ня будзеш мець прыбытку. Такім чынам тварэц мастацкай літаратуры мусіць ісьці на кампрамісы з гандлярамі, каб зарабіць сабе на пражыцьцё. Антон Шпак на такія кампрамісы ня мог ісьці. Мы добра ведаем сяньняшні зьвіхнуты сьвет, дзе амаль усё можна купіць за грошы. І для людзей, што думаюць адно катэгорыямі мяшчанства і нажывы, цяжка ня толькі ацаніць, але нават уявіць веліч такіх людзей, як Антон Шпак. Шматлікія з нас змагаюцца за вызваленьне Беларусі з маскоўскага каляніяльнага ярма. Наш вораг ёсьць яхідны, сільны й няміласэрны. Гэты варвар дваццатага стагодзьдзя ня лепшы за фашыстоўскую Нямеччыну. Пад ягоным загадам ёсьць вялізныя матар’яльныя і людзкія рэсурсы. Але давайце, паважаныя суродзічы, ня будзем падаць духам таму, што на ўзбраеньні нашым ёсьць наймагутнейшая зброя — гэта хрысьціянства і вера ў Бога. І сам Бог з намі. Нам і іншым паняволеным народам на падтрымку ідуць Злучаныя Штаты, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя дэмакратычныя дзяржавы вольнага сьвету. Мы ім за гэта ўдзячныя і спадзяёмся, што яны памогуць паняволеным народам разваліць варварскую Маскоўшчыну і адбудаваць іхныя незалежныя дзяржавы.
Читать дальше