— Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! — казаў Джоў. — Будуць падазраваць… Ну й што з таго? Няма ў іх на нас ніякіх сьветкаў і доказаў. Людзі наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, — нечего заботиться!
Калі вяртаўся ад Снікі, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробіць? Ці будзе трымаць язык за зубамі? Калі яна закаханая ў Якімовіча, калі той яе ў нечым падазрае ды пастараецца націснуць, дык ці ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабіць? — вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, — калі яна ўстрывожаная ды яму давярае, — прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьніць? А можа пацягнуць Ніну Ляскін за язык, каб што даведацца ці дзяўчына заінтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Ніне пра гэта нічога не гаварыў… Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.
Калі Вера, дзякуючы Алесю, зблізілася з новай беларускай іміграцыяй, нярэдка давялося ёй чуць адну й тую самую апінію пра сацыялізм і камунізм, або, як яны найчасьцей называлі, бальшавізм у Савецкім Саюзе. Вусны гэтых новых Канадыйцаў казалі й паўтаралі, быццам змовіўшыся, адну думку: Маскоўшчына — гэта няволя, тэрор, масавы генацыд паняволеных народаў, бязбожніцтва, варварства, масавае прамываньне мазгоў усіх грамадзян крывадушнай марксістоўска-ленінска-сталінскай прапагандай. Коратка гаворачы, ленінская «дзяржава рабочых і сялянаў», згодна гэтых бебурнацаў, ледзь ня пекла на зямлі. І прыгадалася Веры тая экскурсія ў Савецкі Саюз, калі ня было ў тым арганізаваным падарожжы ніякай цяплыні, а ўсё, як на заказ, толькі казённае, службовае, штатнае, калі прапаганда сустракала іх на кажным кроку, калі не далі ім нават магчымасьці сустрэцца із тымі шчасьлівымі рабочымі й сялянамі ў іхных хатах і гасьцінных сем’ях. Былі ў галаве тады пытаньні. Ніхто на іх ня мог адказаць, бо не хапала сьмеласьці, каб спытацца. А як-жа! Навошта рызыкаваць? Усе-ж адказы, — як бесканечна паўтаралі ім мудрыя палітрукі, — ужо былі апрацаваныя і самым Марксам, і ягонымі насьледнікамі. Унь як! Чаго-ж ламацца ў адчыненыя дзьверы? Трэба верыць. Калі яшчэ, пасьля такой разбуральнай вайны, гэткая магутная дзяржава не адбудавалася, дык пачакайце, дапамажыце, супольнымі сіламі адбудуем і прыйдзе той абяцаны рай. Значыцца, паводле той марксістоўскай і ленінска-сталінскай навукі, усе справы былі-б даўно вырашаныя, і сяньня ўжо быў-бы суцэльны рай у Савецкім Саюзе, толькі вось вайна, — каб на яе гаручка! — замінала. Але, усёроўна ня турбуйцеся, так усё будзе, як у тым школьным вершы дзетак вучылі: «Вот от завтрашнего дня все по плану у меня».
А гэтта, з другога боку, людзі, якія жылі ў тым сталінскім «прыгоне», якія страцілі сваякоў у канцлагерах, што стараліся як маглі, каб дабрабыт нейкі здабыць, якія ворагамі савецкае ўлады некалі ня былі, — а ў Заходняй Беларусі, калі іх «бацька ўсіх народаў» спад белапольскага панскага іга вызваляў, дык чырвонаармейцаў з кветкамі віталі, — гэтыя людзі цяпер аднагалосна называюць той рай пеклам. Дзьве цалкам супрацьлеглыя крайнасьці. А дзе сярэдзіна? А што, калі гэтыя бебурнацы запраўды гавораць праўду?
Ад некаторага часу Вера пачала ўважней прыслухоўвацца да тых і іншых, асабліва ўважна прыглядацца і ацэньваць палітычныя падзеі і факты, рабіць параўнаньні. Вялікую ўвагу зьвяртала і на навіны пасьля таго, як Сталіна — «карыфэя ўсіх навукаў» — зрабілі вялізным злачынцам, ліквідавалі Бэрыю, а на пярэднюю арэну вылез Мікіта кукурузьнік. І гэнай раніцай, ужо на працы, уключыла радыё з надзеяй, што пачуе нешта пра новыя палітычныя падзеі ў мэццы камунізму. Вядома-ж, ад кукурузьніка ўсяго можна было спадзявацца пасьля таго, як ён на сусьветнай арэне, у асамблеі Аб’еднаных Нацыяў у Ню-Ёрку, сваім чаравікам гэтак ворагаў сацыялізму насьмяшыў.
Гэнай раніцай казённы голас дыджэя з радыёпрыёмніка паведаміў пра сьмерць беларускага пісьменьніка Шпака. Паліцыя ня выключвала магчымасьці, што на яго нехта напаў і забіў… Гэтая вестка кальнула Веру ў самае кволае. Яна-ж дала пра Шпака дакладную справаздачу Капшуну. Ці гэта магчыма, што ён?.. А калі так, дык і ў яе нячыстыя рукі. Сказала, што баліць галава й пакінула працу, пайшла ў парк, дзе заглянула ў газэту ды разважала што рабіць. Адно ясна: яна не магла простым пытаньнем паставіць Капшуна ў кут. Небясьпечна. Наважылася пакуль што маўчаць.
Перад дзьвярмі вялізнай залі тэатру лёгкі ветрык забаўляўся сьцягамі трох народаў: Беларусі, Злучаных Штатаў і Канады. А ўнутры, над сцэнай вісеў чорнай істужкай абрамаваны мастацкі партрэт адыйшоўшага ў вечнасьць пісьменьніка. З бакоў яго — пахіленыя, з чорнымі істужкамі, бел-чырвона-белыя сьцягі. Над партрэтам вялікімі літарамі напіс: Слава Змагару за Волю! І пад нізом партрэту: Ганьба тырану! Паняволеным воля!
Читать дальше