Сёлета чарговая такая сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі мае адбыцца ў Радфардзе, — прыгадаў Алесь Якімовіч. І вось што… Чаму-б на ёй ня выдумаць нешта новае супраць гэтае камуністычнае поскудзі? На гэткія сустрэчы звычайна зьбіраецца маса суродзічаў ня толькі з Амэрыкі, але бываюць і госьці зь іншых кантынэнтаў сьвету, дзе ёсьць дзейныя і зарганізаваныя беларускія нацыянальныя асяродкі. Чаму-б сёлета на сустрэчы суродзічаў Паўночна-амэрыканскага кантынэнту не пачаць добра заплянаванай контратакі супраць бальшавіцкае агентуры з Усходняга Бэрліну?
Апошнімі часамі Веры спакваля пачало падабацца адзіноцтва. Магла чытаць, ніхто не перашкаджаў. Сяброўка на кватэры, Ніна Ляскін, пільнавала яе, распытвалася заўсёды — хто, што, дзе, калі і як? — пэўне-ж зь нейкай мэтай. Веру квяліла гэта. Нават забаўлялася думкай, што ці ня лепш выбрацца адсюль. Тымчасам адно разважала.
Цяпер яна выгадна выцягнулася на канапе, ськінула з ног рудыя шлёпкі-макасыны, з задаваленьнем агледзела прыгожа загарэлыя лыткі ды зноў пачала жваць сырую моркаўку. Ззамоладу любіла сырую гародніну. Цяпер лянівым рухам левае рукі разлажыла малую ўсходня-бэрлінскую газэтку побач на кафейным століку, акінула зрокам першую бачыну. Нічога тут цікавага. На трэцяй бачыне з правага верхняга кута паглядаў на яе… Не, ня можа быць! Але, запраўды ён, Алесь Якімовіч. Дзяўчына, каб ужо зусім упэўніцца, амаль што носам у тую бачыну ткнула. Так, ён, — сумлеваў няма, — Алесь Якімовіч, ейны дарлінг!
Недажваны кавалак морквы засеў у роце, гарачыня ўдарыла ў галаву, калі вочы спыніліся на загалоўку: «Заядлы фашыст, здраднік радзімы». Калі дзяўчына, затрымаўшы дыханьне, пачала чытаць паклёп на ейнага «дарлінга», рот зноў пачаў варушыцца, а зубы — жваць той кавалак морквы.
«Старажылы зь вёскі Бярозаўка Акцябрскага раёну Мінскай вобласьці, — чытала Вера, — прыпамінаюць нявыгляднага але жулікаватага падлетка, каторы, бывала, круціўся, шныраў па калгасных пунях, хлявох і майстэрнях, набіваў руку пры ўломах. Малады злодзей выказаў у гэтым накірунку дабротныя здольнасьці. Маладая ў яго раёне савецкая ўлада, пасьля вызваленьня Захадняй Беларусі спад ярма панскай Польшчы, дала магчымасьць яму вучыцца. Але калгасьнікі ведалі, што гэты абібок ані да навукі, ані да працы не цягнуў. Празвалі яго „злыдзень“ і час паказаў, што гэта слова дакладна акрэсьліла накірунак характару маладога нікчэмніка».
«Калі гітлераўскія фашыстоўскія арміі ўварваліся ў савецкую радзіму, калі чэсныя савецкія людзі ўзяліся за зброю, каб гераічна змагацца зь ненавіснымі акупантамі, Алесь Якімовіч, — сын кулака і ворага народу, — падаўся ў настаўніцтва, каб атраўляць савецкіх дзетак фашыстоўскай прапагандай і нянавісьцю да свайго народу. Мала таго. Гэты злодзей уступіў у беларускую нацыяналістычную фашыстоўскую банду і сам не адну пару падноскаў стаптаў па дарозе ў гітлераўскае гэстапо. Жыхары з рэгіёну, дзе дзейнічаў гэты фашыстоўскі халуй, могуць назваць многіх выдатных патрыётаў савецкай радзімы, якіх па даносах Алеся Якімовіча вымардавала гітлераўскае гэстапо.
Калі-ж фашысты пастанавілі ліквідаваць жыдоў з Гарадоцкага гэтто, калі дзьве жыдоўскія сям’і скрываліся ў суседняй вёсцы, нядоўга яны жыцьцём цешыліся. Гэты крывавы здраднік выдаў іх германскім фашыстоўскім катам і таксама выявіў савецкіх людзей, каторыя жыдоў скрывалі. Усе яны ляглі ў агульнай магіле.
Удалося вырадку Якімовічу ўцячы ад помсьлівых рук савецкіх партызанаў, а пры вызваленьні Беларусі ад германскага фашызму гэты мацёры злодзей і гэстапаўскі даношчык пайшоў разам са сваімі гаспадарамі на захад. Цяпер ён у Канадзе. Знайшоў там новых паноў, каторыя планіруюць будучыя агрэсіі супраць нашай сацыялістычнай радзімы. Мы папярэджваем усіх нашых суайчыньнікаў у Канадзе: сьцеражыцеся гэтага здрадніка, фашыстоўскага агента і гэстапаўскага даношчыка, на руках якога нявінная кроў савецкіх патрыётаў. Ён цяпер служыць сваім новым паном у ЦРУ, вядзе агідную прапаганду супраць савецкай радзімы і гераічнага беларускага народу. Ягоны адрас: 97 Бэйсбал стрыт, Радфорд, Ант., Канада».
Вера палажыла газэтку і ўстала. Круцілася галава. Яна зьбянтэжылася, узлавалася. Боль, быццам-бы ёй хто ножам у сэрца ўкалоў. Да гэтага часу яна ведала іншага Алеся Якімовіча: лагоднага, ветлівага, дбайлівага, каханага, разумнага. Ці запраўды ён мог быць крыміналістам, якога намалявалі ў газэтцы?
Два разы прасіла яго расказаць што рабіў у часе вайны. Чаму ён адмовіўся? Няма дыму без агня… Дык вось які ён, гэты Алесь Якімовіч. І як яна магла так памыліцца, будучы ў абдымках гэтага чалавека, аднойчы нават гатовая аддаць яму сваю дзявочасьць?
Читать дальше