— Ясна, окэй! — з дакорам адказала дзяўчына. — Я толькі хацела аддацца табе зь любві… і можа даказаць…
Яна ўстала і падбегла да дзьвярэй спальні. Затрымалася, зачырванелая і дрыжачая, а расшпіленая блюзка агаліла поўненькія, як рэпкі, грудзі.
— Алесь, ты… дурань!
Стукнула за сабой дзьвярмі. Адтуль, са спальні, пачуўся раптоўны скрып ложка й пасьля здушаны, у падушку, плач.
— Вера, прашу цябе, ня злуйся! — сказаў голасна Якімовіч.
— Ідзі к чорту, ты няўдзячны!
Дзяцюк стаяў каля зачыненых дзьвярэй і меркаваў ці зайсьціся ў пакой. Выйшаў на вэранду й выкурыў запар тры цыгарэты.
Пасьля трывожнага сну, Алесь устаў рана, пабрыўся й памыўся. Вера, відаць, яшчэ спала, бо дзьверы былі зачыненыя. Алесь пайшоў у катэдж да Шпака, які запрасіў яго на кубак сьвежазгатаванай кавы.
— Гэтая твая дзяўчына, — пачаў адразу Шпак, — ці ты добра яе ведаеш?
— Чаму-ж ня ведаю? Ведаю.
— Маеш сур’ёзныя намеры ў адносінах да яе?
— Яшчэ няпэўны… Закахаўся, гэта ведаю… Але, вядома, для такога, перастралянага па ўсіх франтох кавалера, нялёгка…
— Калі пазволіш на такое больш дакладнае пытаньне: ці маеш намер зь ёй жаніцца?
— Гэта якраз галоўнае, што маю вырашыць. Я ведаю, што Вера — гэта выдатны матар’ял, ці адзін дзяцюк хацеў-бы на яе сваю лапу палажыць… Але… ведаеце, яна цалкам і вельмі мілая асоба, апроч таго — прыгожая, характар, інтэлект…
— Пра гэты інтэлект, як ты яго згадаў. Ці не занадта яна здольная?
— Як гэта разумець?
— Калі сказаць табе, Алесь, праўду, дык я думаю пра яе ад учарашняй сустрэчы.
Алесь пачаставаў пісьменьніка цыгарэтамі. Закурылі.
— Ну і? — пытаўся Алесь.
— Яна выглядае выключна здольнай. Некаторае пра яе проста ня месьціцца ў маёй галаве. Прыкладна: ейная беларуская мова і зацікаўленьне нашымі суродзічамі. Яна-ж вельмі цікавіцца нашымі, ці-ж ня так?
— Ага, цікавіцца.
— І ты ўжо, пэўне, пазнаёміў яе з многімі.
— Так, але…
— Я так і меркаваў.
— А што-ж тут дзіўнага?
— Дзіўнага? Ёсьць магчымасьць, што яе нехта сюды паслаў з пэўнай мэтай! — Гэткае меркаваньне Шпак выказаў паволі і цьвёрдым, упэўненым голасам. Задумаўшыся, мужчыны пільна пазіралі адзін аднаму ў вочы.
— Ня можа быць! — наўмысна голасна, быццам жадаючы самога сябе пераканаць, сказаў Алесь. — Гэта запраўдны нонсэнс, я ўпэўнены. Я сустрэў яе ў краме, дзе яе прынялі без майго ведама на працу. Пазнаёміліся ды закахаліся.
— Прабач мне за наступнае пытаньне.
— Калі ласка.
— Ці ты сьпіш зь ёю?
— Ды не. Ніколі больш пацалунку.
Алесь прыгадаў учарашняе й на міг падумаў, ці расказаць пісьменьніку пра тое, але пастанавіў маўчаць.
— Чаму не? — прадаўжаў цікавіцца Шпак.
— Як вам тут адказаць? Спадзяюся, што зразумееце. Для мяне яна ёсьць больш, чымся звычайная нармальная і прыгожая дзяўчына. Я ведаў не адну дзяўчыну й выбіраў. А гэткай, вось такога арыгіналу, як гэтая — не сустракаў яшчэ. Яна не малюе сябе, як іншыя, яна сумленная і чыстая, працавітая… Вера для мяне — быццам польны сьціплы рамонак. Коратка гаворачы, яна ўвасобіла тыя якасьці, якіх я шукаў у дзяўчат. Апроч таго, — і ці не самая важнае — яна беларускага паходжаньня. Спадзяюся, што мяне разумееце?
— Здаецца, што так, толькі…
— Толькі?
— Не хачу цябе бянтэжыць ці ўпікнуць. Ня траць галавы. І памятай, што атрута падаецца нагледжанай ахвяры ў найпрыгажэйшай і найбольш дарагой чашы!
— Божа мой! Як гэта вы такое… Што з вамі?!
Шпак маўчаў.
— Няважна, забудзься, што я сказаў, не бяры гэтага ўсур’ёз. Магчыма, што я шукаю дзірак у цэлым. Можа быць, што ўплывае на мяне й піхае на падазрэньні мой собскі лёс. Магчыма, што на старыя гады развагу трачу. Прабач мне, што я сугэраваў такую магчымасьць. Кахай дзяўчыну, цешся поўным жыцьцём.
Пісьменьнік, здалося Алесю, быццам шакіраваў сябе за тое, што прадугледзіў адну магчымасьць. Ці падазрэньні ягоныя запраўды маглі мець якую аснову?
Калі Вера ўстала, памылася, зачасалася, неяк паказённаму з Алесем прывіталася. У вачох ейных спасьцярог Алесь нешта новае, чаго ўчора там ня было: ледзь-ледзь прыкметную цьвёрдасьць. Намагалася быць ветлівай, вясёлай, але ўсё гэта, відаць было, не зьліквідавала між ёй і Алесем пэўнай напружанасьці.
Шмат якія суродзічы пыталіся Алеся якім чынам, на ягоную думку, іхныя адрасы маглі трапіць на камуністычную паштовую лісту. — Што сталася? Мы нікому, апроч цябе й некаторых зусім давераных асобаў, не давалі цяперашніх адрасоў. Ці можа які бальшавіцкі агент празь цябе атрымаў нашы адрасы?
Читать дальше