— Хтосьці мне знаёмы?
— Пазнаёмлю цябе і спытаюся яго, якой ён думкі.
— Думкі пра што?
— Пра цябе, мая даражэнькая.
— Ого як! Да чаго ты мяне рыхтуеш?
— На гэта будзе адказ пазьней.
— А хто такі той чалавек?
— Ты ўжо зь ім знаёмая, хоць не асабіста. Чытала яго творы. Антон Шпак.
— Я вельмі рада буду бачыць яго! — радасна сказала Вера.
Алесь уважна паглядзеў на дзяўчыну, крыху зьдзіўлены такой выказанай радасьцю бачыць беларускага пісьменьніка.
— Ведаеш, што я люблю добрую бэлетрыстыку. Ты-ж мне пазычаў Шпакавы кнігі. Жывых пісьменьнікаў я не спатыкала. Мяне цікавяць гэтыя людзі: як яны запраўды жывуць, паводзяць сябе ў таварыстве, наагул ці практычныя яны, ці толькі ўмеюць фантазіраваць, тварыць розныя пэрсанажы й сюжэты…
— Дык вось аднаго такога пазнаеш. Праўда, ёсьць адно пытаньне да цябе: ці наняць для цябе асобную будку, ці як?
— Наймі памешканьне, дзе ёсьць дзьве спальні.
Алесь паглядзеў уважна на Верын твар. Ці яна так яму давярала, што згадзілася начаваць пад адной страхой, ці можа, — не, гэтага ніяк нельга дапусьціць, — ён выглядаў у яе вачох нейкай авечкай?
Вера старалася ўтрымаць раўнавагу. Наапошку яна ведала тое, чаго так дамагаўся Капшун. Сустрэне чалавека, ацэніць яго, даведаецца як і з чаго ён цяпер жыве ды неўзабаве дасьць Капшуну поўную справаздачу. Спадзявалася, што на гэтым скончыцца ейнае заданьне ці місія. Пара ўжо. Траціла цярплівасьць, слухаючы розныя дакоры з боку нуднага Капшуна, хацела высьлізнуць спад ягонае дысцыпліны. Даволі. Магчыма цяпер, калі ўжо наклёўвалася зусім памыснае завяршэньне таго заданьня, будзе мець магчымасьць сканцэнтравацца на гэтым дзяцюку. Кахала яго. Усьведаміла гэта поўнасьцю пасьля тае спрэчкі ў парку.
Прыехалі ў рэсорт Пайн Рыдж пасьля паўдня. Парыла, заносілася на буру. Алесь шкадаваў, што ня ўставіў у свой Олдсмабіл ахаладжальніка. Як толькі паставілі аўтамашыну, Алесь запрасіў Веру ў рэстаран.
— Глянь, гэта-ж цудоўнае месца! — усклікнула захопленая дзяўчына. — І чым тут людзі займаюцца?
— Яны зарабляюць на жыцьцё растратай сваіх грошай, — адказаў дзяцюк.
— Гэта надзвычайны занятак, толькі грошы трэба мець.
У рэстаране было няшмат людзей. Алесь разгледзеўся, прывітаўся са знаёмымі. Селі за стол у куце.
— Замовіш мне вялікую місу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, — устала Вера.
Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, ці няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьці, якая гаспадарыла на дварэ!
— Гало, Мэры! — прывітаў Алесь таўставатую і ніштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут і кэльнэркай і кухаркай. — Як-жа тваё цэннае здаровейка?
— Гляньце, хто гэта зьявіўся, big boy, — усьміхнулася, рэклямуючы прыгожыя зубы, дзяўчына. — І каму-ж мы маем быць удзячныя за тваю візыту?
— Што за пытаньне, Мэры? Табе, а не каму іншаму. Ты-ж ведаеш, што я цябе люблю ды жыць безь цябе не магу. А ты ўсё прыгажэеш усім на зайздрасьць! — жартаваў Алесь.
— Ну, ну, ты хіба-ж ня будзеш жартаваць зь мяне, любоўнік мой?
— Ды не, мая ты darling. А дзе-ж мой пісьменьнік?
— Павінен быць тут дзесьці. Чакаў цябе.
— Вось і слава Богу. А цяпер, Мэры, я-ж ведаю, што маеш ты вялікае і сваіх кліентаў кахаючае сэрца. Дык можа прынясла-б ты нам дзьве вялікія порцыі ванілі-марожанага ды із сакавітым клубніком наверсе?
— Right away, coming up.
Мэры нахінулася й ціха спыталася ў Алеся:
— Можа скажаш мне, што гэта за цацу ты з сабой сюды прывёў?
— Прашу цябе, Мэры, будзь памяркоўнай. Адкрыю табе таямніцу, толькі ня будзь зайздроснай. Ты-ж ведаеш маю поўную адданасьць табе. Абяцаеш, дарлінг?
— Кажы.
— Яна, гэтая цаца, поўнасьцю мая, — падміргнуў дзяўчыне Алесь.
— Вось як! Маеш добры густ, мілы мой!
— Асьвяжылася? — спытаўся Алесь у Веры, калі яна вярнулася.
— Так. А ці ты казаў мне, што тут недзе збоку ёсьць дзе пакупацца?
— Так, ёсьць недалёка адсюль прыгожае азярцо напоўненае чысьцюсенькай і мокрай вадзічкай.
— Брава! Я ўжо хацела-б быць у кампаніі тых рыбак, што ў тым азярцы плаваюць.
— Пацярпі, дзеўка. Скора пазнаёмлю цябе з тымі рыбкамі. Перш спажывём марожанае, каторае вунь ужо набліжаецца да нашага стала.
Мэры паставіла на стале дзьве плястыковыя місы, напоўненыя марожаным зь ягадамі. У гэны час зьявіўся Антон Шпак. Убачыўшы пісьменьніка, Алесь заказаў марожанае і для яго.
Апрануты ў кашулю ў клетачкі, шэрыя порткі, із загарэлым тварам, на якім расплылася шырокая і прыязная ўсьмешка, Шпак падыйшоў да стала.
Читать дальше