— Спадзяюся, што знойдзеце памочнікаў, — амаль абыякава сказала Вера.
— Ня ёсьць так проста, як яно выглядае. Ты ня чула дэталяў. Нашыя людзі з камітэту зацікаўленыя новай беларускай эміграцыяй ня менш, а можа нават больш, як папярэдняй.
— Ага. Дык што за розьніца? Падыход?
— Пэўне-ж. Старая эміграцыя ня кідае нам пад ногі калодаў. Агульна гаворачы, яна тут абжылася, пазнала эксплаататарскі капіталізм, многа перацярпела ў часе вялікае дэпрэсіі і цяпер менш-больш прыязна ставіцца да Савецкага Саюзу, знаходзіцца пад уплывам нашых прагрэсыўна-мірных ідэяў. Зусім падругому абстаіць дзела з новай эміграцыяй. Праўда, бальшыня яе ёсьць інэртнай у палітыцы, значыцца… Але сярод яе ёсьць вельмі адданая група фанатыкаў, фінансіраваная некаторымі буржуазнымі агенцтвамі разьведкі й падрыву… Гэтая група робіць вялікую і шкодную падрыўную працу супраць Савецкага Саюзу і дзяржаваў народнай дэмакратыі. Гэтая малая група, вельмі актыўная, ёсьць папулярна ведамая пад назвай беларускіх буржуазных нацыяналістаў, у скароце — бебурнацы. Група мае некалькі сваіх цэнтраў: адзін у Германіі ў Мюнхэне, другі ў Ню-Ёрку, а галоўны канадзкі цэнтр знаходзіцца якраз тут у Радфордзе.
Гэтта Капшун змоўк, быццам наўмысна, каб дзяўчына перадумала сказанае ім, выстукаў попел зь люлькі, якую зноў пачаў напіхаць пахнучай галяндзкай табакай «Камфора».
— Не, нічога я пра іх ня чула, — адказала Вера.
— Цяпер я хачу ахарактарызаваць гэтую буржуазную нацыяналістычную групу, у якой будзеш працаваць. Вось-жа яны, бебурнацы, клянуцца, што яны ёсьць запраўднымі носьбітамі палітычных ідэалаў ці памкненьняў беларускага народу. Яны гарлапаняць, што зараз Беларусь ёсьць парабашчонная Расіяй, якую яны яра ненавідзяць. Яны-ж даказваюць таксама, што Беларусь нібыта хоча парваць з Масквой ды быць самасьційнай дзяржавай. Гэта ёсьць чыстая ярунда, вымысел гэтых ворагаў беларускага народу. Усё-ж іхная крывадушная прапаганда тут за рубяжом не праходзіць бясьсьледна. Яны працуюць у радыё ў Мюнхэне, якое фінансіруецца амэрыканскай разьведкай і перадае ў Савецкі Саюз сваю варожую нацыяналістычную ненавісьніцкую да савецкіх уладаў і сацыялізму прапаганду. За амэрыканскія грошы гэтыя калішнія гітлераўскія а цяпер амэрыканскія лакеі выдаюць свае газэты. Група гэтая ваяўнічая і ўсюды чужым разьведкам ахвяроўвае свае паслугі. Яе нельга ігнараваць. Нашыя людзі з Бэрліну, з таго камітэту, гэтай групай зацікавіліся і робяць намаганьні, каб яе ў найгоршым выпадку нэйтралізаваць, а ў найлепшым зьнішчыць. Бачыш, вылюдкі гэтыя — пераважна фашыстоўскія недабіткі, хлам, дэгенэраты, калябаранты Гітлера, паліцаі і забойцы, якія мардавалі сваіх-жа людзей. Іхныя рукі — ў крыві нявінных, яны заслужылі на пятлю. Пры нашай помачы камітэт хоча іх выкрываць, каб яны апынуліся ў нашых руках і адказвалі за свае злачыны перад народным судом.
— Калі яны, як кажаш, крымінал, дык што прасьцей? — сказала Вера.
— Вось у тым то й дзела, што тут ня ўсё так проста, як яно выглядае. Бачыш, яны маюць сьвязі і іх фінансуюць ня толькі амэрыканская і іншыя разьведкі, але й германскія фашыстоўскія рэваншысты. Яны вельмі заўзятыя, за грошы, канечне, жыруюцьна людзкой наіўнасьці і палітычнай няграматнасьці, нават некаторых землякоў з нашай старой эміграцыі абалванілі.
— Аж так? — зьдзівілася Вера. Здавалася, яна зразумела пра якіх нягоднікаў-вылюдкаў Грыша распавядае. Усё-ж чакала, пакуль той дабярэцца да нечага канкрэтнага, што адносіцца да ейнай працы ў гэтай чалавеканенавісьніцкай групе.
— Дык, сьледавацельна, — Капшун зацягнуўся пахнучым дымам, зірнуў Веры ўважна ў вочы, — цяпер атнасіцільна тваёй задачы, значыцца работы… Бэрлінскі камітэт найбольш вока дзяржыць на іхніх лідарах. Адносна іх хочуць інфармацыі, панімаеш… Такія весьці яны належна выкарыстаюць, асобінна калі гэтыя фашыстоўскія прыхвасьні маюць родственікаў удома. А многія іх маюць.
— Ага…
— Вось і будзеш працаваць між гэтых людзей, — сказаў Капшун фінальным тонам.
— Што маю рабіць? Інфармацыі зьбіраць. Окэй. А дзе, ад каго пачынаць, дзе яны гэтыя ворагі народу ёсьць? Вы знаеце каго зь іх?
— Усё табе як сьлед паясьню ў час, як трэба, дам указаньні. Работа табе спадабаецца, я гэтага пэўны.
— Я спадзяюся, — адказала Вера тонам, які чакаў выкрыцьця нечага новага і надзвычайнага. Але Капшун, як выглядала, марудзіў.
— Ты не забоцься, — сказаў Грыша. — Апроч некалькіх закаранелых крыміналістаў, запраўдных прафэсіяналаў, гэтыя людзі маюць адкрытае сэрца і ёсьць зялёныя аматары там, дзе праводзяцца так называемыя спецыяльныя мерапрыемствы. Доступ да іх лёгкі. Яны цябе спаткаюць з адкрытым сэрцам, асобінна бяручы пад увагу тваю красату…
Читать дальше