Спроба сьпіхнуць Алесева прызнаньне на жарт не ўдалася. Румянец разьбегся па твары і вочы ейныя пазьбягалі сустрэчы з Алесевымі.
— Мая прыгожая кветка Вера? Васілёк ці рамонак? Скарэй усяго рамонак.
Алесь насалоджваўся дзявочым зьбянтэжаньнем. Выкрывалася цнатлівая, нікім магчыма незакранутая дзявочая нявіннасьць. Нясьмеласьць, няпэўнасьць у ціхім голасе, які, хаця-нехаця, мусіў гамаваць азарт першых парываньняў каханьня. І тут-жа, у гэтым голасе, нейкі дысананс.
— Алесь, каб ты ведаў мяне, запраўдную…
Гэтта яна завагалася.
— Але-ж, але, зараз раскажаш мне страшную гісторыю, падобную да тых юрлівых апавяданьняў часапісу True Confessions (Запраўдныя споведзі).
— Пачакай, я схаджу да свайго возу й нешта прынясу, — сказаў Алесь. Ён ускочыў, пабег да аўта, выняў спад сядзеньня бутэльку брэнды, другую бутэльку вады «Канада драй». Неўзабаве прыбег да дзяўчыны й зноў сеў побач. Напалову наліў брэнды ў плястыковыя кубкі, з папяровага мяшка выцягнуў загорнутыя ў паперы канапкі, паставіў побач бутэльку з вадой.
— Вып’ем, — запрапанаваў, падаючы Веры гарэлку.
— Ня п’ю я, прабач, — сказала ціха Вера.
— Прашу. хоць крыху, вусны памачы.
— Глядзі, напоіш мяне, бяду будзеш мець, — усьміхнулася дзяўчына.
— За нашае здароўе!
— Добра, за нашае здароўе.
Яна запраўды ледзь вусны памачыла і Алесю давялося колькі разоў спанукаць, каб выпіла тое да дна.
— Так што ты запраўды ня хочаш слухаць пра мяне? — спыталася, гледзячы Алесю ўважна ў вочы, кусаючы канапку.
— Калі маеш нязвычайную, нейкую надта цікавую гісторыю з жыцьця свайго дык напішы ў той часапіс «Тру канфэшанс», куды ўсе пакрыўджаныя ці азартныя дзеўкі пішуць, — жартаваў Алесь.
Вера не сьмяялася.
— Магчыма, што некалі раскажу й зразумееш…
Алесь уважна зірнуў на яе. Што такое яна можа яму расказаць? Можа пра першае і катастрафальна-няўдалае каханьне? А можа пра тое, як яны тут цярпелі падчас слаўнае вялікае дэпрэсіі, ці пра тое, як за іхныя рабочыя клюбы заступаліся камуністы?
Пасьля таго, як Алесь выпіў другую брэнды, гэтым разам на солё, адчуў што хлынула цяпло ў галаву.
— Дык што, можа пабяжым зноў паплёхацца?
Ледзь скончыў, а дзяўчына ўжо была на нагах.
«Але-ж і дурань я, мусіць закахаўся!» — сьмяяўся сам зь сябе Алесь пад вечар, калі адвёз дзяўчыну й вярнуўся на кватэру.
Калі аднойчы Вера пачала распытваць Ніну Ляскін пра Капшуна, тая сказала, што мужчына працуе недзе ў страховачнай кампаніі, разыйшоўся з жонкаю і агулам ён добры чалавек, якога людзі часта недацэньвалі. Калі-ж Вера хацела даведацца якую пасаду ці працу Рыгор Капшун меў у мясцовым рабочым клюбе імя Горкага, дзе зьбіраліся «рускія канадцы», пачула ад Ніны дакор, што яна крыху занадта многа хоча ведаць. Гэткі дакор крыху ўкалоў Веру бо ня пыталася-ж яна пра нейкія зашыфраваныя атамныя тайніцы. У памяці засела падазрэньне, што Капшун мог быць ня тым, чым прыкідваўся. Павінна-ж быць нейкае апраўданьне сакрэтнасьці Ніны Ляскін.
Ужо некалькі тыдняў жылі пад адной страхой. З гутарак зь Нінай, наглядаючы яе зблізу, Вера спачатку думала, што Рыгор Капшун ёсьць ейным «бойфрэндам», хаця Ніна ніколі гэтага не пацьвердзіла. Некалькі разоў выходзілі разам у горад, у нейкае там кіно ці тэатр. Ані разу Ніна не параіла Веры, што трэба ёй пазнаёміцца, або пачаць наведваць «землякоў з клюбу». Зь іншага боку Веры здавалася, што Ніна занадта ёй цікавілася. Асабліва-ж Ніну цікавілі адносіны Веры да Якімовіча. Гэнае Нініна зацікаўленьне Якімовічам і ёй самой дражніла дзяўчыну асабліва яшчэ таму, што гэтая быццам сяброўка з кватэры амаль ніколі ніякіх сваіх сакрэтаў не расказвала. Калі наагул гаварыла пра сябе ці іншых, дык у вельмі агульных рысах, ніколі нічога такога важнага й канкрэтнага. Вера пачала адудзячвацца Ніне тойсамай манэтай. Яна не магла пазбыцца ўражаньня, што за гэтай сяброўскай маскай суседкі крыецца спрактыкаваная, хітрая старая дзеўка, якая заўсёды ведае куды больш, чым у яе на языку было.
Верын сьціплы заработак у Трыфты Тоні паглынала кватэрная аплата, харчы й вопратка, ня лічачы іншых дробных выдаткаў. Дзяўчына надзвычайна любіла прыроду і ўсьпела ўжо рашчаравацца гэтым вялізным, гулкім горадам, што шпаркім амэрыканскім дынамізмам лез уверх і разрастаўся ўшырыню. Быццам соляй рану пякло дзяўчыну падазрэньне, што гэтая Ніна Ляскін была ейным босам нейкага спэцыяльнага прызначэньня. Калі аднойчы спыталася ў старой дзеўкі, чаму яна да гэтага часу не пазнаёміла яе з моладзьдзю з «прагрэсыўнага рабочага клюбу», Ніна намагалася вытлумачыць, што зусім непатрэбна Веры нагліць, што ёсьць яшчэ час, што неўзабаве яна сама даведаецца ўсё, што патрэбна, ад самога Капшуна, што ёй тымчасам трэба як мага вучыцца беларускую мову, пазнаваць Якімовіча ды агульна быць добрай і паслухмянай дзяўчынай. У выніку такога Нінінага выясьненьня Капшун паказўся Веры ў іншым сьвятле. Ёй ужо здалося, што яна станецца нейкім агентам на Капшуновым павадку, які будуць трымаць касматыя рукі. Няцікавая будучыня. Рашыла тымчасам устрымацца ад роспытаў. Дзейнасьць ейная, як выглядала, будзе розьніцца ад звычайнай працы ў Балтаве. Калі-б ня так, дык навошта ўся гэтая сакрэтнасьць, чаму адчужэньне ад грамады мясцовага клюбу, навошта апэратыўнае апанаваньне беларускае мовы? Неўзабаве дайшло пару элемэнтаў пры помачы якіх можна ўжо было бачыць на нейкую адлегласьць апэратыўны гарызонт, што нарадзіў іншыя пытаньні. Што-ж цяпер? Паслухмяна выконваць загаданае, ці напляваць на гэта ўсё? Пытаньні, сумлевы, ваганьне… Нешта гэта для Веры зусім новае і дагэтуль нязьведанае…
Читать дальше