— Ведаючы цябе, здагадваюся, што ты ці раз пра гэта думаў асабліва ў гэтым бізнэсавым гармідары. Ты ня знойдзеш палёгкі ад свае духовае істоты, што ўнутры цябе, яна ня йдзе на ніякія кампрамісы. Часамі можаш мець некаторыя ілюзіі…
Прыгнечаны Алесь маўчаў. Ясна, што Шпак трапіў у ягоную Ахілесаву пяту.
— Што-ж я мог-бы ў адказ на гэта сказаць? — схамянуўся Якімовіч. — Вы ўяўляеце мяне нейкага роду рэнэгатам, можа блудным сынам, што зь нейкай прычыны пакінуў жыцьцядайныя грудзі маткі.
— Выбач мне, Алесь. Я не хацеў цябе пакрыўдзіць. Гэта, выглядае, мая асабістая дэпрэсія мяне спанукнула да гэтага…
Наступіла нязручнае маўчаньне. Алесева сьветлае пачуцьцё і ўзьнёслая ўпэўненасьць, што валодала ім яшчэ ад учарашняга, дзесьці зьнікла. Гэты стары змагар, што многа перацярпеў і перанёс шмат ліха, адкрыў незагоеную рану.
— Прашу цябе, прабач, — зноў гаварыў Шпак. — Ведаеш, як я цябе цаню… Але гэта… гэтых некалькі слоў, што я сказаў, яны неяк вось тут, — разуеш, спадзяюся, — з набалелага сэрца… Можаш назваць мяне старым дурнем. Нагаманіў, а цяпер перапрашаю.
Алесь уважліва глядзеў на пісьменьніка. Як моцна ён мусіць цярпець і перажываць ды як тонка ўсё адчуваць! Які выбух, калі давялося скінуць маску і выказацца із самай глыбіні! У гэтым жыцьцём скарабачаным і фізычна аслабленым целе бурліў і пераліваўся неўтаймаваны вулькан. Цяпер Алесь слухаў лагодную пісьменьнікаву гутарку. Цяжка яна йшла, абрывалася. Неўзабаве ён пайшоў. Прыгадаў, што прыйшоў быў з намерам пагаварыць са Шпаком яшчэ пра нешта іншае, але здарылася накш. Можа калі іншым часам.
Горкае дзяцінства і вайна шмат чаго навучылі. Цяперашняга Алеся можна было-б назваць мэтадычным чалавекам. Няважна якія былі пляны ці задумы-праекты, дзяцюк меў пэўную, зь якой абжыўся, мэтоду. Калі йшло пра нешта другараднае ды былі добрыя задаткі на посьпех, грунтоўнае камбінаваньне адпадала. Калі-ж на прыцэл трэба было ўзяць і здабыць запраўды нешта важнае, а від на посьпех сумлеўны, Алесь пачынаў плянаваць кажную драбніцу. На першым этапе ставіў разьведку. Старая і мудрая прыказка: сем разоў адмер і раз адрэж. Пасьля добрае разьведкі, зьнюхаўшы-пранюхаўшы, можна было сур’ёзна брацца. Мэтад пэўны і зь няпамятных часоў выдатнымі людзьмі практыкаваны. Алесь любіў выклік, калі меў нейкія шансы на посьпех. У адносінах да дзевак большага плянаваньня не патрабавалася, хаця разьведка была цалкам неабходная.
Калі Вера Мак зьявілася яму на вока, Алесь узяўся за разьведку. Перш за ўсё фізычны выгляд дзяўчыны. Цаца, ляля! Яна прыцягвала да сябе ўвагу й вочы перадусім юрлівых дзяцюкоў. Бурліла маладая кроў. Карысным для Алеся дадаткам было й тое, што дзяўчына быццам апынулася пад ягонай уладай у краме, значыцца ў нечым ад яго залежнай. Праўда, надужываньне такой, сказаць-бы, залежнасьці ня месьцілася ў дзяцюковай галаве. Калі гэтая асоба ня была нейкім эрзацам, а запраўды нечым вартасным, пры заляцаньні да яе трэба было абавязкава даць ёй поўную волю, ніякім чынам не надужываць свайго прыярытэту ці бізнэсавага становішча.
Першапачатныя назіраньні далі Алесю аснову думаць, што дзяўчына не належала да натоўпу. Калі-б дзяцюк грунтоўна ведаў ейнае паходжаньне, і тую «пяшчоту» якой была ахінула Веру савецкая агентура, быў-бы стварыў да яе іншы падыход. Здарылася так, што нехта іншы заплянаваў шахматную гульню і прадумаў падарожжы розных фігураў на далёкую мэту. Алесь бачыў адно адзін бок мэдалю і той у цьмяным сьвятле. Дзяўчына выглядала сьціплай, зраўнаважанай, някідкай да хлапцоў і, здаецца, незаангажаванай ніякім каханьнем. У гэны час модна плылі і адплывалі розныя моды, пераважна ў вопратцы і ў рознай маральнасьці ці амаральнасьці амэрыканскай, а ў шырэйшым маштабе захадняй моладзі, з вытокамі дзесьці ад рок’н’ролу Элвіса Прэслі і лівэрпульскіх Бітлсаў. Гэная шумлівая і крыклівая моладзь, у каторай пачуцьцё, падапхнутае наркаманіяй, публічна паказвала свой агідны твар, якраз захаплялася рознымі адыёзнымі рацыянальнаму чалавеку «модамі». А гэтая дзяўчына, быццам-бы для кантрасту, як на паказ, не належала да агульнага хору, жыла, як выглядала, сваім розумам.
Перад сваім прыездам на гэты кантынэнт Алесь трымаўся поглядаў пра традыцыйную жыцьцёвую ролю жанчыны, якая абжылася даўно ў беларускім сялянскім асяродзьдзі. Жанчына радзіла дзяцей, даглядала іх, любіла мужа, цяжка працавала і ля хаты, і на гонях. Яна сачыла, каб дзеткі навучыліся маліцца, наведваць Божыя сьвятыні, былі паслухмянымі, пакорнымі, значыцца матка была рухавіком хрысьціянскае маралі сям’і. Ці не найважнейшым яшчэ была і народная культура й мудрасьць: песьні, казкі й цэнныя старыя народныя традыцыі. І сялянскія дзяцюкі, наглядаючы сабе сябровак жыцьця, трымаліся замацаваных народнай культурай і маральнасьцю стандартаў. Часта, вядома, у запрыгоненай краіне не апошнюю ролю ў заляцаньнях і сужэнствах адыйгрываў пасаг і зямельная ўласнасьць.
Читать дальше