Шпак зноў закурыў. Хваляваньне выяўлялася ў ягоных нэрвовых рухах, колкіх вачох. Тое, што казаў, вылівалася згадамі набалелага сэрца.
— Калі вы мне прабачыце, — гаварыў Алесь, — дык скажу, што мне здаецца вы крыху перасольваеце, ці, як у нас казалі, дугу ў іншы бок перагінаеце. Замнога хвалюецеся…
— Хвалююся? Дугу перагінаю? Што ты вярзеш! Усхваляваны я ёсьць і не бяз прычыны. Але дугі я не перагінаю.
— Усё-ж я ня бачу прычыны для трывогі, — спакойна заключыў Якімовіч.
— Слухай, Алесь. — Шпак, падыйшоўшы блізка, глядзеў яму ўважна ў вочы, — праблема ў цябе тая, што ты даўно ўжо далучыўся да пагоні за далярамі, ці, як тут кажуць, у пацуковы гонкі ўключыўся. Гэта, вядома, ня надта шкоднае, калі яно не замінае многаму іншаму, важнейшаму ў жыцьці.
— Што-ж вы параілі-бы мне рабіць?
— Гэтае тваё пытаньне вельмі актуальнае. Усё-ж я не хацеў-бы на гэтую тэму зусім шчыра выказвацца бяручы на ўвагу ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабіў.
— Гаварыце, калі ласка. Я вас з прыемнасьцю выслухаю і, спадзяюся, з вашых заўваг скарыстаю.
— Тое, што можаш пачуць, магчыма, ня будзе для цябе прыемным.
— Нічога. Гаварыце, я вытрымаю.
Дзесьці блізка выла пажарная сірэна. Шпак спыніўся, глядзеў у вакно празь якое відаць была вялікая рухавая нэонная рэкляма Кока-Кола дый маса меншых рэклямных і яркіх гарадзкіх вулічных сьвётлаў. Пару хвілінаў Шпак маўчаў. Алесь падазраваў, што пісьменьнік мяркуе ці варта з глыбіні выцягваць нешта ня зусім прыемнае. Ды пісьменьнік нешта вырашыў. Паважным позіркам, адвярнуўшыся ад вакна, глядзеў на Алеся. І ў гэным позірку заўважыў Алесь знаёмую яму іскру. Так, гэта такая самая аўтарытэтная іскра, якую даводзілася Алесю назіраць у вачох адказных і ўпэўненых людзей тады, калі яны выказвалі нейкія дыдактычныя мудрасьці. Гэта — чырвонае сьвятло. Яму нельга пярэчыць. Ідзі на яго, рызыкуй на сваю шкоду.
— Клопат і слабасьць твая, Алесь, у тым, што як і многія іншыя, ты ўжо зьмякчэў у вялікіх матар’яльных выгадах. Гэткія матар’яльныя выгады, як усім ведама, часта прадукуюць палітычных і ідэйных інвалідаў. Магчыма ты сам не спасьцярог як ты зьмяніўся, што цябе ўжо цяжка пазнаць. Гэта ўжо не ранейшы Алесь Якімовіч… Не. Я не гавару пра тваё сэрца і пра твае погляды. Ідзе тут пра хвальшывыя адносіны, якія часамі цяжка зразумець… Выглядае, быццам твае мазгі абрасьлі жырам, што ты наўмысна ў жыцьці адкідаеш усё больш важнае адно таму, каб не адстаць ад іншых у тэй гонцы за далярамі, у гэнай пацуковай гонцы, як тут кажуць…
— Я гэтага не заслужыў! Быццам я не памагаў! — ускочыў Алесь з дакорам у голасе. Пісьменьнік запраўды яго ўкалоў.
— Ты памагаў, ты зрабіў больш для нашай справы чымся многія іншыя, разам узятыя, — усё такім-жа ўпэўненым дыдактычным голасам прадаўжаў Шпак. — Але чаму цябе зь імі раўняць? Табе больш дадзена і ад цябе больш патрабуецца.
Што Алесь мог на гэта адказаць? Ведаў, што пісьменьніка трэба выслухаць. Ён жыў у сваім, аднаму яму даступным ды надзвычайна цікавым і пакутлівым сьвеце і вось цяпер прыйшла пара, нядрэнная нагода, каб перад гэтым «капіталістам» разладаваць сваю душу. І бяда таму, хто мог стацца аб’ектам ягонага дакору ці ганьбаваньня.
— Я казаў раней, што твой уклад у нашую справу й грамаду больш чым выдатны. Ды гэтага мала. Тваіх грошай замала, Алесь мой дарагі. Ты мусіш самога сябе пасьвяціць і ахвяраваць справе нашага вызвольнага змаганьня. Асабліва-ж апошнімі часамі ты неяк бокам, бокам… Сьвет, у якім цяпер жывеш, пэўна, цікавы, бурлівы ці імклівы, перапоўнены крыкамі захапленьня рознага маштабу гэданістаў… Ты адаптаваўся, прытарнаваўся да гэтага новага асяродзьдзя, што, здаецца, ануляваў сябе, ранейшага, зрабіўся быццам тараканом у саладусе.
— Выглядае, што ты разважаеш із сваім духовым эго і напэўна сьпяшыш запэўніць гэну істоту, што ўсё ў парадку, што ты — свайго роду цаца й што ад цябе ніхто й нічога не павінен патрабаваць. Ты напэўна ўжо пераканаў сябе, што выбраў адзіна правільны шлях і здабыў нутраны мір. Чаму-ж-бы не? Сацыяльны клімат надзіва спрыяльны, а ты-ж ёсьць адным з грамады, што намагаецца задаволіць розны матар’яльны голад, ці, накш кажучы, прагавітасьць. Адным словам, ты адзін з тых, што валочацца ўтоптанай сьцежкай, зырка назіраючы, каб падхапіць ці прыстасавацца да новых кірункаў, тутака модна ведамых social trends. Ведаеш пра што гавару…
— Але памятай, Алесь, што ты не належыш да гэтай грамады й ніколі не ўрасьцеш у яе. Няважна, колькі і як заўзята будзеш намагацца, ты ня зьліквідуеш гэтай другой істоты — духовага я ўнутры сябе. Яна будзе зьяўляцца ў тысячах відаў ці зьяваў і ўсё ў карэньні мінулага. Ты ніяк ня зможаш сябе адрэзаць ад тваёй ранейшай бацькаўшчыны й людзей. Калі я ведаю душу Беларуса, — а ты вер мне, што ведаю яе добра, — ты ня знойдзеш сховішча ці прыпынку за шчытам дастатку й выгады. Ты маеш душу, ты занадта многа перацярпеў. Духовыя дакоры ня спыняцца. Перастань сам сябе ашукваць і маскавацца.
Читать дальше