Шпак пачуў шум на доле, нейчыя скрыпучыя крокі на сходах і пасьля асьцярожны стук у дзьверы.
— Калі ласка.
У дзьвярох зьявіўся Алесь. Было гэта позным вечарам, пару гадзінаў перад тым, як пісьменьнік меў ісьці на працу. Ён спасьцярог распраменены Алесеў твар. Задаваленьне, радасьць? Нешта-ж здарылася. Быў гэта твар чалавека, які цяпер шчодра чэрпаў матар’яльнае дабро з жыцьця і ня меў прычынаў, каб скрываць свае пачуцьці. Алесь прывітаўся.
— Прашу, сядай. Што новага прыносіш?
— Перш за ўсё, як вашае здароўе? — спытаўся ў Шпака Алесь.
— Скрыпіць, як тая надломаная галіна, сам ведаеш… Дык чым пахвалішся?
— Вы не паверыце, — пачаў не без хваляваньня Алесь, выцягваючы зь кішэні пазалочаную цыгарэтніцу й прапануючы пісьменьніку закурыць. — Учора атрымаў павышэньне. Прызнацца, спадзяваўся, але не так скора…
— Віншую. Жадаю спору ў працы і няхай Бог памагае.
— Дзякую, спадар Шпак, дзякую.
— А што за новая пазыцыя?
— Далучылі мяне да экзэкутывы і ўзвалілі на плечы цэлы вялізны дэпартамэнт. Даволі цяжкі воз, але як упрагуся дык пацягну.
— Няма прычынаў, каб не пацягнуў, — сказаў Антон Шпак і сеў.
— З гэтай нагоды раблю сьвята ў пятніцу вечарам. Таму я забегся. Хацелася-б мець гонар…
— Гонар быў-бы мой, — уставіў Шпак, — але я запраўды ня ведаю. Мушу працаваць і піць мне ня трэба. Апроч таго, твае сябры, якіх ты напэўна ўжо запрасіў, мала супольнага са мною маюць.
— Нонсэнс. Забудзьцеся пра розьніцы, прыхадзіце й гуляйце. Ніхто нікога піць ня змушае. Будзеце ў мяне найважнейшым госьцем. Прашу вас.
Іншым разам пісьменьнік ужо згадзіўся-б. Нешта сталася. Голас ягоны меў цяпер тую характэрную гэтаму чалавеку цьвёрдасьць, якую Алесь заўважыў ужо пару разоў у мінулым.
— У чым справа, скажыце? Нешта вам дакучае, нейкая качка вас убрыкнула, — усьміхнуўся Алесь.
На бацькаўшчыне яны не сустракаліся. Алесь чуў пра Шпака і вайной чытаў ягоныя творы. У Канадзе пазнаёміліся. Спачатку Шпак трымаў пэўную адлегласьць ад гэтага, як ён меркаваў, кар’ерыста. Паступова Алесеў просты й прыяцельскі падыход, добрыя адносіны, шчырасьць і запраўдная дабрыня ягонага сэрца, ды не на апошнім месцы «помач добрага сябры» размылі ўсе запруды Шпакавай асьцярожнасьці. Пісьменьнік цяпер Алесю поўнасьцю давяраў.
— Сяньня, прабач браток, не хацелася-б пра гэта гаварыць. Шпак устаў, наліў з крану шклянку вады, выпіў і зноў сеў.
— Я ўгадаў. Нешта вам дакучае. Чаму-ж са мной не падзяліцца? Можа я памог-бы…
— Не, Алесь, ніхто не паможа мне, калі сам гэтага не палагоджу. Прашу зразумець: я вельмі цябе цаню, паважаю, ты шмат мне дапамог.
— Пра якую гэта вы помач гаворыце?
— Дай мне слова сказаць. Ведаю, што ты мне памагаў і навошта нам у жмуркі гуляць. Але цяпер, вер мне, ты ня зможаш памагчы, каб нават усе свае сілы палажыў на гэта.
— Нешта запраўды вельмі важнае і балючае, — сказаў Алесь.
— Балючае.
Настала даўгое маўчаньне. Алесь чакаў.
— Магчыма я некалі згадваў табе пра чалавека, які працаваў са мной у гатэлі, — павольна гаварыў пісьменьнік. — Перад вайной у Эстоніі ён меў высокі чын, прынамся мне так казаў. Быў шэфам дэпартамэнту ў міністэрстве адукацыі, мае навуковы тытул. Запраўды адукаваны і культурны чалавек.
— Здаецца, што вы мне раней расказвалі пра яго, — перарваў Шпака Алесь. — Чаму вы кажаце працаваў? Ці ўжо не працуе?
— Але-ж ты скачаш наперад… Паслухай, не гані. Ён працаваў са мною тры гады. Добры, сумленны, разумны, працавіты чалавек. Прыемна й карысна такога побач мець. Мне часам здавалася, што ён сваяк мой, разумееш? На пару гадоў старэйшы за мяне, страціў сям’ю падчас вайны, уцёк перад бальшавікамі. Здароўе ягонае пайшло на скон. Апроч фізычных нямогласьцяў цярпеў і маральныя. Уяві сабе як цяжка інтэлектуалу вытрымаць цяжкасьці быту, усьведамляючы, што не на тое вучыўся, каб чысьціць адходкі грашовых арыстакратаў…
— Так, так ведаю. Дык што сталася?
— Учора яго з працы выкінулі.
— Выкінулі? Чаму?
— Заснуў на працы. Я ведаў, што яму немач дакучае. Начная зьмена для яго была занадта цяжкая. Але-ж адмовілі яму на дзённую. Дык ён вось аслабеў і заснуў. Бос злавіў яго і тут-жа, нягоднік, выгнаў з працы!
— Нічога дзіўнага. У вас няма прафсаюзу, каб заступіўся?
— Няма ніякага прафсаюзу й ніхто яму не паможа. Стары амаль расплакаўся. Я памкнуўся, каб заступіцца за яго. Толькі адкрыў рот, а ты ведаеш, што мне бос на гэта?
— Няцяжка адгадаць.
— Ты. кажа, уважай! Бачыш, вунь цэлы натоўп беспрацоўных стукаецца ў дзьверы. Я зразумеў.
Читать дальше