* * *
Чалавек, які першы ўсьвядоміў, што няма нейкіх унівэрсальных ісьцінаў, што ў кожнага яна свая (“Я павінен адшукаць ісьціну, якая зьяўляецца ісьцінай для мяне...”), пасьля сьмерці надоўга выпаў зь інтэлектуальнага кантэксту Эўропы. Нават у Капэнгагене на яго забыліся. Біяграфічны слоўнік філёзафаў, складзены ў 1879 годзе, Кіркеґара ня згадвае.
Але на пачатку XX стагодзьдзя нямецкая культура пачынае “адкрываць” сьвету дацкага філёзафа. І з гэтага часу не спыняецца трыумфальнае шэсьце яго ідэяў. Для Заходняй Эўропы і Амэрыкі экзістэнцыялізм робіцца пануючай філязофіяй. Не пазьбегла гэтага ўплыву і Азія, асабліва — Японія. У мяне пад рукою няма іншых лічбаў, але і гэтых, пэўна, даволі, каб уявіць агульную цікаўнасьць да Кіркеґара: толькі за пяць год (1961-1965) у розных краінах выдадзена больш за 300 працаў, прысьвечаных яго жыцьцю і творчасьці. Зразумела, што ў сьпісе тых краінаў няма Беларусі. Што тут паробіш? Кіркеґар прайшоў паўз нас. Але тае бяды, каб толькі ён адзін. Вось яны ідуць, іх шмат, і ўсё паўз, паўз, паўз...
ЗЫҐМУНД ФРОЙД
Людзі моцныя, пакуль абараняюць вялікую ідэю; яны робяцца нямоглымі, калі ідуць супраць яе.
Зыґмунд Фройд
Яму была наканаваная роля выдатнага навукоўца, аднак яго самога гэтая роля не задавальняла. Незвычайная амбіцыйнасьць штурхала яго на пошукі шляху да абсалютнай вышыні, і ён гатовы быў крочыць гэтым шляхам, нават каб ісьці давялося праз апраметную.
Урэшце Фройд ускараскаўся на вяршыню свайго жаданьня і... якраз праз апраметную, калі скінуўся ў прадоньне падсьвядомага і з блытаніны былога, ссунутага ў бездань “Я”, выштукаваў сабе пастамэнт упоравень з гарой Сінай.
Але тое, што ён намагаўся быць вялікім, хаця, магчыма, ня быў такім па “боскай” задуме, ад пачатку (застаецца і сёньня) сталася прычынаю падазронасьці як да ягонай асобы, так і да таго, што ім было напрацавана.
Заўзятары прарока псыхааналізу (без пакепваньня) напэўна запярэчаць супраць такой атэстацыі — і дарэмна. Тут можна было б згадаць колькі заўгодна куды больш жорсткіх выказваньняў як і пра самога вынаходніка “лібіда”, так і пра ягоную навуку. Чаго каштуе адно толькі мімаходзь кінутае Набокавым слоўка — “либидобелиберда”. Альбо вось гэтая выснова Людвіга Вітґенштайна: “Фройд сваімі фантастычнымі псэўдатлумачэньнямі (менавіта таму, што яны праменяць дасьціпнасьць розуму) зрабіў дрэнную справу”.
Пакуль пакінем па-за ўвагай, чаму гэта Фройд зрабіў “дрэнную справу”, каб не забыцца на гранічна супрацьлеглыя меркаваньні, сярод якіх згадаем усяго фрагмэнт з эсэ Ґермана Ґесэ (“Мастак і псыхааналіз”): “Ён (псыхааналіз — В. А.) патрабуе праўдзівасьці мастака ў адносінах да самога сябе, той праўдзівасьці, зь якой мы ня звыкліся. Ён вучыць нас бачыць, прызнаваць, дасьледаваць і ўсур’ёз прымаць тое, што мы якраз найбольш пасьпяхова адпрэчылі, што адпрэчыла ва ўмовах прымусу цэлае пакаленьне. Ужо зь першых крокаў на шляху знаёмства з псыхааналізам адчуваеш магутнае, нават празьмернае ўзрушэньне, зямля пад табой пачынае хадзіць ходарам. Хто ўстояў і крочыць далей, таго ахоплівае пачуваньне адзіноты, якое ўзьнікае з прычыны аддаленасьці ад умоўнасьцяў і традыцыйных поглядаў; ён павінен цяпер пытацца і сумнявацца, а гэта пакідае яго сам-насам зь нічым. Але за пабуранымі кулісамі традыцыйнасьці ён усё выразьней прадчувае і бачыць жорсткі малюнак праўды, прыроду”.
* * *
Год нараджэньня Зыґмунда Фройда — 1856. У сваёй знакамітай працы “Тлумачэньне сноў” Фройд распавёў: я “зьявіўся на сьвет увесь аблытаны чорнымі валасамі, і мая маладая маці палічыла мяне за мурына”.
На гэтую акалічнасьць можна было б не зьвяртаць увагі, калі б сам Фройд не надаваў ёй пэўнага значэньня. Справа ў тым, што Ґётэ, геній якога Фройд бязьмежна паважаў, таксама нарадзіўся чорным, і падобнае супадзеньне мацавала Фройда ў ягоных амбіцыях.
Калі Зыґмунду было тры гады, сям’я пераехала на жыхарства да Вены і прыстала ў мейсцы, якое належала гэбрайскаму гета. Натуральна, тут слова “гета” ня трэба разумець так, як яно разумелася ў сярэднявечным эўрапейскім горадзе, а тым болей у Менску падчас Другой сусьветнай вайны. Аднак абмінаць гэты факт таксама не выпадае, бо гэбрайскае паходжаньне і асяродзьдзе Фройда адыграла не апошнюю ролю ў тым, што (і як) ён рабіў.
На тую пару бацькі Зыґмунда былі досыць заможнымі людзьмі, і хлопчык меў магчымасьць вучыцца ў гімназіі (лічыўся там сярод першых вучняў). Пазьней ёй нейкі час вагаўся, выбіраючы паміж юрыспрудэнцыяй і мэдыцынай, і спыніўся на апошняй (Венскі мэдычны факультэт).
Читать дальше