Выказваньняў, падобных да гэтых, у Кіркеґара шмат, аднак ніводнае зь іх не дае падставаў рабіць адназначныя высновы.
Прыхільнікі рамантычнай вэрсіі абапіраюцца на куды больш ясныя і недвухсэнсоўныя словы. Спачатку сьведчаньне самой Рэгіны. “Ён ахвяраваў мной Богу”, — пісала яна па сыходзе доўгага жыцьця. Але паслухаем самога Кіркеґара: “Шмат мужчын зрабілася геніямі дзякуючы дзяўчыне, шмат мужчын зрабілася героямі дзякуючы дзяўчыне, шмат мужчын зрабілася паэтамі дзякуючы дзяўчыне, шмат мужчын зрабілася сьвятымі дзякуючы дзяўчыне, але хто папраўдзе зрабіўся геніем, героем, паэтам ці сьвятым дзякуючы дзяўчыне, якая стала яго жонкай?”. Гэта зь “літаратурнага” твору, а вось дзёньнікавы запіс: “... калі б я пабраўся з Рэгінай, я ніколі ня стаў бы самім сабой”. Ці яшчэ: “Ажэнішся — пашкадуеш, не ажэнішся — ты і аб гэтым пашкадуеш, ты пашкадуеш і ў тым і другім выпадку...”
Цяжка сказаць, за якой з вэрсіяў праўда. З свайго боку, можна было б заўважыць адно вось што: здаецца, большасьць фізыёлягаў зьвязваюць мужчынскую нямогласьць з творчай недзеяздольнасьцю. Што да Кіркеґара, то яго магутны творчы патэнцыял, які выявіўся ў велічы зробленага, дае ўсе падставы сумнявацца ў “паталягічнай” вэрсіі. Зрэшты, гэта і ня так важна. З Рэгінаю ці безь яе ён зрабіў бы тое, што зрабіў. Пасрэднасьці залежаць ад абставінаў, геніі не зважаюць на іх.
* * *
Натуральна, у кароткім нарысе немагчыма хаця б акрэсьліць увесь суплёт філязафемаў Кіркеґара. Спынімся толькі на адной з дамінуючых...
Знакамітае “Або — або” — гэта жорсткае, катэгарычнае супрацьпастаўленьне этычнага эстэтычнаму. Апошняе Кіркеґар разумеў як асалоду ад пачуцьцёвага ўспрыняцьця жыцьця. Эстэтычнае — гэта тое, што цешыць “фізыялёгію”: смачныя стравы, віно, каханьне; тое, што звычайна разумеюць пад спрошчаным эпікурэізмам. Эстэтычнае для Кіркеґара пэрсаніфікаванае ў вобразе Дон-Жуана.
Этычнае — гэта дабрачыннасьць, гэта абавязкі чалавека перад чалавекам, сям’ёй, дзяржавай. Вышэйшая праява этычнага — шлюб. “Шлюб я разглядаю як найвышэйшую мэту індывідуальнага чалавечага існаваньня”.
Але ў гэтым супрацьпастаўленьні этычнага эстэтычнаму (“Або — або”) і першае, а тым болей другое саступаюць рэлігійнаму. Самаахвярнае служэньне Богу — вось абсалют, ідэал ладу жыцьця.
На думку Кіркеґара, кожны чалавек павінен сам выбраць сабе быцьцё: эстэтычнае, этычнае ці рэлігійнае. Спалучэньні, камбінацыі ён абвяргае катэгарычна. Праблема выбару, упершыню згаданая філёзафам з Капэнгагена, зробіцца дамінантай сучаснага экзістэнцыялізму.
Сябе Кіркеґар лічыў віжам на службе ў Бога. Для Кіркеґара Бог — гэта той, хто ўсё можа, ён нават можа яму вярнуць Рэгіну Ольсэн. Але Бог — гэта і той, каму ўсё можна. Ён па-за этычным, і калі ты выбраў Бога, то павінен забыцца на людзкасьць, на чалавечую мараль. “Хрысьціянства ў Дабравесьці азначае: любіць Бога ў нянавісьці да чалавека, у нянавісьці да сябе самога, атым самым і да іншых людзей, у нянавісьці да бацькі і маці, да свайго дзіцяці, жонкі і г.д.”
Для ўразуменьня поглядаў Кіркеґара на рэлігійны лад жыцьця вельмі важны біблейскі эпізод з Абрагамам. Як мы памятаем, Абрагам, выконваючы волю Бога ахвяруе яму свайго адзінага сына Ісаака. Па законах этыкі, чалавечай маралі ахвярапрынашэньне свайго любага сына — злачынства, якое цяжка з чым-кольвек параўнаць, а па рэлігійным законе — выпрабаваньне веры, дзея найвышэйшага духоўнага кшталту. Вера ў Бога ня ведае сумліву, “нават калі раструшчыцца ўвесь сьвет і расплавяцца ўсе элемэнты, ты павінен верыць”. Уласна, Кіркеґар патрабуе любіць Бога ў нянавісьці да Бога. Любіць пераадольваючы нянавісьць ці, дакладней, празь нянавісьць; заставацца ў палоне адчаю ад невытлумачальнай жорсткасьці Бога і за гэта Яго люта ненавідзець, але і ў лютай нянавісьці любіць, бо акрамя Бога няма ў чалавека іншай надзеі на магчымасьць аптымізацыі як жаху быцьця гэтак і жаху небыцьця...
Акрамя Сакрата для Кіркеґара па-за крытыкай застаецца хіба адзін чалавек — Тэртуліян. На яго абапіраецца Кіркеґар, супрацьпастаўляючы рэлігійнае этычнаму, яго ідэямі мацуецца, выбіраючы Абсурд крытэрам ісьціны. “Сын Божы быў народжаны, як і кожнае дзіця; і няма ганьбы ў гэтым, хаця сам факт абражае. Сын Божы памёр, як і кожны чалавек; і гэты факт зусім натуральны, хаця і абсурдны. І Ён увакрос зь мёртвых; факт гэты бясспрэчны якраз таму, што ён немагчымы” (Тэртуліян).
Для Кіркеґара, як і для Тэртуліяна, паводзіны Бога немагчыма вытлумачыць чалавечым розумам. Бог таму і Бог, што гэта нешта зусім іншае за тое, што можа ўявіць сабе чалавек. У Бога можна толькі верыць. І таму, калі Бог патрабуе забіць сына, адпрэчыць Рэгіну, — зрабі так і не спрабуй зразумець: навошта? Ён для цябе Абсурд.
Читать дальше