У Барані мы пабылі два дні! Сустрэчы, выступленні, экскурсіі, адкрыццё мемарыяльнай табліцы ў гонар Уладзіміра Корбана на вуліцы яго імя. Усё гэта, вядома, было цікава. Але ж мне рупіла іншае: знайсці на Аршаншчыне Занаў Каханыя, пабываць на яго апошнім прыстанку. Тут, у Барані, усе, у каго я ні пытаўся пра яго, толькі паціскалі плячамі.
Заставалася ехаць у Смаляны. Пэўне ж, Каханыя быў недзе недалёка ад Смалян, раз сюды прывезлі хаваць яго гаспадара.
Развітаўшыся пасля ўрачыстасцей з гасціннымі гаспадарамі Барані і сябрамі-літаратарамі, якія ад'язджалі ў Мінск, застаўшыся адзін як бізун, я сеў на рэйсавы аўтобус і пакаціў у Оршу, каб адтуль весці свае росшукі.
Як выявілася, Смаляны ад Оршы недалёка. Аўтобусы ходзяць туды рэгулярна. Але яшчэ ў Барані ласкава падручыўся звазіць туды мяне на сваёй машыне намеснік старшыні гарвыканкома Васіль Віктаравіч Дзяржыцкі. Па мяне ён пад'ехаў у Оршу, да гасцініцы.
Прыехалі мы ў Смаляны рана. Там Васіль Віктаравіч перадаручыў меня старшыні сельсавета Івану Сымонавічу Бутару. Іван Сымонавіч, добры і прыветлівы чалавек сталага веку, расказаў мне збольшага пра Смаляны. Мястэчка (цяпер яго чамусьці завуць вёска) даволі вялікае, тут дзве буйныя гаспадаркі — калгас «Новае жыццё» і саўгас-тэхнікум, які ўзнік на базе даўняй сельскагаспадарчай школы. Іван Сымонавіч быў дырэктарам гэтага саўгаса-тэхнікума. Сам ён з Вілейскага раёна, робіць тут з 1962 года. Для лепшага знаёмства з гісторыяй Смалян Іван Сымонавіч завёў мяне ў музей саўгаса-тэхнікума, куды падышлі таксама яго загадчык Эдуард Іванавіч Іваноўскі і завуч саўгаса-тэхнікума — маладая абаяльная жанчына, імя якой я, на жаль, не запісаў.
Аказваецца, Смаляны — даволі старажытнае паселішча. У хроніках яны ўжо згадваюцца з канца XV стагоддзя як уладанне князёў Бельскіх. Вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Аляксандр падарыў Смаляны сваёй жонцы Алене, дачцэ вялікага князя маскоўскага Івана Ш. Потым Смаляны былі падараваны вялікім князем літоўскім Жыгімонтам І праслаўленаму военаначальніку Вялікага княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму, які са сваім 30-тысячным войскам недалёка адсюль, на рацэ Крапіўна ў 1514 годзе ўшчэнт разбіў 90 тысячнае войска вялікага князя маскоўскага Васілія Ш. Са Смалякамі звязана таксама імя рускага палкаводца Андрэя Курбскага, які, пасварыўшыся з царом Іванам Грозным, перайшоў на бок Вялікага княства Літоўскага, за што як узнагароду і атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста гэтае мястэчка пад Оршай. Пазнейшымі ўладарамі Смалян былі князі Сангушкі, а з XIX стагоддзя, калі Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, — рускія высокія чыны Сямёнавы, Цітовы.
У музеі на фоне ўсяго мінулага Смалян паказвалася гісторыя тэхнікума. Пачатак яму паклаў памешчык Цітоў, арганізаваўшы тут у 1900 годзе так званую ніжэйшую сельскагаспадарчую школу першага разраду. Рыхтавала школа спецыялістаў для буйных памешчыцкіх гаспадарак. Праіснавала яна да 1917 года. Праз год на базе гэтай школы ўтварыўся сельскагаспадарчы тэхнікум, які за гады свайго існавання выпусціў многія сотні спецыялістаў. Сярод выпускнікоў гэтай сельскагаспадарчай навучальнай установы — былы прэзідэнт Акадэміі навук БССР Васіль Феафілавіч Купрэвіч. Дырэктарам тэхнікума перад вайной быў Уладзімір Елісеевіч Лабанок, вядомы партызанскі камандзір, а потым дзяржаўны дзеяч Беларусі.
Але першае, што хацелася мне даведацца ад маіх новых знаёмых — зноў жа пра Кахачын. Дзіва: і тут пра яго ніхто нават блізка не чуў — ні старшыня сельсавета, які, вядома ж, назубок павінен быў вывучыць свае ваколіцы, ні загадчык музея, які родам з недалёкай адсюль вёскі, ні завуч саўгаса-тэхнікума. Нічога пра Каханыя не сказалі мне і навучэнцы саўгаса-тэхнікума, з якімі папрасіла мяне сустрэцца завуч.
Заставалася толькі задаволіцца наведаннем магілы Тамаша Зана. Шукаць яе мы пайшлі разам з Іванам Сымонавічам і Эдуардам Іванавічам.
Спачатку Іван Сымонавіч хацеў адгаварыць мяне ад гэтага: пасля дажджу, які толькі што скончыўся, там будзе быццам бы гразка ды і праз кусты цяпер не прадзярэшся. Але ўбачыўшы, што я ўсё роўна не адступлюся, нехаця згадзіўся.
Ісці давялося зусім не доўга: смалянскія могілкі — у самым мястэчку, на высакаватым узгорку. І ніякай гразі там я не бачыў, і ні праз якія кусты нам не трэба было прадзірацца. Неахвоту старшыні сельсавета весці мяне сюды я зразумеў, калі мы падышлі да месца: так, парадак на могілках не з ідэальных, як, зрэшты, і ўсюды ў нас — на ўсеагульны наш вялікі сорам.
Читать дальше