Сын не спускае позірку з таго месца, куды ўпала птушка, бяжыць, абганяе Куляша.
Дзікі голуб, горлінка, нават не ўцякае ад іх, сядзіць, прыпаўшы на перабітае крыло, і круглае яго вока здзіўлена і балюча глядзіць на людзей.
— Горлінка, — гаворыць Кулеш і адчувае, як прыкра самому, што не стрымаўся, што страляў. Навошта ім гэтая прыгожая лясная птушка. Галубы гэтыя любяць сядзець на вяршынях дрэў на ўсходзе і на захадзе сонца. Стройныя, быццам вытачаныя, нерухомыя.
Кулеш нагінаецца, бярэ ў рукі птушку. Крыло само цэлае, але шрацінка папала ў цела пад ім, і таму крылом птушка не можа варухнуць. На зямлі яна прападзе.
— А мы забяром яе дадому! Хай жыве ў нас!
Павел па-дзіцячаму рады, што ў яго будзе жывая цацка, свой дзікі голуб.
Дадому ён бяжыць амаль што подбегам перад бацькам, задаволены і шчаслівы, што ёсць здабыча.
Кулеш скіроўвае на агароды, каб зайсці на двор непрыкметна для людзей.
Чамусьці гэты выпадак, гэты паход з сынам успомніўся Куляшу зараз. Можа, і не было ў іх больш магчымасці пабыць вось так разам. Пахадзіць па траве на аселіцы, адпачываць пад лазовым кустом. Увесь час Кулеш быў на рабоце. МТС брала сваё, жыць даводзілася не дома, і Павел вырас сам па сабе, вывучыўся, стаў вялікім чалавекам, цяпер зрэдку яго ў госці прывозіць шафёр. Цяпер у сына з бацькам ужо няма часу. Прыедзе на ноч, пераначуе, па чарцы вып’юць, а назаўтра назад у горад.
* * *
Кулеш здагадаўся, што ўспамін той пра падраненага дзікага галубка выплыў у памяці ад жадання пабачыць, пачуць побач сына.
Ён зноў вярнуўся да свядомасці. На гэты раз белая імгла ў вачах ужо спалохала не гэтак. Ён ляжаў і прыслухоўваўся да пахаў, да гукаў. I прывыкаў глядзець у белы туман.
Маці Люба сварылася тады на яго з-за падстрэленага галубка:
— Дзіця магло пацешыцца. А ты, стары чалавек, узяў падстрэліў птушку. Куды ж цяпер яе?
Ян маўчаў, гаварыць не было чаго.
Пасяліўся дзікі голуб жыць на дварэ пад перавернутай скрынкай. Баба Люба ставіла пад скрынку ваду, сыпала зерне. Першыя дні голуб сіратліва сядзеў у кутку скрынкі, пазіраў сваім кругленькім, тужлівым і, здавалася, збалелым вокам.
Аднойчы Кулеш пачуў, як ён спалохана трапечацца і б’ецца ў сваёй схованцы. Ян выглянуў з хлява на двор. На скрынцы сядзела кошка, прасоўвала лапу ў шчыліну і спрабавала загрэбці голуба кіпцюрамі. Давялося яму пазабіваць шчыліны, каб кот не мог прасунуць лапу і каб не палохаў птушку.
Пакрысе голуб ажыў, пачаў кляваць зерне, піць ваду.
I калі аднойчы Паўлік прыпадняў скрынку, ён выбег з-пад яе і ўзляцеў на яблыню.
— Дальбог, узляцеў! — зарадавалася старая Люба.
— А як мы яго назад зловім? — Паўліку не хацелася разлучацца з птушкай.
— Назад ты яго не зловіш. Паляціць ён сваіх шукаць. Пара ім у чароды збірацца і адлятаць.
Але не адляцеў дзікі голуб, якому давялося пабыць пры чалавеку. Назаўтра Кулеш заўважыў, што прыгожая, нібы вытачаная, птушка сядзіць на каньку іхняе хаты пры коміне. Потым зляцела ўніз і пачала кляваць зерне, якое асталося на тым месцы, дзе зусім нядаўна была яе няволя, дзе ляжала перавернутая цяжкая скрынка.
— Што ж ён сабе думае? Калі не адляціць, прападзе ж зімой, — бедавала старая Люба.
А Паўлік падсыпаў круп, і голуб прылятаў карміцца, злятаў з даху на плот, з плота на зямлю і па-гаспадарску разгульваў па двары.
— Што значыць жывое пры чалавеку! Прыгрэлі, пакармілі, ён і прывык, і жыць ужо тут гатовы, — гаварыла старая Люба.
Скончылася ўсё звычайна і нечакана проста. Мабыць, як і павінна было скончыцца рана ці позна. Кошка ўсё ж прыцікавала новага гаспадара, калі той разгульваў па двары, схапіла і знікла з ім за кустамі агрэсту ў садзе.
* * *
Кулеш заўсёды, калі пачынаў думаць пра сына, успамінаў таго голуба. Успамінаў цяпер. Яму хацелася, каб сын прыехаў, пасядзеў побач, пагаварыў з ім. Ён ведаў, што сын прыедзе не хутка, пасля таго як скончыцца камандзіроўка. Але яму хацелася, каб прыехаў сын. Гэтак жа як і калісьці сыну пайсці з ім на паляванне.
Кулеш пакрысе прывык да белага туману ў сваіх вачах, ён не гэтак палохаў, як на першым часе. Ды і дактары суцяшалі, што пакрысе зрок павінен вярнуцца. Ён ім верыў і не верыў, але чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. I гэтае спадзяванне цешыла душу.
Потым Куляша накіравалі ў абласную бальніцу, і амаль праз месяц ён заўважыў, што з белага туману пачынаюць пакрысе выступаць абрысы пакоя, мэблі. Людзі спачатку ўзнікалі аднекуль здалёку, нібы ў маскхалаты апранутыя.
Читать дальше