— Ну, сава старая, чаго свет бесталку паліш ноччу? Вото скінешся на падлогу! Ідзі ўжо спаць укладайся, Леў Талстой!
Старая, мабыць, ужо выспалася і таму не змоўчала, назіраючы, як Кіршчэня змагаецца са сном.
Кіршчэня аж сцепануўся, хуценька загарнуў сваю канцылярскую кнігу, мацюкнуўся на старую і пайшоў класціся спаць. Ён быў гатовы раскруціць рэйд праверкі якасці правядзення ўборачнай работы ў калгасе.
Кулеш прачнуўся досвіта, як і звычайна. Толькі засвятлелася шэранню шчыліна ў хлеўчуку, дзе ён спаў летам на сене. Уставаць не хацелася, няўтульная гэтая шэрая часіна. Яшчэ не прачнуліся ні дрэвы, ні трава, не адчулі ранішняга абуджэння. Усё жывое чакала першага сонечнага праменьчыка, самога сонца з-за небакраю. У гэтую пару прырода глядзіць на ранняга чалавека хмура і незадаволена, яна, як і раструханая пасля сну жанчына, не любіць каб яе бачылі гэтакую.
Кулеш ляжаў і чакаў, пакуль абзавуцца ў садзе птушкі, пакуль пачне пасвістваць, як у трубачку, вялікая жоўтая і заўсёды нябачная птушка івалга.
Знаёмым, глухім болем балела галава. Як і тады, калі яго паклалі ў шпіталь, пасля чаго далі інваліднасць і дачасна адпусцілі на пенсію. I ныла параненае сцягно. Боль у ім жыў пастаянна, толькі не прачынаўся, не замінаў. I калі пачынала балець ад тае даўняе кантузіі галава, ажываў, выплываў і боль у сцягне. Гэта падарунак на ўсё жыццё ад нямецкіх мінамётчыкаў, якія білі густым загародным агнём па невялічкай вышыні, парослай на вяршыні кустамі барбарысу, шыпшыны. Ніжэй на схілах бялеўся рэдзенькі, патаптаны, пераараны выбухамі ячмень, які мясцінамі гарэў слабенькім нізенькім полымем.
Калі пачынаўся боль, да Куляша назойліва вяртаўся адзін і той жа сон-успамін. У ім пераплялося і тое, што было, і тое, што мроілася. За партызаншчыну ён наглядзеўся і намнога страшнейшага. Бачыў і людзей жыўцом спаленых, і дзяцей, якіх парвалі нямецкія аўчаркі. Сабакі рвалі дзяцей на вачах у бацькоў, а калі тыя не вытрывалі і пайшлі на карнікаў, яны пастралялі ўсіх. Адну роту тых карнікаў з аўчаркамі яны адагналі. I ні потым у партызанах, ні на фронце ён не бачыў такога лютага бою. Два партызанскіх атрады з бакоў пайшлі на карнікаў, не стралялі. Білі ўрукапашную, усіх да адзінага. Дасюль Кулеш не забыўся тую жудасную і страшную асалоду, калі бег з нажом у руцэ.
А не пакідаў у спакоі Куляша, здавалася б, будзённы эпізод ужо з франтавога, кароткага жыцця. Чамусці іх паднялі атакаваць удзень, пасля абеду. Атакавалі яны з узлеску невялікага бярозавага гаю.
Немцы толькі зачапіліся на вышыні, паспелі збольшага ўсяго акапацца. Можа, і трэба было атакаваць з-за нейкае вялікае тактыкі. А можа, быў просты разлік на авось, спадзеючыся, што немцы не паспелі замацавацца як след.
3 вышыні ўлупілі густа — і з кулямётаў, і з мінамётаў. У гэтым шалёным трэску Кулеш бег і не чуў ніякай каманды, пакуль не апынуўся ў чорнай і смярдзючай ад выбуху варонцы. У галаве тоненька гудзела, яна была цяжкая. I страляніна сціхла. Толькі час ад часу свісталі міны, нібыта накручвалі на верацяно і выцягвалі з цябе жылы. Выбухі чуліся там, дзе была пазіцыя іхняга батальёна.
Кулеш асцярожна выглянуў з варонкі. Вакол поле, голае поле, перакапанае выбухамі, з целамі мёртвых салдат, якія толькі што гэтак жа, як і Кулеш, беглі ў атаку. Ім было ўжо ўсё аднолькава, а ён жывы. Што, калі немцы возьмуць і пойдуць у атаку? I першае жаданне — падхапіцца і дабегчы да сваіх. Але за час партызанкі Кулеш прьівык, перш чым куды вылазіць, лішні раз паглядзець. Ён гатовы быў падхапіцца, каб бегчы, і ўбачыў, як воддаль з варонкі выскачыў салдат, пабег прыгнуўшыся. I спатыкнуўся праз некалькі крокаў, зрэзаны кулямётнай чаргой. Падаў ён, павярнуўшыся бокам да немцаў. А з вышыні кулямёт радасна сек яго, шкуматаў кулямі ўжо ляжачага. Ад разрыўных куль на зямлі ўскоквалі маленькія кусцікі выбухаў.
Дарогі з гэтае варонкі Куляшу не было. Дакладней, была адна — на той свет.
А сонца нібы застыла, вісела над зямлёй навек на адным месцы. У сне здавалася, што сонца высвечвае ўсё дашчэнту на гэтым полі, высвечвае забітых, высвечвае яго ў варонцы і немцам ён відзён, яны пазнаюць, што жывы, калі хоць паспрабуе паварушыцца.
Ніколі гэтакага доўгага і гнятлівага дня не было ў яго жыцці, ніколі яму гэтак не хацелася, каб хутчэй сцямнела.
Дзіўна было, але і праз многа гадоў гэты пакутлівы сонтрызненне цягнуўся па часе гэтулькі, колькі і астатак таго дня. Сон не адступаўся, мучыў цэлыя ночы напралёт. I прачынаўся Кулеш у роспачным адчаі, бо калі сцямнела, калі можна было бегчы да сваіх, ён выпаўз да краю варонкі, прыпадняўся на руках, каб бегчы, і з жахам адчуў, што падае, правальваецца ў чарнату — у яго не валодала левая нага.
Читать дальше