Упершыню гэты смяротны холад Кіршчэня адчуў, калі толькі пазнаёміўся з Беразоўскім. Да вайны яшчэ. Пасля адной з нарад сакратар райкома неяк сказаў Кіршчэню:
— Ты зайдзі пасля да мяне. 3 табою адзін чалавек пагаварыць хоча.
Кіршчэню падалося, што і ў словах сакратара райкома прамільгнула нешта далёкае ад уладнасці і ўпэўненасці.
Вось тады ў кабінет да сакратара і ўвайшоў прыгожы, кучаравы малады мужчына з ямачкамі на шчоках, калі ўсміхаўся, падаў Кіршчэню руку, паціснуў і сказаў:
— А я чуў, чуў пра вас, таварыш Кіршчэня.
I тое, што ён чуў, абазначала ўжо пахвалу. Хаця што ён чуў, бог ведае.
Беразоўскі зірнуў на сакратара райкома, і той паслухмяна ўстаў са свайго месца.
— Ну, вы тут пагаварыце, у мяне справа ёсць, — сказаў ён і выйшаў з кабінета.
Беразоўскі прысеў насупраць Кіршчэні, глядзеў на яго, усміхаўся.
— Думаю, што мы з вамі будзем няблага працаваць, таварыш Кіршчэня. Вы чалавек мясцовы, людзей ведаеце. У нашай рабоце апора на такіх людзей абавязковая. Інакш мы будзем як без рук. Вы ведаеце, у які час жывём, калі ўнутраны вораг, як гад, паказвае сваё джала з кожнае шчыліны. А за ім стаіць усясветная буржуазія, якая хоча знішчыць нас. Яе агенты нябачна распаўзліся па ўсёй краіне. I мы з вамі, таварыш Кіршчэня, адсячом гэтыя шчупальцы!
Беразоўскі рубануў рукой паветра. Шчокі яго заружавеліся, а за блакітнай фіраначкай вачэй адкрылася страшная, бяздонная смяротная пустата.
— Вядома, — згадзіўся Кіршчэня. — Але сярод нашых людзей такіх яўных…
— Яўныя нам не страшныя! Страшны замаскаваныя! Страшны эмісары…
— У нас быццам бы…
— Вы не спяшайце, таварыш Кіршчэня. Вы падумайце. Мы павінны кожнага бачыць. I таго, хто прытаіўся.
— Я разумею, — Кіршчэня не мог здагадацца, што мае на ўвазе Беразоўскі.
— А як у вас працуе Пратасевіч Зінаіда? — раптам спытаўся ён.
— Добра працуе. Звеннявая, стаханаўка.
— Да, таварыш Кіршчэня. А тады, як вырашылі выслаць іх як кулакоў, вы прысутнічалі? Вы галасавалі?
— Аднагалосна вырашылі.
Кіршчэня памятаў тое паседжанне. Тады ўпаўнаважаным было сказана, што не менш чатырох сямей трэба раскулачыць. Кіршчэня не памятаў, хто назваў першы і мнагадзетную сям’ю Пратасевіча. Хіба за тое толькі, што ён быў майстар на ўсе рукі, і каваў, і сталярыў, і плотнічаў, і печы клаў. Зарабляў, гаспадарку таксама трымаў. Але ж і астатнія не багацейшыя былі за Пратасевіча.
— А калі падумаць, таварыш Кіршчэня, якое дзела выходзіць? Сям’ю Пратасевіча вярнулі з Сібіры. Значыць, несправядлівасць была зроблена. Значыць, некаму трэба было, каб у людзей узнікла крыўда на савецкую ўладу. Вось што гэта ўсё значыць!
Беразоўскі глядзеў на Кіршчэню, і на шчоках у яго былі ўсмешлівыя ямачкі. Яго, мабыць, задаволіла, што напалохаў Кіршчэню. Ён не дэманстраваў свае ўсясільнасці, але цешыўся ёй.
Гэта Кіршчэня потым ужо зразумеў, калі часта сустракаўся з Беразоўскім. 3 кожным ён пачынаў гаворку гэтак, каб чалавек спалохаўся. I калі атрымліваў задавальненне, Беразоўскі адыходзіў, рабіўся вясёлым і кампанейскім. I мабыць, дрэнна было таму, хто адважваўся не спалохацца. Таго Беразоўскі запамінаў і спуску не даваў.
— Гэта здаецца, што быццам нічога і не здарылася, а на самай справе адбылося ўрадзіцельства.
— Ну, сям’ю ж вярнулі, а самога Пратасевіча не. Там астаўся.
— Гэта другое пытанне, таварыш Кіршчэня. Вышэйшых кампетэнцый. Яны разбяруцца. А мы з вамі павінны на сваім месцы… Я на днях заеду да вас, паталкуем, — паабяцаў Беразоўскі, раптоўна ўстаў, падаў на развітанне руку і рашучым крокам выйшаў з кабінета.
Нейкі час Кіршчэня сядзеў і не ведаў, што гэта ўсё абазначае. Ачнуўся толькі, калі зайшоў у кабінет сакратар райкома. Ён уважліва паглядзеў на яго і запытаўся:
— Пра мяне распытваўся?
— Не, што вы!
Сакратар райкома ўважліва і недаверліва паглядзеў на Кіршчэню, паківаў галавой.
— Не пра вас, я праўду гавару. Толкам і не разабраўся, што ён ад мяне хацеў.
— Што хацеў, тое возьме, не сумнявайся. Дык гаворыш, не пра мяне рэч была?
— Не.
Сакратар яшчэ раз пільна паглядзеў на Кіршчэню, і тады яму здалося, што ўздыхнуў сакратар з палёгкай. Нязвыкла клапатліва правёў да дзвярэй, паціснуў на развітанне руку.
Гэтую цень павагі ад раённага кіраўніцтва Кіршчэня адчуваў і потым, увесь час. Сам той толькі факт, што Беразоўскі лічыў яго за свайго чалавека, падымаў Кіршчэню, надаваў яму сілу і значнасць, якое не мелі іншыя.
Сакратар райкома недарэмна турбаваўся, таму што недзе праз паўгода яго раптам не стала, куды і што — невядома, паведамілі толькі, што вораг народа.
Читать дальше