* * *
Беразоўскі любіў наязджаць нечакана і чамусьці адвячоркам. I заўсёды калі Кіршчэня прысутнічаў дома. Вітаўся ўсмешліва і прыязна. Кіршчэнева разгубленасць ад нечаканага з’яўлення таксама прыносіла Беразоўскаму задавальненне, маўляў, мне кожны крок кожнага чалавека вядомы. У гасцях Беразоўскі размяшчаўся грунтоўна, не спяшаўся. Першае, ён пачынаў з гутаркі, з патрабаванняў ацаніць абстаноўку на канкрэтны дзень у вёсцы. Слухаў і дэманстраваў свой недавер да сказанага. Потым працягваў гаворку у час вячэры. За вячэраю, пасля чаркі Беразоўскі дабрэў, ружавеў і многае гатовы быў дараваць. Есці ён любіў, здавалася, куды тая страва ў яго ўмяшчаецца. Потым ужо Кіршчэня зразумеў, што страху няма, калі Беразоўскі альбо папракае, альбо падазравае. Страшней, калі прамільгне ў яго гаворцы чалавек быццам і мімаходзь.
Вось гэтак мімаходзь успомніў ён у гаворцы з Кіршчэнем Русакевіча, які гірыехаў тады настаўнічаць да іх у вёску:
— Гаворыш, таварыш Кіршчэня, нічога за ім падазро-
нага?
— Не. I слова лішняга не пачуеш, і актыўны…
— Гэта добра. Значыць, перавыхаваўся.
— А чаго яму перавыхоўвацца?
— Там у сталіцы контррэвалюцыя голаў падняла. Гаворыш, тут ён ніжэй травы, цішэй вады?
— Нідзе не чуцён і не відзен.
— Гэта, калі трэба, і пацвердзіш.
На тым гаворка і кончылася пра Русакевіча. А потым ноччу яго не стала. Як і звычайна «варанок» прыехаў. Надвячоркам. Сама за стол сям’я села. Зайшлі тры чалавекі ў скуранках. Загадалі, каб збіраўся. Больш нічога не тлумачылі. Збольшага вобшук зрабілі. I ў Кіршчэні ніхто ніякага пацверджання пра паводзіны настаўніка не пытаўся. I Беразоўскі не ўспомніў пра Русакевіча. Нібы і не адбылося нічога, і ён, Беразоўскі, пра гэта нічога не ведае, ніякага дачынення не мае.
Вось гэтак жа мімаходзь вярнуўся Беразоўскі і да сям’і Пратасевічаў, да Зіны. Баба жылы рвала, трэба было чатырох хлопцаў гадаваць адной. Дачка памерла, калі Зіна вярталася дадому з Сібіры. У вагоне памерла, і яна прывезла дачку мертвую, на сваіх могілках пахавала.
Дык вось, Беразоўскі зноў неяк мімаходзь пацікавіўся жыццём сям’і Пратасевіча.
— Гэта добра, што яна стаханаўкай стала. Але не забывай, таварыш Кіршчэня, што гэта яна тады напісала скаргу, што яе мужа несправядліва раскулачылі. Знала, куды напісаць, куды адпраўляць. Выходзіць, тут рашэнне было няправільна прынятае… Пад сумненне пастаўлена. Гэта добра, што яна стаханаўка, добра, што дзяцей падгадавала.
I неўзабаве не стала Зіны Пратасевічавай. Ноччу прыехалі па яе, каб ніхто не бачыў, ноччу павезлі, і больш ніякага гуку.
Часам, прачнуўшыся ноччу і слухаючы, як смачна спіць, пахропвае Беразоўскі, а пасля выпіўкі ён пахропваў, Кіршчэня думаў, што вось гэтак аднойчы ноччу і па яго прыйдзе машына, забярэ, і ніхто не будзе ведаць, куды забралі. А гэты Беразоўскі будзе вячэраць у таго ж Жыгара ці каго іншага, піць самагонку, пасопваць ноччу на ўсю хату.
Беразоўскі не знік і не прапаў нават за вайну. Ён ішоў за Кіршчэнем, як прыстаўлены да яго. Кіршчэня аж утрупеў, калі ўпершыню ўгледзеў яго ўжо пасля вайны, калі ўсё тое даваеннае, здавалася, асталося недзе далёка-далёка ззаду. I нічога адтуль вярнуцца не можа.
Вечарэла. Сама ранняя вясна, першая зеляніна толькі праклюнулася. I прыпар пайшоў ад зямлі. Чысціня і ў паветры, і на зямлі. У гэты надвячорак і спыніўся ля Кіршчэневых варот трафейны матацыкл з каляскай. Начальніку міліцыі Кіршчэня не здзівіўся. Але першы на двор зайшоў не начальнік, а Беразоўскі. Вайна, здалося, нічуць не змяніла яго: гэтакія ж кучаравыя русыя валасы, толькі ўжо потым, у хаце прыгледзеўся Кіршчэня, што пасівелі яны. I маршчын больш на твары стала. Але гэта толькі заблізку. А на дварэ ён здаўся гэтакім жа самым, бо і тая ж сумачка-планшэтачка, і наган на баку. Толькі ямачак на шчоках не стала, калі ўсміхнуўся, падаючы руку Кіршчэню:
— Добры вечар, таварыш Кіршчэня. Вы думалі, што нашы дарогі з вамі разышліся?
Беразоўскі ўсміхаўся, а Кіршчэня чамусьці падумаў: «Браць прыехалі».
— Ну, што стаіш, я не з таго свету. Я жывы, таварыш Кіршчэня. Працаваць будзем разам. Запрашай у хату.
I Беразоўскі пачаў зноў заязджаць да Кіршчэні, калі быў «па справах» на раёне. Ён таксама партызаніў, узначальваў асобы аддзел. Цяпер працягвае ранейшую работу. За вайну ён навучыўся піць. I толькі калі напіваўся, у вачах з’яўлялася тая самая шкляная пустата і холад, тая смяротная прорва. Кіршчэня не ўтрываў, пахваліўся, што ў партызанах ён таксама быў пры асобым аддзеле, а потым пакінуты ў Заходняй Беларусі для барацьбы з бандытамі.
Читать дальше