ЛЕТНІЯ ПРЫГОДЫ Ў СУЧАСНЫМ ДУХУ
Апавяданне
Анюта прачнулася ад сонечнага промня, які лёг на вочы, прытушаны жоўтай штапельнай фіранкай. Здалося, што нехта ходзіць пад вокнамі, а яна спіць раскрыўшыся. Баковачку, у якой спала Анюта, адгарадзілі некалі маці. Яна хварэла, у яе моцна і часта балела галава. Бацька сам з негабляваных дошак зрабіў перагародку. Анюта тады доўга прасіла ў яго грошай на шпалеры—абклеіць з сярэдзіны, каб не глядзець маці на голыя дошкі. Цяпер, калі прыязджае дадому, Анюта жыве ў гэтай баковачцы. Бацька не раскідаў перагародку: у яго спыняюцца на кватэру выкладчыкі ці кіраўнікі, калі прыязджаюць на работу ў калгас студэнты ці рабочыя. Анюце гэтая баковачка — адзіны дарагі куток у роднай хаце, куды яна не любіла прыязджаць і не прыехала б і сёлета, каб не прыхварэла не ў пару — калі сама раз’язджаліся студэнцкія атрады. Тры апошнія леты яна ездзіла з будаўнічымі атрадамі, а таму грошай мела і на адзежу, і на тое, каб жыць пристойна. Анюта пацягнулася, прыслухалася, як тупала басанож на кухні цётка. Незамужняя, яна дажывала свой век пры маладзейшым браце.
Спяшаць не было куды, наперадзе доўгі i вольны дзень. Цяпер тыя, хто прыязджае летам дадому, на работу ў калгас не бегае. Ды i сам бацька i цётка пасля таго, як атрымалі пенсію, на калгасную работу не ходзяць.
Анюта памкнулася ўстаць, але пачула, як у хату ўвайшоў бацька.
— Сядзь мо, блінец памаж, — паклікала цётка.
— Чорцяга, i так забавіўся... Ты прайдзі, збі на пустках палын, каб было дзе траву раскідаць, як прывязу.
— Хто яе ў тым балотцы схопіць?
— Ніхто не схопіць, але людзям вока рэзаць будзе. Чужое дабро век вочы коле, — бацька гаварыў глушэй, мабыць, сеў есці. Пастаронняму чалавеку здалося б, што старыя сварацца, але Анюта ведала, што гэта звычайная размова.
— Вот Анюту бяры на работу, а то цэлы дзень вылежваецца і толькі кніжкі чытае, як малая...
— У яе галава на плячах. Інсцітут канчае...
— На гэта інсцітута не трэба... Кожны вечар усё некуды выбіраецца.
Цётка яшчэ нешта злосна бубніла i пасля таго, як бацька пайшоў з хаты. Анюта пасміхалася з гэтых цётчыных мерак. Яна сучасная маладая жанчына i разбярэцца сама. Адно праўда было ў цётчыных словах — бунтуецца, не дае спакою кроў.
На дварэ было ўжо душнавата, толькі ў садзе спадыспаду травы шкляніста паблісквалі зярняткі расы i ад самога саду павявала яшчэ вільгаццю 1 халадком. I ціха было. Пачьшалася летняя жнівеньская спякота, калі ў вёсцы нікога не відно i не чутно, нават куры лянуюцца паквохтваць i шыюцца ў цень, пад зараснік бэзу, угрэбаюцца ў сухую, як попел, зямлю i сядзяць з адкрытымі дзюбамі.
Вада ў рукамыйніку яшчэ не нагрэлася, прыемна халадзіла твар.
Цётка выйшла з-за хлява з касою на плячы. Яна была ў старой Анюцінай, некалі карычневай, а цяпер вылінялай да белага на плячах, сукенцы з кароткімі рукавамі, якая вісела на ёй, як на калу. I твар, i парэпаныя вялікія рукі былі аж чорныя ад загару.
— Ты, Анюта, сама паснедай, прыбяры ў хаце троха... Цэлы месяц нічога не робіш, і есці табе ніхто не шкадуе, а ніяк не папаўнела. Няўжо гэта вучоба гэтак усушвае чалавека?
Анюта ўсміхнулася—няхай сабе будзе i так, як думае старая.
— А я пайду палын саб’ю, пакуль ён травы прывязе...
Анюта ў купальніку, з махровым ручніком на плячах глядзела ўслед цётцы, якая неяк бокам, у старых брызентавых тапачках ішла з двара. Анюта паспрабавала ўявіць сябе такою, міжволі сцепанула плячыма. Не верылася, што i яна вось так магла пражыць жыццё і нічога болей не ведаць — толькі работу.
Работа дачасна даканала і маці, а бацька i цётка ўсё ідуць тым жа сваім бясконцым кругам. I ёй пасаг збіраюць. Анюта горка ўсміхнулася.
Свой шлях у жыцці яна ўжо вызначыла: як толькі Віктар абароніць кандыдацкую, яны жэняцца. На першым часе будуць мець пакойчык у сямейным інтэрнаце, а потым... Потым усё пойдзе i далей нармальна—Анюта ў сабе не сумнявалася, у сваіх магчымасцях — таксама. Вяселле яна запланавала на восень, каб потым спакойна пісаць дыпломную, рыхтавацца да абароны.
Паўдня Анюта чытала i загарала, потым узялася і памыла ўсе фіранкі, якія толькі былі ў хаце. Пад вечар адзелася просценька: у шэрыя з прастрочанымі канцікамі штаны, белую кофтачку з кароткім рукавом.
Ціха і спакойна клалася ноч. Было чутно, як ля клуба скончылася пласцінка і хлапечы голас крыкнуў: «Хто там, давай! Заснуў, ці што?» Анюта не магла ісці туды, дзе збіраліся большасцю школьнікі, танцавалі і ціскалі дзяўчатак, якія ахвотна папісквалі. Кампаніі ёй там ужо не было I жадання да такіх танцаў—таксама.
Читать дальше