ІІІ
Пра адну з найбольш распаўсюджаных і найпрыгажэйшых раслін тутэйшых лугоў - ваўнянку вузкалістую, па-мясцоваму авечкі - пачула я ад Касі наступную казку ці легенду.
«Жыла неяк сіротка, якую звалі Аксанка. У яе быў толькі бацька, маткі ж не было. Бацька быў не злосны і не добры; сам сіротку не крыўдзіў, але мачысе крыўдзіць дазваляў. Страшна баяўся яе, бо надта ж была гэтая мачаха злосная. Хадзіла Аксанка босая і нямытая і цалюткі дзень рабіла ўсё, што талькі мачаха ёй загадае. А як, бывала, ночка падыдзе, дык і спаць ёй няма дзе. Лезе, бывала, Аксанка на печ, а мачаха крычыць: «Там мае дзеці спяць!» Хоча легчы на зэдліку: «Я зэдлік для гасцей вышаравала!» Вось рассыпала мачаха жменю гнілой саломы пад парогам і кажа Аксанцы: «Табе і тут добра будзе!» Легла Аксанка на гнілую салому пад парогам, холадна ёй, плача, аж калоціцца. Так і заснула. Ажно тут ува сне прыходзіць да яе Найсвяцейшая Маці, бярэ яе за ручку і кажа: «Хадзі за мной, сірацінка!» З хаты яе вывела і прывяла на луг, што каля вёскі быў. Аксанка ідзе і дзівіцца: учора была зіма і столькі снегу навокал ляжала, а цяпер лета, так прыгожа, цёпла, кветкі цвітуць. Прыйшла Найсвяцейшая Маці з Аксанкай на луг і пачала рваць авечкі. Нарвала, нарвала, дала Аксанцы і кажа: «Вось табе пасцелька!» Так сніцца Аксанцы. А мачаха абудзілася ноччу і глядзіць: што тут такое? Уся хата ў святле. Глядзіць, а пад парогам Аксанка ляжыць на такой серабрыстай посцілцы, што ад яе ў хаце светла. Устала мачаха і пабудзіла Аксанку: «Адкуль ты посцілку ўзяла?» Аксанка кажа: «Найсвяцейшая Маці на лузе авечак нарвала і мне на посцілку дала». - «Ідзі прэч!» Узяла прагнала Аксанку і сваё дзіця палажыла на авечках. А тое дзіцятка крычыць: «Ой, мама, холадна!» Глядзіць мачаха, а яе дзіця на снезе ляжыць. Тады яна Аксанку на снег, а сваё дзіця на печ. А тут пад Аксанкай зноў посцілка з авечак такая серабрыстая, што ажно ў хаце ад яе светла. Тады мачаха зразумела, што Найсвяцейшая Маці ўзяла Аксанку пад сваю апеку і ўжо больш посцілкі ў яе не адбірала».
Гэтая самая расліна авечкі згадваецца і ў наступнай дажынкавай песні:
Дажалі жыта, дажалі яркі,
Не шкадуй, пані, піва, гарэлкі.
А на балоце шэрыя жабы,
Дажалі жыта старыя бабы.
А на балоце мілыя авечкі ,
Дажалі жыта малады дзевачкі.
Плён жыта, плён з усіх старон!
Не шкадуй, пане, сівога коня,
Шлі па музыку аж да Кракова.
На небе белыя пасы,
На нашай пані адны атласы.
А як на небе вялікія зоркі,
А ў нашай пані жоўты аборкі.
А як на небе вялікі дэсэні,
А ў нашай пані сукня да земі.
А ў гародзе прыгожыя кветачкі,
А ў нашай пані прыгожыя дзевачкі.
А ў гародзе прыгожая рожа,
Нашая пані добра і гожа.
Паводле майго меркавання, слова авечкі ў гэтай песні азначае расліну, а не жывёлу. Найперш таму, што авечак на забалочаных лугах не пасвяць. Апрача таго, лягчэй дапусціць параўнанне дзяўчат з кветкамі, чым са статкам авечак.
ІV
Новых народных пагаворак адшукала толькі некалькі наступных.
Пірагоў захацелі, хлеб згубілі.
Камення - хоць забіся, вады - хоць заліся, хлеба купіўшы, можна жыць.
Уздыхаю, бо свайго не маю.
Калі табе мала, каб табе бакі паабрывала.
Калі хлебна, то не грыбна, калі грыбна, то не хлебна.
Анёльскае жыццё, сабачае быццё.
Жонка не рукаў, не адпароць!
Не купіў бацька шапкі, няхай вушы мерзнуць.
Цяліся карова ялова, каб бабе малако было.
Малая, як палец, злая, як падалец.
Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
Як быў кірмаш, не было лепшых за нас!
Вучыў поп Марціна, сам дурны, як свіння.
Што так смярдзіць? Нявестчын андарак вісіць.
Апошняя прымаўка - гэта яшчэ адна ілюстрацыя да апісаных раней узаемаадносін нявесткі са свякроўкай. Але як яны могуць быць іншымі, і сэрца якой маці не зойдзецца ад горычы і зайздрасці, калі, напрыклад, паводле адной прыпавесці, мужчына вяртаецца з працы дамоў і, паспытаўшы баршчу з місы, пададзенага яму маткай, бурчыць: «От, матка, згатавала боршч, толькі свінням выліць!» Маці ж адказвае: «Гэта не я, а твая Гануля гатавала!» Мужчына зноў каштуе боршч, круціць галавой і, амаль задаволены, кажа: «Пасаліць толькі трэба, смачны!»
1888-1891
Беларускія словы і выразы, якія ўжывае ў тэксце Э.Ажэшка, выдзяляюцца курсівам .
Усе песні і загадкі ў змешчаных тут творах Э.Ажэшка падае ў арыгінале - на беларускай мове.
Читать дальше