Мне раптам нясцерпна захацелася парушыць гэтую цяжкую маўклівасць чым-небудзь, што нагадвала б чалавечы голас, і я спытаў:
— Як ты думаеш, Ярмола, адкуль гэта сёння такі вецер?
— Вецер? — перапытаў Ярмола, ляніва ўзнімаючы галаву. — А паныч хіба не ведае?
— Пэўна не ведаю. Адкуль жа мне ведаць?
— І сапраўды не ведаеце? — пажвавеў раптам Ярмола. — Гэта я вам скажу, — гаварыў ён з таямнічым адценнем у голасе, — гэта я вам скажу: ці вядзьмака нарадзілася, ці чорт вяселле спраўляе.
— Вядзьмака — гэта чарадзейка, па-вашаму?
— Так, так... чарадзейка.
Я з прагнасцю накінуўся на Ярмолу. «Адкуль ведаць, — думаў я, — магчыма, зараз мне ўдасца пачуць ад яго якую-небудзь цікавую гісторыю, звязаную з чарадзействам, з закапанымі скарбамі, з ваўкалакамі?..»
— Ну, а ў вас тут, на Палессі, ёсць ведзьмы? — спытаў я.
— Не ведаю... Мабыць, ёсць, — адказаў Ярмола з ранейшай абыякавасцю і зноў схіліўся да печкі. — Старыя людзі кажуць, што былі калісьці... Можа, і няпраўда...
Я адразу расчараваўся. Характэрнаю рысаю Ярмолы была ўпартая маўклівасць, і я ўжо болей не спадзяваўся пачуць ад яго што-небудзь цікавае. Але, на маё здзіўленне, ён раптам загаварыў з лянівым нядбальствам і нібы звяртаючыся не да мяне, а да печы, у якой гуло полымя:
— Была ў нас гадоў пяць назад такая ведзьма... Толькі яе хлопцы з сяла выгналі!
— Куды ж яны яе прагналі?
— Куды!.. Вядома, у лес... Куды ж яшчэ? І хату яе пабурылі, каб ад таго праклятага котлішча і трэсак не асталося... А яе вывелі за вышніцы — і па шыі.
— А завошта вы з ёю так абышліся?
— Шкоды ад яе шмат было: сварылася з усімі, зелле пад хаты падлівала, закруткі вязала ў жыце... Адзін раз прасіла яна ў нашай маладзіцы злот (пятнаццаць капеек). Тая ёй кажа: «Няма ў мяне злота, адстань». — «Ну, добра, кажа, будзеш ты помніць, як мне злотага не дала...» І што ж вы думаеце, панычу: з тае самае пары пачало ў маладзіцы дзіця хварэць. Хварэла, хварэла ды і зусім памерла. Вось тады хлопцы вядзьмарку і прагналі, няхай ёй вочы павылазяць...
— Ну, а дзе ж цяпер гэтая вядзьмарка? — пацікавіўся я далей.
— Вядзьмарка? — павольна, як звычайна, перапытаў Ярмола. — А я ведаю?
— Хіба ў яе не асталося ў вёсцы якіх-небудзь сваякоў?
— Не, не асталося. Ды яна чужачка была, з кацапак ці з цыганоў... Я яшчэ маленькім хлапчуком быў, калі яна прыйшла да нас на сяло. І дзяўчынка з ёю была: дачка ці ўнучка... Абедзвюх прагналі...
— А цяпер да яе хіба ніхто не ходзіць: паваражыць там ці зелля якога папрасіць?
— Бабы бегаюць, — пагардліва кінуў Ярмола.
— Ага! Значыць, усё ж вядома, дзе яна жыве?
— Я не ведаю... Кажуць людзі, што недзе каля Бісавага Кута яна жыве... Ведаеце — балота, што за Ірынаўскім шляхам. Дык вось у гэтым балоце яна і сядзіць, ліха яе матары!
«Ведзьма жыве за якіх-небудзь дзесяць вёрст ад майго дома... сапраўдная, жывая, палеская ведзьма!» Гэтая думка адразу зацікавіла і ўсхвалявала мяне.
— Паслухай, Ярмола, — звярнуўся я да палясоўшчыка, — а як мне пазнаёміцца з ёю, з гэтай ведзьмай?
— Тфу! — плюнуў з абурэннем Ярмола. — Вось яшчэ дабро знайшлі.
— Дабро ці не, а я да яе ўсё роўна пайду. Як толькі крышку пацяплее, адразу і падамся. Ты мяне, вядома, правядзеш?
Ярмолу так уразілі апошнія словы, што ён нават усхапіўся з падлогі.
— Я?! — усклікнуў ён з абурэннем. — А ні ў якім разе! Няхай там яно бог ведае што, а я не пайду.
— Ну, вось глупства, пойдзеш.
— Не, панычу, не пайду... ні ў якім разе не пайду... Каб я?! — зноў усклікнуў ён, ахоплены новым наплывам абурэння. — Каб я пайшоў да вядзьмарчынага котлішча? Ды хай мяне бог беражэ! І вам не раю, паныч.
— Як сабе хочаш... а я ўсё ж пайду. Мне дужа цікава на яе паглядзець.
— Нічога там няма цікавага, — прабурчаў Ярмола, са злосцю бразнуўшы пячною дзверкаю.
Праз гадзіну, калі ён ужо вынес самавар і, напіўшыся ў цёмных сенцах гарбаты, сабраўся ісці дадому, я спытаў:
— Як завуць гэтую ведзьму?
— Мануйліха, — адказаў Ярмола са змрочным выглядам.
Ён хоць і не выказваў ніколі сваіх пачуццяў, але, здаецца, моцна да мяне прывязаўся; прывязаўся за нашую агульную цягу да палявання, за маё простае абыходжанне, за дапамогу, якую я зрэдку аказваў яго заўсёды галоднай сям'і, а галоўным чынам за тое, што я адзін на ўсім свеце не папракаў яго за п'янства, тых папрокаў Ярмола цярпець не мог. Таму мая рашучасць пазнаёміцца з ведзьмай вельмі моцна сапсавала яму настрой, што ён выявіў праз узмоцненае сапенне ды яшчэ, выйшаўшы на ганак, з усяе сілы выцяў нагою свайго сабаку — Рабчыка. Рабчык завішчаў і адскочыў убок, але адразу ж пабег услед за Ярмолам, не перастаючы скуголіць.
Читать дальше