— Ну скажы, Ярмола, — «ма». Проста толькі скажы — «ма», — прыставаў я да яго. — Не глядзі на паперу, глядзі на мяне, вось так. Ну, гавары — «ма»...
Тады Ярмола глыбока ўздыхаў, клаў на стол указку і вымаўляў сумна і рашуча:
— Не... не магу...
— Як гэта не можаш? Гэта ж так лёгка. Скажы проста «ма», вось як я кажу.
— Не... не магу, паныч... забыў...
Усе метады, прыёмы і параўнанні разбіваліся аб гэтую страшэнную някемлівасць. Аднак імкненне Ярмолы да асветы зусім не слабла.
— Мне б толькі маё прозвішча! — сарамліва прасіў ён мяне. — Болей нічога не трэба. Толькі прозвішча: Ярмола Попружук — і болей нічога.
Канчаткова пакінуўшы думку навучыць яго разумнаму чытанню і пісьму, я пачаў вучыць яго падпісвацца механічна. На маё вялікае здзіўленне, гэты спосаб быў найбольш лёгкі для Ярмолы — пад канец другога месяца мы ўжо амаль адолелі прозвішча. Што ж да імя, дык яго, каб аблегчыць задачу, мы вырашылі зусім адкінуць.
Па вечарах, скончыўшы паліць у печы, Ярмола нецярпліва чакаў, калі я пазаву яго.
— Ну, Ярмола, давай вучыцца, — гаварыў я.
Ён бокам падыходзіў да стала, апіраўся на яго локцямі, прасоўваў паміж сваіх чорных, карузлых, нягнуткіх пальцаў пяро і пытаўся ў мяне, узняўшы бровы:
— Пісаць?
— Пішы.
Ярмола даволі ўпэўнена выводзіў першую літару — «П» (гэтая літара ў нас мела назву: «два стаякі і зверху перакладзіна»); потым ён глядзеў на мяне запытальна.
— Чаго ж ты не пішаш? Забыў?
— Забыў... — з прыкрасцю ківаў галавою Ярмола.
— Эх, які ты! Ну, стаў кола.
— А-а! Кола, кола!.. Ведаю... — усміхаўся Ярмола і старанна маляваў на паперы выцягнутую ўверх фігуру, вельмі падобную па сваіх абрысах да Каспійскага мора. Скончыўшы з гэтаю працаю, ён колькі хвілін моўчкі захапляўся ёю, схіляючы галаву то на левы, то на правы бок і жмурачы вочы.
— Чаго ж ты спыніўся? Пішы далей.
— Пачакайце крышачку, панычу... зараз.
Хвіліны дзве ён думаў і потым нясмела пытаўся:
— Гэтак жа, як і першая?
— Але. Пішы.
Гэтак памалу мы дабраліся да апошняй літары — «к» (цвёрды знак мы адкінулі), якая была ў нас вядома як «палка, а пасярэдзіне палкі крывуліна хвастом набок».
— А што вы думаеце, панычу, — гаварыў часам Ярмола, скончыўшы са сваёю працаю і пазіраючы на яе з любоўным замілаваннем, — мне яшчэ месяцаў з пяць або шэсць павучыцца, дык я зусім бы добра ведаў. Што вы на гэта скажаце?
Ярмола сядзеў на кукішках перад грубкай, перамешваючы ў печцы вуголле, а я хадзіў узад і ўперад па дыяганалі майго пакоя. З усіх дванаццаці пакояў вялізнага панскага дома я займаў толькі адзін, былую канапную. Астатнія стаялі замкнёныя на ключ, і ў іх нерухома і ўрачыста плеснелі старасвецкая штофная мэбля, дзівосная бронза і партрэты XVIII стагоддзя.
Вецер за сценамі дома шалеў, як стары, змёрзлы голы д'ябал. У яго рове чуліся стогны, віск і дзікі смех. Мяцеліца пад вечар усхадзілася яшчэ мацней. Звонку нехта шалёна кідаў у шыбы акон жмені дробнага сухога снегу. Недалёкі лес жаліўся і гуў з бесперапыннай, затоенай, глухой пагрозай...
Вецер забіраўся ў пустыя пакоі і коміны, і стары дом, увесь расхістаны, дзіравы, напаўразбураны, раптам напаўняўся дзіўнымі гукамі, да якіх я прыслухоўваўся з міжвольнай трывогай. Вось нібы ўздыхнула штосьці ў белай зале, уздыхнула глыбока, перарывіста, самотна. Вось захадзілі і зарыпелі дзесьці далёка высахлыя гнілыя маснічыны пад нечымі цяжкімі і ціхімі крокамі. Мроіцца мне, што побач з маім пакоем, у калідоры, нехта асцярожна і настойліва націскае на дзвярную ручку і потым, неспадзявана раз'ятрыўшыся, ляціць па ўсім доме, страшэнна грукаючы аканіцамі і дзвярамі, або, забраўшыся ў комін, скавыча жаласліва, самотна і безупынна, то ўзнімаючы ўсё вышэй, усё таней свой голас да жаласлівага віску, то апускаючы яго ўніз, да звярынага рыку. Часам, бог ведае адкуль, урываўся гэты страшэнны госць і ў мой пакой, прабягаў раптоўным холадам у мяне па спіне і хістаў полымя ў лямпе, якая цьмяна свяціла пад зялёным папяровым, абгарэлым зверху абажурам.
Мяне ахапіла дзіўная, няпэўная трывога. Вось, думалася мне, сяджу я глухой і завірушнай зімняй ноччу ў старым доме, сярод вёскі, закінутай у лясах і сумётах, за сотні вёрст ад гарадскога жыцця, ад кампаніі, ад жаночага смеху, ад чалавечай размовы... І пачынала мне здавацца, што гады і дзесяткі гадоў будзе цягнуцца гэты непагодлівы вечар, будзе цягнуцца да самай маёй смерці, і гэтак жа будзе раўці за вокнамі вецер, гэтак жа цьмяна будзе гарэць лямпа пад убогім зялёным абажурам, гэтак жа трывожна буду хадзіць я ўзад і ўперад па маім пакоі, гэтак жа будзе сядзець каля печкі маўклівы, засяроджаны Ярмола — дзіўная, чужая мне істота, абыякавая да ўсяго на свеце: і да таго, што ў яго ў хаце галодная сям'я, і да завывання ветру, і да майго няпэўнага і вялікага смутку.
Читать дальше