Мараканец сказаў на благой гішпанскай мове прывітанне і пачаў пытацца, ці ёсць у горадзе каваль, — заўтра трэба ў каня агледзець капыт, — дзе можна паставіць яго нанач і ці будзе яго чым пакарміць, а яму самому ці будзе вячэра? Дзяўчынка з цікаўствам глядзела на яго вялікі рост і невялікі, вельмі смуглы твар, пабіты воспаю, з апаскаю касілася на чорнага сабаку, што ляжаў смірна, але як бы пакрыўджана, бабуля, тугая на вуха, скоранька адказвала крыклівым голасам: што каваль ёсць, а работнік спіць у стадоле поруч з домам, але яна зараз яго разбудзіць і дасць чым пакарміць каня. А што да вячэры, то няхай госць не перабірае: можна спячы яечню з салам, але ад вячэры асталося толькі трохі халодных бабоў ды рагу з агароднінаю... І праз паўгадзіны, управіўшыся з канём з дапамогаю работніка, вечна п'янага старога, мараканец ужо сядзеў за сталом у кухні і са смакам еў і са смакам піў жаўтаватае белае віно.
Дом заезнага двара быў старасвецкі. Ніжні паверх яго дзяліўся доўгімі сенцамі, у канцы якіх былі крутыя ўсходы на верхні паверх, на дзве палавіны: налева прасторны, нізкі пакой з нарамі для простага люду, направа гэтакая ж прасторная, нізкая кухня і разам з тым сталоўка, уся па столі і па сценах густа закуродымленая, з маленькімі і вельмі глыбокімі ў тоўстых сценах вокнамі, з прыпечкам у дальшым кутку, з грубымі голымі сталамі і лаўкамі каля іх, слізкімі ад часу, з каменным няроўным долам. У ёй гарэла лямпа, што звісала са столі на пачарнелым жалезным ланцугу, пахла гарэлым салам — старая распаліла агонь, разагрэла пракіслае рагу і пякла госцю яечню, пакуль ён еў халодныя бабы, палітыя воцатам і зялёным аліўкавым алеем. Ён не распрануўся, не зняў бурнуса, сядзеў, шырока расставіўшы ногі ў тоўстых скураных чаравіках, над якімі былі падвязаны па шчыкалатках шырокія штаны з тае ж белае шэрсці. І дзяўчынка, памагаючы бабулі і слугуючы яму, раз-пораз пужалася яго быстрых, нечаканых позіркаў на яе, яго сіняватых бельмаў, што вылучаліся на яго сухім і рабым цёмным твары з вузкімі губамі. Ён і без таго быў страшны ёй. Вельмі высокі ростам, ён быў шырокі ад бурнуса, і тым меншая здавалася яго галава ў фесцы. Па кутках яго верхняй губы курчавіліся цвёрдыя чорныя валасы. Гэтакія ж курчавіліся сям-там і на барадзе. Галава была адкінута трохі назад, ад чаго асабліва вытыркаў вялікі кадык у аліўкавай скуры. На тонкіх, бадай што чорных пальцах бялелі срэбраныя пярсцёнкі.
Ён еў, піў і ўвесь час маўчаў.
Калі бабуля, разагрэўшы рагу і спёкшы яечню, стомлена села на ўслон каля прыпечка і крыкліва папыталася ў яго, адкуль ён едзе, ён заікліва кінуў толькі адно слова:
— Далёка.
З'еўшы рагу і яечню, ён памахаў пустым ужо вінным збанком, — у рагу было многа чырвонага перцу, — бабуля кіўнула дзяўчыне галавою, і, калі тая, схапіўшы збан, вомельгам знікла з кухні ў адчыненыя дзверы, у цёмныя сенцы, дзе паволі плылі і казачна ўспыхвалі светлякі, ён дастаў з-за пазухі пачак папярос, запаліў і папытаўся ўсё гэтак жа коратка:
— Унучка?
— Пляменніца, сірата, — пачала крычаць бабуля і пусцілася расказваць пра тое, што яна так любіла нябожчыка брата, дзяўчынінага бацьку, што з-за яго асталася ў дзеўках, што гэта яму належаў гэты заезны двор, што яго жонка памерла ўжо дванаццаць гадоў назад, а ён сам — восем і ўсё завяшчаў на вечнае ўладанне ёй, старой, што справы пайшлі вельмі нядобра ў гэтым зусім апусцелым гарадку...
Мараканец, зацягваючыся папяросаю, слухаў няўважліва, думаючы нешта сваё. Дзяўчынка ўбегла з поўным збаном, ён, зірнуўшы на яе, так моцна зацягнуўся недакуркам, што апёк кончыкі вострых чорных пальцаў, скоранька запаліў новую папяросу і з націскам сказаў, гаворачы да старой, заўважыўшы ўжо, што яна недачувае:
— Мне будзе вельмі прыемна, калі твая пляменніца сама наліе мне віна.
— Гэта не яе работа, — адрэзала старая, лёгка пераходзячы ад балбатлівасці да рэзкай кароткасці, і пачала сярдзіта крычаць:
— Ужо позна, дапівай віно і ідзі спаць, яна зараз пасцеле табе ў верхнім пакоі.
Дзяўчынка ажыўлена бліснула вачамі і, не чакаючы загаду, зноў выскачыла, скоранька затупала па ўсходах наверх.
— А вы абедзве дзе спіце? — папытаўся мараканец і крышку зрушыў феску з потнага лба. — Таксама наверсе?
Старая закрычала, што там вельмі горача летам, што калі няма пастаяльцаў, — а іх цяпер бадай што ніколі няма! — яны спяць у другой, ніжняй палавіне дома, — вось тут, насупраць, паказала яна рукою ў сенцы і зноў пусцілася ў скаргі на нядобрыя справы і на тое, што ўсё стала вельмі дарагое і што таму міжволі прыходзіцца браць дорага з паязджан...
Читать дальше