Калі падалі рахунак, яна ўважліва прагледзела яго і не раіла даваць больш як дзесяць працэнтаў на прыслугу. Пасля гэтага ім абаім здалося яшчэ больш дзіўна расстацца праз паўгадзіны.
— Паедзем да мяне, — сказаў ён сумна. — Паседзімо, пагаворым яшчэ...
— Добра, — адказала яна, устаючы, беручы яго пад руку і прыціскаючы яе да сябе.
Начны шафёр, расеец, прывёз іх у адзінокі завулак, да пад'езда высокага дома, каля якога, у металічным святле газавага ліхтара, сыпаўся дождж на бляшаны чан з адкідамі. Увайшлі ў асветлены вестыбюль, потым у цесны ліфт і паволі пацягнуліся ўверх, абняўшыся і ціха цалуючыся. Ён паспеў папасці ключом у замок сваіх дзвярэй, пакуль не патухла электрычнасць, і ўвёў яе ў пярэдні пакой, потым у маленькую сталоўку, дзе ў жырандолі сумна запалілася толькі адна лямпка. Твары ў іх былі ўжо стомленыя. Ён параіў яшчэ выпіць віна.
— Не, дарагі мой, — сказала яна, — я больш не магу.
Ён пачаў прасіць:
— Вып'ем толькі па келіху белага, у мяне стаіць за акном цудоўнае пуі.
— Піце, мілы, а я пайду раздзенуся і памыюся. І спаць, спаць, мы не дзеці, вы, я думаю, добра ведалі, што калі я згадзілася ехаць да вас... І наогул, нашто нам расставацца?
Ён ад хвалявання не мог адказаць, моўчкі правёў яе ў спальню, асвятліў яе і ванны пакой, дзверы ў які былі з спальні адчыненыя. Тут лямпкі гарэлі ярка, усюды ішло цяпло ад ацяплення, між тым як па даху бегла і мерна стукаў дождж. Яна адразу пачала здымаць цераз галаву доўгую сукенку.
Ён выйшаў, выпіў засаб два келіхі ледзянога горкага віна і не мог стрымаць сябе, зноў пайшоў у спальню. У спальні, у вялікім люстэрку на сцяне насупраць, ярка люстраваўся асветлены ванны пакой. Яна стаяла спінаю да яго, уся голая, белая, ладная, нагнуўшыся над умывальнікам, мыючы шыю і грудзі.
— Нельга сюды! — сказала яна і, накінуўшы купальны халат, не закрыўшы налітых грудзей, белага тугога жывата і белых тугіх сцёгнаў, падышла і як жонка абняла яго. І як жонку абняў і ён яе, усё яе халаднаватае цела, цалуючы яшчэ вільготныя грудзі, што пахлі туалетным мылам, вочы і губы, з якіх яна ўжо выцерла фарбу.
Цераз дзень, пакінуўшы службу, яна пераехала да яго.
Аднаго разу зімою ён угаварыў яе ўзяць на сваё імя сейф у Ліёнскім крэдыце і пакласці туды ўсё, што ім было зароблена.
— Перасцярога ніколі не пашкодзіць, — гаварыў ён. — L'amout fait danser les ames [27] Каханне прымушае скакаць нават аслоў (франц.).
, і я адчуваю сябе так, як бы мне дваццаць гадоў. Але ці мала што можа здарыцца...
На трэці дзень Вялікадня ён памёр у вагоне метро, — чытаючы газету; раптам адкінуў на спінку сядзення галаву, заплюшчыў вочы...
Калі яна, у жалобе, вярталася з магілак, быў мілы восеньскі дзень, сям-там плылі ў мяккім парыжскім небе веснавыя воблакі, і ўсё гаварыла пра жыццё маладое, вечнае — і пра яе, кончанае.
Дома яна пачала прыбіраць кватэру. У калідоры, у плакары, убачыла яго даўні летні шынель, шэры, на чырвонай падкладцы. Яна зняла яго з вешалкі, прыціснула к твару і, прыціскаючы, села на падлогу, уся торгаючыся ад рыдання і ўскрыкваючы, молячы некага аб літасці.
26 кастрычніка 1940
Цемра цёплай жнівеньскай ночы, ледзьве відаць цьмяныя зоры, што сям-там мільгаюць у воблачным небе. Мяккая, нячутная ад глыбокага пылу дарога ў полі, па якой коцяцца драбінкі з двума маладымі седакамі — дробнамаянтковай паненкай і юнаком-гімназістам. Нясмелыя бліскавіцы асвятляюць часамі пару рабочых коней, якія бягуць з паблытанымі грывамі, у простай збруі, і шапку і плечы хлопца ў зрэбнай кашулі на козлах, на імгненне адкрываюць наперадзе палі, апусцелыя пасля рабочай пары, і далёкі недалужны лясок. Учора ўвечары на вёсцы быў галас, крык, баязлівы брэх і віск сабак: з неймавернаю смеласцю, калі па хатах ужо вячэралі, воўк задушыў у адным двары авечку і траха не павалок яе — на самы час выскачылі на сабачы лямант мужчыны з дубінамі і адбілі яе, ужо здохлую, з разарваным бокам. Цяпер паненка нервова смяецца, запальвае і кідае ў цемру запалкі, весела крычучы:
— Ваўкоў баюся!
Запалкі асвятляюць даўгаваты, грубы твар юнака і яе ўзбуджаны шыракаваты тварык. Ён накругла, па-маларасейску, завязаны чырвонаю хустачкаю, свабодны выкрай у чырвонай паркалёвай сукенцы адкрывае яе круглую дужую шыю. Гойдаючыся на бягу драбінак, яна запальвае і кідае ў цемру запалкі, нібы не заўважаючы, што гімназіст абнімае яе і цалуе то ў шыю, то ў шчаку, шукае яе губ. Яна адштурхвае яго локцем, ён знарок моцна і проста, маючы на ўвазе хлопца на козлах, гаворыць ёй:
Читать дальше