Калі ён быў у капелюшы, — ішоў па вуліцы ці стаяў у вагоне метро, — і не відаць было, што яго коратка пастрыганыя чырванаватыя валасы пабліскваюць серабром, па свежасці яго худога, брытага твару, па зграбнай выпраўцы худой высокай фігуры ў доўгім непрамакальным паліце яму можна было даць не больш за сорак гадоў. Толькі светлыя вочы яго глядзелі з сухою журбою, і гаварыў і трымаўся ён як чалавек, які шмат зазнаў у жыцці. Адзін час ён арандаваў ферму ў Правансе, наслухаўся куслівых правансальскіх жартаў і ў Парыжы любіў часам устаўляць іх з усмешкаю ў сваю заўсёды цесную мову. Шмат хто ведаў, што яшчэ ў Канстанцінопалі яго кінула жонка і што жыве ён з таго часу з несціханаю ранаю ў душы. Ён нікому і ніколі не адкрываў тайны гэтай раны, але часам міжволі намякаў на яе, — непрыемна жартаваў, калі гаворка заходзіла пра жанчын:
— Rien n'est plus dificile que de reconnaitre un bon melon et une femme de bien [17] Няма нічога цяжэйшага, як распазнаць добры кавун і прыстойную жанчыну (франц.).
.
Аднаго разу, у сыры парыжскі вечар позняе восені, ён зайшоў паабедаць у невялікую расейскую сталоўку ў адным з цёмных завулкаў каля вуліцы Пасі. Пры сталоўцы было нешта накшталт гастранамічнай крамы — ён міжволі спыніўся перад яе шырокім акном, за якім былі відны на падаконніку розныя пляшкі конусам з арабінаўкаю і жоўтыя кубастыя з зуброўкаю, талерка з сухімі смажанымі піражкамі, талерка з пашарэлымі катлетамі, каробка халвы, каробка шпротаў, далей стойка, устаўленая закускамі, за стойкаю гаспадыня з непрыязным расейскім тварам. У краме было светла, і яго пацягнула на гэтае святло з цёмнага завулка з халодным і як бы сальным брукам. Ён увайшоў, пакланіўся гаспадыні і прайшоў у яшчэ пусты, слаба асветлены пакой, што прытыкаўся да крамы, дзе бялелі накрытыя папераю столікі. Там ён не спяшаючыся павесіў свой стары капялюш і доўгае паліто на рагі стаячай вешалкі, сеў за столік у самым дальшым кутку і, няўцямна паціраючы рукі з рыжымі валасатымі кісцямі, пачаў чытаць бясконцыя пералічэнні закусак і страў, часткова надрукаваныя, часткова напісаныя расплывістым ліловым чарнілам на прасаленым лісце. Раптам яго куток асвятліўся, і ён убачыў безуважна-ветлівую жанчыну, што падыходзіла да яго, гадоў трыццаці, з чорнымі валасамі на просты прабор і чорнымі вачамі, у белым фартуху з прошвамі і ў чорнай сукенцы.
— Bon soir, monsieur [18] Добры вечар, васпан (франц.).
, — сказала яна прыемным голасам.
Яна здалася яму да таго мілая, што ён збянтэжыўся і няёмка адказаў:
— Bon soir... Але ж вы расейка?
— Расейка. Прабачце, прывыклася гаварыць з гасцямі па-французску...
— Ды хіба ў вас многа бывае французаў?
— Даволі многа, і ўсе пытаюцца абавязкова зуброўкі, блінцоў, нават бацвіння. Вы што-небудзь ужо выбралі?
— Не, тут гэтулькі ўсяго... Вы ўжо самі парайце што-небудзь.
Яна пачала пералічваць завучаным тонам:
— Сёння ў нас капуста флоцкая, біткі па-казацку... можна мець адбіўную цялячую катлетку або, калі хочаце, шашлык па-карску...
— Цудоўна. Будзьце ласкавы даць капусту і біткі.
Яна падняла блакнот, што вісеў у яе на поясе, і запісала кавалачкам алоўка. Рукі ў яе былі вельмі белыя і высакароднай формы, сукенка паношаная, але, відаць, з харошага дома.
— Гарэлачкі трэба?
— З прыемнасцю. Сырасць на дварэ страшная.
— Закусіць чаго скажаце? Ёсць дзіўны дунайскі сяледчык, чырвоная ікра, нядаўна атрыманая, каркуноўскія гурочкі маласольныя...
Ён зноў зірнуў на яе: вельмі прыгожы белы фартушок з прошвамі на чорнай сукенцы, прыгожа выдаюцца пад ім грудзі ладнай маладой жанчыны... поўныя губы не нафарбаваны, але свежыя, на галаве проста згорнутая чорная каса, але скура на белай руцэ дагледжаная, пазногці блішчастыя і трошачкі ружовыя, — відзён манікюр...
— Што я загадаю закусіць? — сказаў ён, усміхаючыся. — Калі дазволіце, толькі сяледчык з гарачаю бульбаю.
— А віно якое загадаеце?
— Чырвонае. Звычайнае, — якое ў вас заўсёды даюць к сталу.
Яна адзначыла ў блакноце і пераставіла з суседняга стала на яго стол графін з вадою. Ён заківаў галавою.
— Не, мерсі, ні вады, ні віна з вадою ніколі не п'ю. L'eau gate le vin comme la charette le chemin et la femme-l'ame [19] Вада псуе віно гэтак жа, як павозка дарогу і як жанчына душу (франц.).
.
— Добрай жа вы думкі пра нас! — абыякава адказала яна і пайшла па гарэлку і селядца. Ён паглядзеў ёй услед — на тое, як роўна яна трымалася, як хісталася на хаду яе чорная сукенка... Ну так, ветлівасць і абыякавасць, усе звычкі і рух сціплай і годнай службоўкі. Але дарагія і прыгожыя туфлі. Адкуль? Ёсць, мабыць, пажылы і багаты «ami...» [20] «Сябар» (франц.).
. Ён даўно не быў такі жвавы, як у гэты вечар, дзякуючы ёй, і апошняя думка яго крыху раздражніла. Ну пэўна ж, з году ў год, з дня на дзень таемна чакаеш толькі аднаго — шчаслівай любоўнай сустрэчы, жывеш, па сутнасці, толькі надзеяю на гэту сустрэчу — і ўсё дарэмна...
Читать дальше