— Зусім расхадзіліся нервы! — сказаў ён, наліваючы пятую чарку гарэлкі.
Ён адсунуў ад сябе бацвінне, папытаўся чорнае кавы і пачаў паліць і напружана думаць: што ж цяпер рабіць яму, як пазбавіцца гэтага раптоўнага, нечаканага кахання? Але пазбавіцца — гэта ён адчуваў вельмі добра — было немагчыма. І ён раптам зноў шпарка ўстаў, узяў шапку і стэк і, папытаўшыся, дзе пошта, скоранька пайшоў туды з ужо гатовай у галаве фразай тэлеграмы: «Ад гэтага часу ўсё маё жыццё навек, да скону, ваша, у вашай уладзе». Але, дайшоўшы да старога таўстасценнага дома, дзе была пошта і тэлеграф, з жахам спыніўся: ён ведаў горад, дзе яна жыве, ведаў, што ў яе ёсць муж і трохгадовая дачка, але не ведаў ні прозвішча, ні імя яе! Ён некалькі разоў пытаўся ў яе пра гэта ўчора, за абедам і ў гатэлі, і кожны раз яна смяялася і гаварыла:
— А навошта вам трэба ведаць, хто я, як мяне завуць?
На рагу, каля пошты, была фатаграфічная вітрына. Ён доўга глядзеў на вялікі партрэт нейкага вайскоўца ў густых эпалетах, з пукатымі вачыма, з нізкім ілбом, з вельмі раскошнымі бакенбардамі і шырачэзнымі грудзьмі, спрэс увешанымі ордэнамі... Да чаго дзіка, недарэчна ўсё будзённае, звычайнае, калі сэрца паранена, — так, паранена, ён цяпер разумеў гэта, — гэтым страшэнным «сонечным ударам», вельмі вялікім каханнем, вельмі вялікім шчасцем! Ён зірнуў на пару маладых — малады чалавек у доўгім сурдуце і ў белым гальштуку, стрыжаны пад вожыка, выцягнуты ў фронт пад руку з дзяўчынаю ў вэлюме, — перавёў вочы на партрэт нейкай харошанькай і задзёрыстай паненкі ў студэнцкай шапачцы набок... Пасля, нудзячыся пякельнай зайздрасцю да ўсіх гэтых невядомых яму, беспакутных людзей, пачаў напружана глядзець уздоўж вуліцы.
— Куды ісці? Што рабіць?
Вуліца была зусім пустая. Дамы былі ўсе аднолькавыя, шэрыя, двухпавярховыя, купецкія, з вялікімі садамі, і здавалася, што ў іх няма ні душы; белы густы пыл ляжаў на бруку; і ўсё гэта сляпіла, усё было заліта гарачым, палымяным і радасным, але тут нібы непатрэбным сонцам. Удалечы вуліца падымалася, горбілася і ўпіралася ў бясхмарны, шараваты, з водбліскамі небасхіл. У гэтым было нешта паўднёвае, што нагадвала Севастопаль, Керч... Анапу. Гэта было асабліва невыцерпна. І паручнік, з апушчанай галавой, жмурачыся ад святла, засерадкавана глядзеў сабе пад ногі, хістаючыся, спатыкаючыся, чапляючыся шпорай за шпору, пайшоў назад.
Ён вярнуўся ў гатэль, да таго разбіты стомаю, нібы зрабіў велізарны пераход дзе-небудзь у Туркестане, у Сахары. Ён, збіраючы апошнія сілы, увайшоў у свой вялікі і пусты нумар. Нумар быў ужо прыбраны, без апошніх слядоў яе, — толькі адна шпілька, забытая ёю, ляжала на начным століку! Ён зняў кіцель і зірнуў на сябе ў люстэрка: твар яго, — звычайны афіцэрскі твар, шэры ад загару, з бялявымі, выцвілымі ад сонца вусамі і галубаватай белізной воч, што ад загару здаваліся яшчэ бялейшымі, — меў цяпер вельмі ўзбуджаны, вар'яцкі выраз, а ў белай тонкай кашулі са стаячым накрухмаленым каўнерыкам было нешта юнае і глыбока нешчаслівае. Ён лёг на ложак, на спіну, паклаў запыленыя боты на біла. Вокны былі расчынены, фіранкі апушчаны, і лёгкі ветрык ад часу да часу надзімаў іх, дыхаў у пакой спёкаю нагрэтых бляшаных дахаў і ўсяго гэтага светланоснага і зусім цяпер апусцелага маўклівага волжскага свету. Ён ляжаў, падклаўшы рукі пад патыліцу, і пільна глядзеў перад сабою. Пасля сціснуў зубы, закрыў вейкі, адчуваючы, як па шчоках коцяцца з-пад іх слёзы — і нарэшце заснуў, а калі зноў расплюшчыў вочы, за фіранкамі ўжо чырванавата жаўцела вячэрняе сонца. Вецер перастаў, у нумары было душна і суха, як у духавой печы... І ўчарашні дзень і сённяшняя раніца ўспомніліся так, нібы яны былі дзесяць гадоў таму назад.
Ён не спяшаючыся ўстаў, не спяшаючыся памыўся, падняў фіранкі, пазваніў і папрасіў самавар і рахунак, доўга піў гарбату з лімонам. Пасля загадаў прывесці рамізніка, вынесці рэчы і, сядаючы ў брычку, на яе рыжае, выцвілае сядзенне, даў лёкаю цэлых пяць рублёў.
— А падобна, ваша благароддзе, што гэта я і прывёз вас уночы! — весела сказаў рамізнік, беручыся за лейцы.
Калі спусціліся да прыстані, ужо сінела над Волгай сіняя летняя ноч, і ўжо многа рознакаляровых агеньчыкаў было рассеяна па рэчцы, і агні віселі на мачтах парахода, што падбягаў да прыстані.
— У самы раз прывёз! — сказаў рамізнік, паддобрываючыся.
Паручнік і яму даў пяць рублёў, узяў білет, прайшоў на прыстань... Гэтак жа, як учора, быў мяккі стук каля яе прычалаў і лёгкае кружэнне галавы ад зыбання пад нагамі, пасля ўзлёт канца, шум вады, што закіпела і пабегла наперад пад коламі парахода, які крышку падаўся назад... І незвычайна прыветліва, добра здалося ад мнагалюдства гэтага парахода, які ўжо заліўся святлом і запахнуў кухняю.
Читать дальше