На другі дзень ён зноў прыйшоў і сеў за свой столік. Яна была перш занятая, брала заказ у двух французаў і ўчуткі паўтарала, адзначаючы на блакноце:
— Caviar rouge, salade russe... Deux chachlyks... [21] Чырвонай ікры, вінегрэту... Два шашлыкі... (франц.).
Потым выйшла, вярнулася і пайшла да яго з лёгкаю ўсмешкаю, ужо як да знаёмага:
— Добры вечар. Прыемна, што вам у нас спадабалася.
Ён весела прыўзняўся:
— Добрага здароўя. Вельмі спадабалася. Як вас велічаць загадаеце?
— Волька Аляксандраўна. А вас, дазвольце ведаць?
— Мікалай Платоныч.
Яны паціснулі адно аднаму рукі, і яна падняла блакнот:
— Сёння ў нас дзівосны расольнік. Повар у нас не абы-які, на яхце ў вялікага князя Аляксандра Міхайлавіча служыў.
— Цудоўна, расольнік дык расольнік... А вы даўно тут робіце?
— Трэці месяц.
— А раней дзе?
— Раней была прадаўшчыцаю ў Printemps.
— Відаць, ад скарачэння страцілі месца?
— Вядома, па добрай волі не пакінула б.
Ён з прыемнасцю падумаў: «Значыцца, справа не ў «ami», — і папытаўся:
— Вы замужам?
— Замужам.
— А муж ваш што робіць?
— Працуе ў Югаславіі. Колішні ўдзельнік белага руху. Вы, мабыць, таксама?
— Таксама, удзельнічаў і ў вялікай і ў грамадзянскай вайне.
— Гэта адразу відаць. І, мабыць, генерал, — сказала яна, усміхаючыся.
— Колішні. Цяпер пішу гісторыі гэтых войнаў па заказах розных замежных выдавецтваў... Як жа гэта вы адна?
— Так вось і адна...
На трэці вечар ён папытаўся:
— Вы любіце сінема?
Яна адказала, ставячы на стол місачку з бацвіннем:
— Часам бывае цікава.
— Вось цяпер ідзе ў сінема «Etoile» нейкі, кажуць, цікавы фільм. Хочаце, сходзім паглядзім. У вас ёсць, вядома, выхадныя дні?
— Мерсі. Я вольная па панядзелках.
— Ну вось і сходзім у панядзелак. Сёння што? Субота? Значыцца, паслязаўтра. Добра?
— Добра. Заўтра вы, мабыць, не прыйдзеце?
— Не. Еду за горад, да знаёмых. А чаму вы пытаецеся?
— Не ведаю... Гэта дзіва, але я ўжо неяк прывыкла да вас.
Ён удзячна зірнуў на яе і пачырванеў.
— І я да вас. Ведаеце, на свеце так мала шчаслівых сустрэч...
І заспяшаўся перамяніць гаворку:
— Так што паслязаўтра. Дзе ж нам сустрэцца? Дзе вы жывяце?
— Каля метро Motte-Picquet.
— Бачыце, як зручна, — самая дарога да Etoile. Я буду чакаць вас там пры выхадзе з метро роўна ў восем з паловаю.
— Мерсі.
Ён жартаўліва пакланіўся:
— C'est moi qui vous remercie [22] Гэта я вам дзякую (франц.).
. Уложыце дзяцей, — усміхаючыся, сказаў ён, каб дазнацца, ці няма ў яе дзіцяці, — і прыязджайце.
— Дзякуй богу, гэтага дабра ў мяне няма, — адказала яна і плаўна панесла ад яго талеркі.
Ён быў і расчулены і хмурыўся, ідучы дадому. «Я ўжо прывыкла да вас...» Што ж, можа быць, гэта і ёсць доўгачаканая шчаслівая сустрэча. Толькі позна, позна. Le bon Dieu envole toujours des culottes a ceux qui n'ont pas de derriere... [23] Міласэрны бог заўсёды дае порткі тым, у каго няма зада... (франц.).
Увечары ў панядзелак ішоў дождж, імглістае неба над Парыжам мутна чырванела. Спадзеючыся павячэраць з ёю на Манпарнасе, ён не абедаў, зайшоў у кавярню Chaussee de la Muotte, з'еў сандвіч з вяндлінаю, выпіў кубак піва і, запаліўшы, сеў у таксі. Каля ўвахода ў метро Etoile спыніў шафёра і выйшаў пад дождж на тратуар — тоўсты з барвовымі шчокамі шафёр даверліва пачаў чакаць яго. З метро несла лазняю, густа і чорна падымаўся па прыступках народ, раскрываючы на хаду парасоны, газетчык рэзка выкрыкваў каля яго нізкім качыным краканнем назвы вячэрніх выпускаў. Раптам у натоўпе паказалася яна. Ён радасна падаўся ёй насустрач:
— Волька Аляксандраўна...
Шыкоўна і модна адзетая, яна лёгка, не так, як у сталоўцы, падняла на яго чорна падведзеныя вочы, дамскім рухам падала руку, на якой вісеў парасонік, падхапіўшы другою падол доўгай вячэрняй сукенкі, — ён абрадаваўся яшчэ больш: «вячэрняя сукенка, — значыцца, таксама думала, што пасля сінема паедзем куды-небудзь», і, адкасаўшы край яе пальчаткі, пацалаваў кісць белай рукі.
— Бедны, вы доўга чакалі?
— Не, я толькі што прыехаў. Хадзем хутчэй у таксі...
І з даўно не адчуваным хваляваннем ён увайшоў за ёю ў цемнаватую карэту, што пахла сырым сукном. На павароце карэту моцна нахіліла, сярэдзіну яе на імгненне асвятліў ліхтар, — ён міжволі падтрымаў яе за талію, пачуў пах пудры ад яе шчакі, убачыў яе поўныя калені пад вячэрняю чорнаю сукенкаю, бляск чорнага вока і поўныя ў чырвонай памадзе губы: зусім другая жанчына сядзела цяпер каля яго.
У цёмнай зале, гледзячы на зыркую белізну экрана, па якой коса лёталі і падалі ў воблаках распластаныя аэрапланы, гулка гудучы, яны ціха перагаворваліся:
Читать дальше