Хтосьці таксама ляжыць цяпер — там, за сутоннем, што агорнула горад, за агароджаю могілак, у тым, што называецца склепам, магілаю. Але гэты хтосьці не капітан, не. Калі Чанг любіць і адчувае капітана, бачыць яго зрокам памяці, таго боскага, чаго ніхто не разумее, значыць, яшчэ з ім капітан: у тым беспачатковым і бясконцым свеце, што недаступны Смерці. У свеце гэтым павінна быць толькі адна праўда, — трацяя, — а якая яна — пра тое ведае той апошні Гаспадар, да якога ўжо хутка павінен вярнуцца і Чанг.
Васільеўскае, 1916
На могілках, над свежым гліняным насыпам, стаіць новы крыж з дубу, моцны, цяжкі, гладкі.
Красавік, дні шэрыя; помнікі на могілках, прасторных, павятовых, яшчэ далёка відны скрозь голыя дрэвы, і халодны вецер звініць і звініць фарфоравым вянком каля падножжа крыжа.
У самы ж крыж умайстраваны даволі вялікі бронзавы медальён, а ў медальёне — фатаграфічны партрэт гімназісткі з радаснымі, надзіва жывымі вачыма.
Гэта Оля Мяшчэрская.
Дзяўчынкаю яна нічым не вылучалася ў натоўпе карычневых гімназічных сукенак: што можна было сказаць пра яе, апроч таго, што яна з ліку харошанькіх, багатых і шчаслівых дзяўчатак, што яна здольная, але дураслівая і вельмі бестурботная да тых павучанняў, якія ёй робіць класная дама? Пасля яна стала квітнець, развівацца навідавоку. У чатырнаццаць гадоў у яе, пры тонкай таліі і стройных ножках, ужо добра абрысоўваліся грудзі і ўсе тыя формы, чароўнасці якіх яшчэ ніколі не выказала чалавечае слова; у пятнаццаць яна стала красуняю. Як старанна прычэсваліся некаторыя яе сяброўкі, як стараліся быць ахайнымі, як сачылі за сваімі стрыманымі рухамі! А яна нічога не баялася — ні чарнільных плям на пальцах, ні расчырванелага твару, ні раскудлачаных валасоў, ні заголенага на бягу калена. Без усякіх яе турботаў і намаганняў і неяк непрыкметна прыйшло да яе ўсё тое, што так адрознівала яе апошнія два гады ва ўсёй гімназіі, — зграбнасць, прыбранасць, спрытнасць, ясны бляск воч... Ніхто не танцаваў так на балях, як Оля Мяшчэрская, ніхто не бегаў так на каньках, як яна, ні да кога на балях не заляцалася столькі, колькі да яе, і чамусьці нікога не любілі так малодшыя класы, як яе. Непрыкметна стала яна дзяўчынаю, і непрыкметна замацавалася яе гімназічная слава, і пайшлі пагудкі ўжо, што яна ветраная, не можа жыць без паклоннікаў, што ў яе шалёна закаханы гімназіст Шэншын, што нібы і яна яго кахае, але да таго нясталая ў адносінах з ім, што ён рабіў замах на самагубства...
Апошняе свае зімы Оля Мяшчэрская зусім звар'яцела ад весялосці, як казалі ў гімназіі. Зіма была снежная, сонечная, марозная, рана апускалася сонца на высокі ельнік снежнага гімназічнага саду, заўсёды пагодлівае, прамяністае, яно абяцала і назаўтра мароз і сонца, гулянне на Саборнай вуліцы, каток у гарадскім садзе, ружовы вечар, музыку і гэты натоўп, што слізгаў на катку ва ўсе бакі, у якім Оля Мяшчэрская здавалася самай бесклапотнай, самай шчаслівай. І вось аднаго разу, на вялікай пераменцы, калі яна віхрам насілася па зборнай зале ад першакласніц, якія ганяліся за ёю і шчасліва вішчалі, яе нечакана пазвалі да начальніцы. Яна з разгону спынілася, зрабіла толькі адно глыбокае ўдыханне, шпаркім і ўжо прывычным жаночым рухам паправіла валасы, тарганула ражкі фартуха да плеч і, ззяючы вачыма, пабегла наверх. Начальніца, маладжавая, але сівая, спакойна сядзела з вязаннем у руках за пісьмовым сталом, пад царскім партрэтам.
— Добры дзень, mademoiselle [12] Дзяўчына, паненка (франц.).
Мяшчэрская, — сказала яна па-французску, не ўзнімаючы воч ад вязання. — Я, на жаль, ужо не першы раз вымушана вызываць вас сюды, каб гаварыць з вамі пра вашы паводзіны.
— Я слухаю, madame [13] Пані, васпані (франц.).
, — сказала Мяшчэрская, падыходзячы да стала, гледзячы на яе ясна і жвава, але без усялякага выразу на твары, і прысела так лёгка і грацыёзна, як толькі яна адна ўмела.
— Слухаць вы мяне будзеце дрэнна, я, на жаль, пераканалася ў гэтым, — сказала начальніца і, пацягнуўшы нітку і закруціўшы на лакіраванай падлозе клубок, на які з цікаўнасцю паглядзела Мяшчэрская, узняла вочы: — Я не буду паўтарацца, не буду гаварыць доўга, — сказала яна.
Мяшчэрскай вельмі падабаўся гэты незвычайна чысты і вялікі кабінет, які так добра дыхаў у марозныя дні цяплом блішчастай грубкі і свежасцю ландышаў на пісьмовым стале. Яна паглядзела на маладога цара, на ўвесь рост напісанага сярод нейкай бліскучай залы, на роўны прабор у малочных, акуратна гафрыраваных валасах начальніцы і, чакаючы, маўчала.
Читать дальше