Ноч жа настала страшная і дзівосная. Яна была чорная, трывожная, з бязладным ветрам і з такім поўным святлом у шумна настаўбурчаных вакол парахода хвалях, што часам Чанг, бегаючы за капітанам, які шпарка беспярэстанку гуляў па палубе, з віскам адскокваў ад борта. І капітан зноў узяў Чанга на рукі і, прыклаўшы шчаку да яго трапяткога сэрца, — яне ж білася зусім так, як і ў капітана, — прыйшоў з ім у самы канец палубы, на ют, і доўга стаяў там у цемнаце, зачароўваючы Чанга дзіўным і жахлівым відовішчам: з-пад высокай, велізарнай кармы, з-пад глухога бушавання вінта з сухім шоргатам сыпаліся мірыяды бела-агністых іголак, вырываліся і зараз жа адляталі ў снежную іскрыстую дарогу, што пракладаў параход, то вялізныя блакітныя зоры, то нейкія тугія сінія клубы, што ярка разрываліся і, патухаючы, таямніча дыміліся ў кіпучых вадзяных наварацях бледна-зялёным фосфарам. Вецер з розных бакоў моцна і мякка біў з цемры ў морду Чангу, раздзімаў і халадзіў густое футра на яго грудзях, і, моцна, па-сваяцку прыціскаючыся да капітана, адчуваў Чанг пах як бы халоднай серкі, дыхаў успучанымі вантробамі марскіх глыбінь, а карма дрыжала, яе апускала і падымала нейкай вялікай і невыказна свабоднай сілай, і ён гойдаўся, гойдаўся, узбуджана азіраючы гэтую сляпую і цёмную, але сто разоў жывую, глуха раз'ятраную бездань. І часам якая-небудзь шалёная і цяжкая хваля, з шумам пралятаючы міма кармы, жудасна асвечвала рукі і срэбранае капітанава адзенне...
Гэтае ночы капітан прывёў Чанга ў сваю каюту, вялікую і ўтульную, мякка асветленую лямпаю пад чырвоным шаўковым абажурам. На пісьмовым стале, цесна пастаўленым каля капітанавага ложка, стаялі там, у цяні і ў святле лямпы, два фатаграфічныя партрэты: харошанькая сярдзітая дзяўчынка ў кудзерах, якая капрызна і вольна сядзела ў глыбокім крэсле, і маладая дама, сфатаграфаваная бадай што на ўвесь рост, з карункавым белым парасонам на плячы, у карункавым вялікім капялюшыку і ў стройнай вясновай сукенцы, — зграбная, тонкая, гожая і засмучаная, як грузінская царэўна. І капітан сказаў, раздзяваючыся пад шум чорных хваляў за адчыненым акном:
— Не будзе, Чанг, любіць нас з табою гэтая жанчына! Ёсць, брат, жаночыя душы, якія ў вечнай пакуце тужліва смагнуць любові і якія ад гэтага самага ніколі і нікога не любяць. Ёсць такія — і як вінаваціць іх за ўсю іх бессардэчнасць, падманнасць, за мары аб сцэне, аб уласным аўтамабілі, аб пікніках на яхтах, аб якім-небудзь спартсмене, што раздзірае свае затлушчаныя ад фіксатуару валасы на роўны рад? Хто іх разгадае? Кожнаму сваё, Чанг, і ці не ідуць яны за найпатаемнейшым голасам самой Тао, як ідзе за ім якое-небудзь марское стварэнне, што вольна жыхарыць вось у гэтых чорных, агніста-панцырных хвалях?
— У-у! — сказаў капітан, сядаючы на крэсла, матаючы галавою і развязваючы шнуркі белага чаравіка. — Што толькі было са мною, Чанг, калі я першы раз адчуў, што яна ўжо не зусім мая, — тае ночы, калі яна першы раз адна была на яхт-клубскім балі і вярнулася пад раніцу, як пабляклая ружа, бледная ад стомленасці і яшчэ не сцішанага ўзбуджэння, з вачыма спрэс цёмнымі, расшыранымі і далёкімі ад мяне! Калі б ты ведаў, як невыказна тонка хацела яна абдурыць мяне, з якім простым здзіўленнем запыталася ў мяне: «А ты яшчэ не спіш, бедны?» Тут я нават слова не мог выгаварыць, і яна адразу зразумела мяне і змоўкла, — толькі скоранька зірнула на мяне, — і моўчкі пачала раздзявацца. Я хацеў забіць яе, але яна суха і спакойна сказала: «Памажы мне расшпіліць ззаду сукенку» — і я пакорліва падышоў і пачаў задрыжэлымі рукамі адшпільваць гэтыя аплікі і кнопкі — і як толькі ўгледзеў у раскрытай сукенцы яе цела, яе міжплечча і сарочку, спушчаную з плеч і засунутую за гарсэт, як толькі пачуў пах яе чорных валасоў і зірнуў у асвечанае трумо, якое адлюстроўвала яе грудзі, паднятыя гарсэтам...
І, не дагаварыўшы, капітан махнуў рукою. Ён раздзеўся, лёг і патушыў агонь, і Чанг, пераварочваючыся і ўкладаючыся ў саф'янавым крэсле каля пісьмовага стала, бачыў, як успорвалі чорную плашчаніцу мора, успыхваючы і патухаючы, палосы белага полымя, як па чорным гарызонце злавесна мільгалі нейкія агні, як адтуль прыбягала часамі і з грозным шумам вырастала вышэй за борт і зазірала ў каюты страшная жывая хваля, — нейкі казачны змей, увесь наскрозь прасвечаны самацветнымі вачыма, празрыстымі ізумрудамі і сапфірамі, — і як параход адпіхаў яе прэч і роўна бег далей, сярод цяжкіх і зыбучых мас гэтай першатворнай, нам ужо чужой і варожай прыроды, што называецца акіянам...
Читать дальше