Дні пасля былі ўсякія: то агнём смаліла з зіхоткага блакіту сонца, то гарамі нагрувашчваліся і разлягаліся страшным громам хмары, то патопамі абрушваліся на параход і на мора буйныя ліўні; але гойдала, гойдала беспярэстанку, нават і ў часе стаянак. Дарэшты замучаны, ні разу за цэлых тры тыдні не пакінуў Чанг свайго кутка ў гарачым, напалову цёмным калідоры сярод пустых кают другога класа, на юне, каля высокага парога дзвярэй на палубу, якія адчыняліся толькі раз у суткі, калі капітанаў веставы прыносіў Чангу паесці. І ад усяе дарогі да Чырвонага мора асталіся ў памяці ў Чанга толькі цяжкія скрыпы пераборак, млоснасць і заміранне сэрца, якое то ляцела разам з дрыжаннем кармы некуды ў прорву, то ўзносілася ў неба, ды калючы, смяротны жах, калі аб гэтую высока паднятую і раптам зноў хіснутую набок карму, што грымела вінтом у паветры, з гарматным стрэлам разбівалася цэлая вадзяная гара, якая тушыла дзённае святло ў ілюмінатарах і пасля сцякала па іх тоўстых шыбах мутнымі пацёкамі. Чуў хворы Чанг далёкія камандныя крыкі, грымучыя боцманавы свісткі, тупат матроскіх ног недзе над галавою, чуў плёскат і шум вады, распазнаваў прыплюшчанымі вачыма цемнаваты калідор, загрувашчаны рагожнымі пакамі гарбаты, — і шалеў, п'янеў ад моташнасці, гарачыні і моцнага гарбатнага паху...
Але тут Чангаў сон абрываецца.
Чанг уздрыгвае і расплюшчвае вочы: гэта ўжо не хваля з гарматным стрэлам ударыла ў карму — гэта грымнулі недзе ўнізе дзверы, з размаху некім кінутыя. І следам за гэтым моцна адкашліваецца і паволі ўстае з свайго праціснутага ложа капітан. Ён нацягвае на ногі і зашнуроўвае стаптаныя чаравікі, апранае выцягнутую з-пад падушкі чорную тужурку з залатымі гузікамі і ідзе да камоды, між тым як Чанг, у сваім рыжым паношаным футэрку, нездаволена, з віскам пазяхае, падняўшыся з падлогі. На камодзе стаіць пачатая пляшка гарэлкі. Капітан п'е проста з рыльца і, трохі задыхнуўшыся і аддыхваючыся ў вусы, падыходзіць да каміна, налівае ў місачку, якая стаіць каля яго, гарэлкі Чангу. Чанг прагна пачынае хлябтаць. А капітан закурвае і зноў кладзецца — чакаць таго часу, пакуль зусім развіднее. Ужо чутно, як недзе гудзе трамвай, ужо ліецца далёка ўнізе, на вуліцы, бясконцае цоканне капытоў па бруку, але выходзіць яшчэ рана. І капітан ляжыць і паліць. Пахлябтаўшы, кладзецца і Чанг. Ён ускоквае на ложак, скручваецца клубочкам у нагах у капітана і павольна заплывае ў той шчаслівы стан, які заўсёды дае гарэлка. Прыплюшчаныя вочы яго туманяцца, ён слаба глядзіць на гаспадара і, адчуваючы ўсё больш і больш пяшчоты да яго, думае тое, што можна выказаць па-чалавечы так: «Ах, дурны, дурны! Ёсць толькі адна праўда!» І зноў не то сніцца, не то думаецца Чангу тая далёкая раніца, калі пасля пакутлівага, няўрымслівага акіяна ўвайшоў параход, які плыў з Кітая з капітанам і Чангам у Чырвонае мора...
Сніцца яму:
Мінаючы Пярым, усё павольней, нібы закалыхваючы, размахваўся параход, і агарнуў Чанга салодкі і глыбокі сон. І раптам Чанг прачнуўся. І, прачнуўшыся, здзівіўся немаведама як: усюды было ціха, паволі дрыжала і нікуды не падала карма, роўна шумела вада, што бегла недзе за сценамі, цёплы кухонны пах, якім цягнула з-пад дзвярэй на палубу, быў чароўны... Чанг прыўзняўся і паглядзеў у пустую кают-кампанію: там, у змроку, мякка свяцілася нешта залаціста-ліловае, нешта ледзьве прыкметнае воку, але надзвычай радаснае — там, у сонечна-блакітную пустату, на прастор, на паветра, былі адчынены заднія ілюмінатары, а па нізкай столі струменіліся, цяклі і не сцякалі вілёнчастыя люстраныя ручаі... І здарылася з Чангам тое самае, што не раз здаралася ў тыя часы і з яго гаспадаром, капітанам: ён раптам зразумеў, што існуе ў свеце не адна, а дзве праўды — адна тая, што жыць на свеце і плаваць жахліва, а другая... Але пра другую Чанг не паспеў дадумаць: у нечакана расчыненых дзвярах ён убачыў трап на спардэк, чорную бліскучую аграмадзіну параходнай трубы, яснае неба летняе раніцы і капітана, які скоранька ішоў з-пад трапа, з машыннага аддзялення, вымыты і выбрыты, абданы свежасцю адэкалону, з паднятымі па-нямецку русымі вусамі, з бліскучым поглядам зоркіх светлых воч, ва ўсім тугім і бялюткім. І, убачыўшы ўсё гэта, Чанг так радасна рвануўся наперад, што капітан на ляту падхапіў яго, цмокнуў у галаву і, павярнуўшы назад, за тры скокі выскачыў, на руках з ім, на спардэк, на верхнюю палубу, а адтуль яшчэ вышэй, на той самы мосцік, дзе так страшна было ў вусці вялікай кітайскай рэчкі.
На мосціку капітан увайшоў у штурманскую рубку, а Чанг, кінуты на падлогу, крыху пасядзеў, трубою распушыўшы па гладкіх дошках свой лісіны хвост. Ззаду ў Чанга было вельмі горача і светла ад невысокага сонца. Горача, мабыць, было і ў Аравіі, якая блізка праходзіла справа сваім залатым прыбярэжжам і сваімі чорна-карычневымі гарамі, сваімі спічакамі, падобнымі на горы мёртвай планеты, таксама глыбока засыпанымі сухім золатам, — усёй сваёй пясчана-гарыстай пустыняю, відною надзвычай выразна, так, што здавалася, туды можна пераскочыць. А наверсе, на мосціку, яшчэ адчувалася раніца, яшчэ цягнула лёгкай свежасцю, і бадзёра гуляў узад і ўперад памочнік капітана, — той самы, што пасля так часта да шаленства даводзіў Чанга, дзьмухаючы яму ў нос, — чалавек у белым адзенні, у белым шлеме і ў страшных чорных акулярах, які ўсё паглядаў на паднябесную вышыню пярэдняй мачты, над якой белым страўсавым пяром кучаравілася танюткая аблачынка... Пасля капітан крыкнуў з рубкі: «Чанг! Каву піць!» І Чанг зараз жа ўскочыў, абабег рубку і спрытна сігануў цераз яе медзяны парог. І за парогам аказалася яшчэ лепш, чым на мосціку: там была шырокая скураная канапа, прыробленая да сцяны, над ёю віселі нейкія з шкляным бляскам і стрэлкамі штукі накшталт круглага насценнага гадзінніка, а на падлозе стаяла паласкальніца з бурдою з салодкага малака і хлеба. Чанг пачаў прагна хлябтаць, а капітан заняўся справаю: ён разгарнуў на стойцы, што была пад акном супроць канапы, вялікую марскую карту і, палажыўшы на яе лінейку, цвёрда прарэзаў чырвоным чарнілам доўгую палоску. Чанг, перастаўшы хлябтаць, з малаком на вусах, падскочыў і сеў на стойцы каля самага акна, за якім сінела адкладным каўняром прасторная кашуля матроса, што стаяў спінаю да акна перад калясом з рагамі. І тут капітан, які, як выявілася пасля, вельмі любіў пагаварыць, калі быў адзін на адзін з Чангам, сказаў Чангу:
Читать дальше