Востраў Капры быў сыры і цёмны ў гэты вечар. Але тут ён на хвіліну ажыў, сям-там асвяціўся. На версе гары, на пляцоўцы фунікулёра, ужо зноў стаяў натоўп тых, на абавязку каго ляжала як мае быць прыняць пана з Сан-Францыска. Былі і іншыя прыезджыя, але якія не заслугоўвалі ўвагі, — некалькі расейцаў, што пасяліліся на Капры, неахайных і рассеяных, у акулярах, з бародамі, з настаўленымі каўнярамі старэнькіх палітэчкаў, і кампанія даўганогіх, круглагаловых нямецкіх юнакоў у цірольскіх гарнітурах і з кужэльнымі торбамі за плячыма, якія не мелі патрэбы ні ў чыіх паслугах, усюды адчувалі сябе як дома і былі зусім не шчодрыя на траты. Пан жа з Сан-Францыска, які спакойна стараніўся і тых і другіх, быў адразу заўважаны. Яму і яго дамам паспешліва памаглі выйсці, перад ім пабеглі наперад, паказваючы дарогу, яго зноў акружылі хлапчукі і тыя мажныя капрыйскія бабы, што носяць на галовах чамаданы і куфры прыстойных турыстаў. Застукалі па маленькай, як бы опернай плошчы, над якой гайдаўся ад вільготнага ветру электрычны шар, іхнія драўляныя хадакі на нагах, па-птушынаму засвістала і закулялася цераз галаву чарада хлапчукоў — і як па сцэне пайшоў сярод іх пан з Сан-Францыска да якойсьці сярэднявечнай аркі пад злітымі ў адно дамамі, за якімі пуката вяла да ярка-светлага наперадзе пад'езда гатэля звонкая вулічка з віхрам пальмы над пляскатымі стрэхамі налева і сінімі зорамі на чорным небе ўверсе, спераду. І ўсё было падобна, што гэта ў гонар гасцей з Сан-Францыска ажыў каменны сыры гарадок на скалістым астраўку ў Міжземным моры, што гэта яны зрабілі такім шчаслівым і гасцінным гаспадара гатэля, што толькі іх чакаў кітайскі гонг, які завыў па ўсіх паверхах збор на абед, ледзь толькі ступілі яны ў вестыбюль.
Гаспадар, вельмі элегантны малады чалавек, які ветліва і вытанчана пакланіўся і сустрэў іх, на імгненне здзівіў пана з Сан-Францыска; зірнуўшы на яго, пан з Сан-Францыска раптам успомніў, што сёння ўночы, сярод іншай блытаніны, якая адольвала яго ў сне, ён бачыў іменна гэтага джэнтльмена, акурат такога ж, як гэты, у той жа візітцы з круглымі крысамі і з той жа люстрана прычэсанай галавою. Здзіўлены, ён нават ледзь быў не спыніўся. Але як у душы ў яго ўжо даўным-даўно не асталося нават ні макавага зерня якіх-небудзь так званых містычных адчуванняў, дык зараз жа і памеркла яго здзіўленне: жартам сказаў ён пра гэта дзіўнае супадзенне сну і рэчаіснасці жонцы і дачцэ, праходзячы па калідоры гатэля. Дачка, аднак, з трывогаю зірнула на яго ў гэтую хвіліну: сэрца яе раптам сціснула туга, пачуццё страшэннай адзіноты на гэтым чужым, цёмным востраве...
Толькі што выехала высокая асоба, якая гасцявала на Капры, — Рэйс XVII. І гасцям з Сан-Францыска далі тыя ж самыя апартаменты, якія займаў ён. Да іх прыставілі самую прыгожую і здатную пакаёўку, бельгійку, з тонкім і цвёрдым ад гарсэта станам і ў крухмалёвым каптурыку накшталт маленькай зубчастай кароны, самага статнага з лёкаяў, вугляна-чорнага, агнявокага сіцылійца, і самага пракідкога калідорнага, маленькага і поўнага Луіджы, які перамяніў шмат падобных месцаў на сваім вяку. А праз хвіліну ў дзверы пакоя пана з Сан-Францыска лёгенька стукнуў француз метрдатэль, які заявіўся, каб даведацца, ці будуць паны прыезджыя абедаць, і ў выпадку сцвярджальнага адказу, у якім, дарэчы, не было сумнявання, далажыць, што сёння лангуст, ростбіф, спаржа, фазаны і гэтак далей. Падлога яшчэ хадзіла пад панам з Сан-Францыска — так закалыхаў яго гэты паскудны параходзік, — але ён не спяшаючыся, уласнаручна, хоць з непрывычкі і не зусім спрытна, зачыніў акно, якое грукнула, калі ўваходзіў метрдатэль, і ў якое тхнула пахам далёкай кухні і мокрых кветак у садзе, і з нетаропкай выразнасцю адказаў, што абедаць яны будуць, што столік ім павінен быць пастаўлены далей ад дзвярэй, у самай глыбіні залы, што піць яны будуць віно тутэйшае, і кожнаму яго слову метрдатэль падтакваў у самых разнастайных інтанацыях, якія мелі, аднак, толькі той сэнс, што няма і не можа быць сумнявання ў праваце жадання пана з Сан-Францыска і што ўсё будзе выканана дакладна. Напаследак ён схіліў галаву і далікатна папытаўся:
— Усё, сэр?
І, атрымаўшы ў адказ павольнае «yes» [6] Але (англ.).
, дадаў, што сёння ў іх у вестыбюлі тарантэла — танцуюць Кармела і Джузепе, вядомыя ўсёй Італіі і «ўсяму свету турыстаў».
— Я бачыў яе на паштоўках, — сказаў пан з Сан-Францыска голасам, які нічога не выказваў. — А гэты Джузепе — яе муж?
— Стрыечны брат, сэр, — адказаў метрдатэль.
Читать дальше