Маршрут быў выпрацаваны панам з Сан-Францыска вялікі. У снежні і ў студзені ён спадзяваўся цешыцца сонцам Паўднёвай Італіі, помнікамі старажытнасці, тарантэлай, серэнадамі вандроўных спевакоў і тым, што людзі ў яго гады адчуваюць асабліва тонка, — каханнем маладзенькіх неапалітанак, няхай нават і не зусім бескарысным; карнавал ён думаў правесці ў Ніццы, у Монта-Карла, куды ў гэты час сцякаецца ўсё адборнае людства, — тое самае, ад якога залежыць увесь дабрабыт цывілізацыі: і фасон смокінгаў, і трываласць тронаў, і абвяшчэнне вайны, і добраўпарадкаванасць гатэляў, — дзе адны заўзята пускаюцца ў аўтамабільныя і парусныя перагонкі, другія ў рулетку, трэція ў тое, што зазвычай завуць фліртам, а чацвертыя — у стралянне па галубах, якія вельмі прыгожа ўзвіваюцца з садкоў над ізумрудным газонам, на фоне мора колеру незабудак, і зараз жа стукаюцца белымі камячкамі аб зямлю; пачатак сакавіка ён хацеў прысвяціць Фларэнцыі, на перадвелікодны тыдзень прыехаць у Рым, каб слухаць там Miserere [3] «Злітуйся» (лац.) — каталіцкая малітва.
; уваходзілі ў яго планы і Венецыя, і Парыж, і бой быкоў у Севільі, і купанне на ангельскіх астравах, і Афіны, і Канстанцінопаль, і Палесціна, і Егіпет, і нават Японія, — вядома, па дарозе ўжо назад... І ўсё пайшло спачатку як лепш не трэба.
Быў канец лістапада, да самага Гібралтара давялося плысці то ў ледзяной імгле, то сярод буры з мокрым снегам; але плылі даволі шчасліва. Пасажыраў было многа, параход — вядомая «Атлантыда» — быў падобны на велічэзны гатэль з усімі выгодамі, — з начным барам, з усходнімі лазнямі, з сваёю газетаю, — і жыццё на ім працякала вельмі роўна: прачыналіся рана, пад трубныя гукі, што рэзка разносіліся па калідорах яшчэ ў той змрочлівы час, калі так павольна і непрыветна развіднівала над шэра-зялёнай вадзяной пустэльняй, што цяжка хвалявалася ў тумане; накінуўшы фланелевыя піжамы, пілі каву, шакалад, какаву; пасля садзіліся ў ванны, рабілі гімнастыку, выклікаючы апетыт і добрае самаадчуванне, спраўлялі дзённыя туалеты і ішлі на першы сняданак; да адзінаццаці гадзін належала бадзёра гуляць па палубах, дыхаючы халоднай свежасцю акіяна, або гуляць у шэфль-борд і другія гульні, каб выклікаць новы апетыт, а ў адзінаццаць — падмацоўвацца бутэрбродамі з булёнам; падмацаваўшыся, з прыемнасцю чыталі газету і спакойна чакалі другога сняданку, яшчэ больш пажыўнага і разнастайнага, чым першы; наступныя дзве гадзіны займаліся адпачынкам; усе палубы былі застаўлены тады доўгімі чаратовымі крэсламі, на якіх падарожнікі ляжалі, панакрываўшыся пледамі, гледзячы на воблачнае неба і на пеністыя ўзгоркі, што мільгалі за бартом, альбо соладка дрэмлючы; а пятай гадзіне іх, пасвяжэлых і павесялелых, паілі моцнай духмянай гарбатай з печывам; у сем апавяшчалі трубнымі сігналамі аб тым, што складала галоўную мэту ўсяго гэтага існавання, вяршыню яго... І тут пан з Сан-Францыска, паціраючы ад прыліву жыццёвых сіл рукі, спяшаўся ў сваю багатую кабіну — надзявацца.
Вечарамі паверхі «Атлантыды» ззялі ў змроку як бы агністымі незлічонымі вачыма, і вялікае мноства слуг працавала ў кухарскіх, пасудамыйнях і вінных скляпах. Акіян, што хадзіў за сценамі, быў страшны, але пра яго не думалі, цвёрда верачы ва ўладу над ім камандзіра, рыжага чалавека неймавернай велічыні і грузнасці, заўсёды нібы соннага, падобнага ў сваім мундзіры з шырокімі залатымі нашыўкамі на страшэннага ідала, і які рэдка паяўляўся на людзі з сваіх таямнічых пакояў; на баку штохвіліны выла са страшэннай змрочнасцю і вішчала з шалёнай злосцю сірэна, але не вельмі хто на абедзе чуў сірэну — яе заглушалі гукі найдзівоснейшага струннага аркестра, які вытанчана і нястомна іграў у мармуровай з двухбаковым асвятленнем зале, высланай аксамітнымі дыванамі, святочна залітай агнямі, перапоўненай дэкальтаванымі дамамі і мужчынамі ў фраках і смокінгах, стройнымі лёкаямі і пачцівымі метрдатэлямі, сярод якіх адзін, той, што прымаў заказы толькі на віны, хадзіў нават з ланцугом на шыі, як які-небудзь лорд-мэр. Смокінг і крухмаленая бялізна вельмі маладзілі пана з Сан-Францыска. Сухі, невысокі, няскладна скроены, але моцна сшыты, ён сядзеў у залаціста-жамчужным ззянні гэтага пакоя за пляшкаю віна, за келіхамі і кілішкамі танюткага шкла, за кучаравым букетам гіяцынтаў. Нешта мангольскае было ў яго жаўтаватым твары з падстрыжанымі сярэбранымі вусамі, залатымі пломбамі блішчалі яго буйныя зубы, старой слановай косцю — моцная лысая галава. Багата, але па гадах была адзета яго жонка, жанчына мажная, шырокая і спакойная; складана, але лёгка і празрыста, з цнатлівай адкрытасцю — дачка, высокая, тонкая, з найпякнейшымі валасамі, цудоўна прыбранымі, з духмяным ад фіялкавых ласункаў дыханнем і з найпяшчотнейшымі ружовымі прышчынкамі каля губ і між лапатак, трошкі прыпудраных... Абед цягнуўся больш за гадзіну, а пасля абеду пачыналіся ў бальнай зале танцы, у часе якіх мужчыны, — у тым ліку, вядома, і пан з Сан-Францыска, — задраўшы ногі, вырашалі на падставе апошніх біржавых навін лёс народаў, да маліновай чырвані твараў накурваліся гаванскімі цыгарамі і напіваліся лікёрамі ў бары, дзе служылі мурыны ў чырвоных камізэльках, з бельмамі, падобнымі на аблупленыя курыныя яйкі. Акіян з гудзеннем хадзіў за сцяною чорнымі гарамі, завіруха моцна свістала ў ацяжэлых снасцях, параход увесь дрыжаў, адольваючы і яе, і гэтыя горы, — як плугам развальваючы на бакі іх хісткія аграмадзіны, што сюд-туд ускіпалі і ўзвіваліся пеністымі хвастамі, — у смяротнай нудзе стагнала здушаная туманам сірэна, мерзлі ад сцюжы і шалелі ад непасільнага напружання ўвагі вахтавыя на сваёй вышцы, на змрочныя і спякотлівыя нетры пекла, на яе апошні, дзевяты круг была падобна падводная ўтроба парахода, — тая, дзе глуха гігікалі вялізныя печы, што пажыралі сваімі распаленымі зяпамі горы каменнага вугалю, які з грукатам укідаўся ў іх аблітымі едкім, брудным потам і па пояс голымі людзьмі, барвовымі ад полымя; а тут, у бары, бесклапотна закідвалі ногі на ручкі крэслаў, цадзілі каньяк і лікёры, плавалі ў хвалях востра пахучага дыму, у танцавальнай зале ўсё зіхацела і тачылася святлом, цяплом і радасцю, пары то кружыліся ў вальсах, то згіналіся ў танга — і музыка настойліва, у нейкай млява-бессаромнай тузе маліла ўсё аб адным, усё аб тым жа... Быў сярод гэтага бліскучага натоўпу нейкі вялікі багатыр, голены, доўгі, падобны на прэлата, у старамодным фраку, быў знакаміты гішпанскі пісьменнік, была сусветная красуня, была зграбная закаханая пара, за якой усе з цікаўнасцю сачылі і якая не таіла свайго шчасця: ён танцаваў толькі з ёю, і ўсё выходзіла ў іх так тонка, чароўна, і толькі адзін камандзір ведаў, што гэтая пара згоджана Лойдам гуляць у каханне за добрыя грошы і ўжо даўно плавае то на адным, то на другім караблі.
Читать дальше